Памятаеце «чароўнага трусіка»? Ён цяпер працуе дырыжорам і выступае на канцэртах у беларускай амбасадзе

Юра Дземідовіч стаў зоркай пасля ўдзелу ў дзіцячым Еўрабачанні. Яго песня «Чароўны трусік» імгненна разляцелася на мемы.

01.02.2020 / 12:01

Цяпер хлопцу 23 гады. Ён вучыцца на сімфанічнага дырыжора ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Чайкоўскага і займаецца акадэмічным вакалам. Кажа, што паступаў па агульным конкурсе.

Пры гэтым у чацвёртакурсніка шмат працы.

«На 90% яна звязана з вакалам. Выступаю шмат у беларускай амбасадзе, на ўсякіх урадавых канцэртах у Маскве. Нядаўна быў на карпаратыве генштаба АДКБ. У асноўным выконваю акадэмічную музыку.

«Чароўнага трусіка» просяць спець (смяецца). Але я не выконваю. Не таму што прынцыпы, проста гэта песня сваё аджыла, яна для дзіцячага ўзросту».

Хлопец анансуе, што вось-вось выпусціць свае першыя тры поп-трэкі, словы і музыку да якіх напісаў сам.

Таксама Юра працуе дырыжорам у аркестрах кансерваторыі. Плюс запрашаюць выступаць розныя маскоўскія аркестры.

«Я ж не першы год у Маскве. За гэты час выступаў на конкурсах, канцэртах, і гэтак сама сабой праца знаходзіцца, — тлумачыць студэнт, адкуль у яго столькі замоў. — Ці дапамагае слава Еўрабачання? Я гэта вельмі ўмела хаваю (смяецца). Нешта ўнутры не дазваляе гэтым казыраць.

Я ўжо зусім іншы чалавек, і мне прыемна, калі ацэньваюць маю сённяшнюю працу, а не тое што: о, «трусік», трэба яго паклікаць.

Але, канечне ж, без гэтага не абыходзіцца. Многія пазнаюць. Неяк быў канцэрт у Вялікай зале маскоўскай кансерваторыі, і на генеральнай рэпетыцыі з аркестрам прафесар такі кажа мне: «А вы, аказваецца, зорка». Калі друкавалі афішы, ён не ведаў, як пішацца маё прозвішча, і загугліў — там адразу «трусіка» выдала. А пасля канцэрта прафесар прадставіў мяне як выбітнага артыста беларускай эстрады».

Ці вернецца пасля акадэміі на беларускую сцэну, Юра пакуль не ведае. Кажа, у прыярытэце Масква, бо тут ужо ёсць глеба для далейшага развіцця. У Беларусі ён зараз з’яўляецца рэдка, толькі каб пабачыць сяброў і бацькоў.

У вольны час хлопец займаецца спортам.

«Абажаю футбол. Я прыхільнік «Барселоны». Калі ёсць час, гляджу матчы, чытаю агляды. Мы з хлопцамі-музыкантамі збіраемся разы два на месяц, арэндуем манеж і гуляем у футбол.

Трэнажорную залу стараюся наведваць. Але люблю і плаванне, і вялікі тэніс. Улетку, калі прыязджаю у Мінск, заўсёды з сябрамі ходзім на корт».

НЛ