Польшча купляе ў ЗША 32 новыя знішчальнікі F-35

31.01.2020 / 07:58

Чакаецца, што 32 самалёты F-35A разам з лагістычнымі і навучальнымі пакетамі абыдуцца Варшаве ў 4,6 мільярда даляраў, піша ria.ru.

Польскае кіраўніцтва надае вялікае значэнне гэтай угодзе. Міністр абароны Марыюш Блашчак некалькі разоў ездзіў у ЗША асабіста дамаўляцца пра пастаўкі. На цырымоніі падпісання будзе прысутнічаць прэзідэнт краіны Анджэй Дуда.

«Гаворка ідзе пра тое, каб магчымы супернік разумеў сутнасць таго, што калі ён нападзе на нашу бацькаўшчыну Польшчу, то сустрэнецца з рашучым супрацівам, таму што гэта ўзбраенне такі адказ можа забяспечыць», — заявіў Блашчак.

Першапачаткова дзярждэпартамент і кангрэс ЗША ўхвалілі продаж Польшчы 32 самалётаў F-35 на суму 6,5 мільярда даляраў. Пасля шэрагу перамоваў цану ўдалося зменшыць.

F-35 прыйдуць на змену знішчальнікам МіГ-29 савецкай вытворчасці, якія дагэтуль на ўзбраенні ВПС Польшчы. У распараджэнні польскіх ваенных такіх машын да 30 штук. За паўтара года ў авіякатастрофах былі страчаныя тры машыны. Адзін пілот загінуў.

Nashaniva.com