У гендырэктаркі тэлеканала «Дождь» дыягнаставалі рак грудзей
02.02.2020 / 19:58
Генеральны дырэктар раcійскага незалежнага тэлеканала «Дождь» Наталля Сіндзеева ў сваім інтэрв'ю з журналістам Кацярынай Гардзеевай распавяла, што ў снежні 2019-а ёй паставілі дыягназ «рак грудзей». Паводле яе слоў, першы час ёй было цяжка вымавіць слова «рак», піша lenta.ru.
У выпуску праграмы «Сіндзеева» абмяркоўваліся праблемы расійскай медыцыны, табуіраванасці анкалогіі ў грамадстве і падтрымка людзей, якія сутыкнуліся з гэтай хваробай. Сіндзеева распавяла, што ёй не падабаюцца словы «змагацца з ракам», бо яна з ім не змагаецца. «Я яго прыняла ўнутр сябе, зразумела, што, чувак, нам трэба неяк з табой пажыць і разабрацца», — падзялілася яна.
На думку Сіндзеевай, пра хваробу трэба казаць, бо гэта дапаможа вырашыць частку праблем — псіхалагічных і практычных. Яна распавяла, што знаёмыя, калі даведваліся пра яе захворванне, давалі парады па дактарах ці кнігах, якія варта прачытаць. «І гэта вельмі карысна, бо ніхто ў цябе не сядзіць на галаве, але табе даюць падказкі», — распавяла Сіндзеева і дадала, што калі б яна хавала хваляванні ў сабе, то пачала б «заганяць сябе ва ўсё гэта».