Пра што маўчаў Пётра Сергіевіч

А хто там ідзе па бітай дарозе? А што яны нясуць на сваіх плячах? Жанчына трымае на руках дзіця. Дужы мужчына сагнуўся пад цяжкімі клункамі. Зялёныя ўзгоркі, лагчыны, адзінокая бярозка, справа — вялікае пахілае дрэва з панура-зялёным лісцем, злева, на ўзбочыне дарогі — палявы камень. Удалечыні хмарнае неба, са светлымі палоскамі кволай надзеі. Гэта беларусы, якія не маюць дзе прытуліцца на роднай зямлі пад чужой уладай.

19.07.2024 / 18:36

Пятро Сергіевіч. Шляхам жыцця. З калекцыі Музея Янкі Купалы

Спачатку гэтую карціну Сергіевіч назваў «Эмігранты». Яна была напісаная ў 1934 годзе, калі эміграцыя была часам адзіным выйсцем для многіх людзей — як і цяпер. Пасля мастак зменіць яе назву на больш філасофскую і больш абагульненую, з Янкі Купалы: «Шляхам жыцця».

Пётра Сергіевіч нарадзіўся у 1900 годзе ў вёсцы Стаўрова над Богінскім возерам на Браслаўшчыне, але ўсё сваё мастакоўскае жыццё правёў у Вільні. Гэта быў яшчэ не літоўскі Вільнюс. Гэта быў «польскі час», гэта быў горад, дзе большасць жыхароў складалі яўрэі, і гэта быў цэнтр беларускага адраджэння, дзе працавалі ці змагаліся — або працавалі ды змагаліся — Адам Станкевіч, Антон Луцкевіч, Максім Танк, Францішак Аляхновіч, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя знакавыя беларускія дзеячы.

Сергіевіч вучыўся ва Універсітэце Стэфана Баторыя на факультэце прыгожых мастацтваў пад кіраўніцтвам іншага класіка беларускага мастацтва — Фердынанда Рушчыца, якога лічыў сваім дабрадзеем; там была ягоная майстэрня, і нават афіцыйнае званне заслужанага дзеяча мастацтва ён атрымаў у Літоўскай ССР, а не ў БССР пры ўсёй сваёй падкрэсленай, не фармальнай беларускасці. 

Чужы сярод сваіх

Калі ў Вільні ён быў паважаным і сваім, то іначай было ў БССР, у Мінску. З 600 твораў, якія стварыў мастак за сваё 84-гадовае жыццё, у Беларусі захоўваецца — прычым некаторыя не выстаўляліся ўвогуле — нямногім больш за 70, улічваючы і прыватныя зборы.

Званар. 1946 год. Перададзены ў Нацыянальны мастацкі музей з Купалаўскага тэатра ўзамен за партрэт народнага артыста БССР Віктара Тарасава пэндзля Яўгена Харытоненкі

Першая выстава твораў Пётры Сергіевіча ў Мінску планавалася яшчэ ў 1941 годзе, але рэальна яна была арганізавана ў Дзяржаўным мастацкім музеі толькі ў 1962 годзе па рэкамендацыі Міністэрства культуры Літвы. Уганараваныя званнямі і рэгаліямі мастакі Беларусі звысока глядзелі на сівога калегу з Вільні. Сергіевіч губляўся на адкрыцці сваёй выставы: дзякаваў і не аспрэчваў нічыіх крытычных заўваг.

Для ветэранаў нядаўняй вайны і мастакоў-партызанаў Сергіевіч быў падазроны: хоць і не калабарацыяніст, але ж арганізоўваў у Вільні выставу ў 1943 годзе «пад немцамі», працаваў у акупаваным Мінску.

Многія шапталіся, што ў пабудаваным перад вайной касцёле ў Солах пад Смаргонню пад чырвонай фарбай, якой новая ўлада хуценька замалявала антыбальшавіцкія роспісы, менавіта Сергіевіч намаляваў «Цуд над Віслай», дзе польскія жаўнеры гоняць бальшавікоў арміі Міхаіла Тухачэўскага. Пры рэстаўрацыі ўжо ў ХХІ стагоддзі роспісы аднавілі. 

У Мінск, аднак, Сергіевіч ездзіў даволі часта. Але сябраваў з нямногімі: Максімам Танкам, Уладзіславай Луцэвіч (жонкай Янкі Купалы) ды з Мікалаем Дучыцам, з якім яны разам працавалі як мастакі ў Чырвоным касцёле ў ваенны час. Ён напісаў партрэты гэтых сваіх мінскіх сяброў, як і многіх іншых, — спевака Міхала Забэйды-Суміцкага, Янкі Шутовіча, Зоські Верас, Антона Луцкевіча… Толькі што гэта ўсё не былі савецкія бонзы.

Заказамі ўлады БССР яго не песцілі. Праўда, сапраўдныя знаўцы мастацтва адчувалі, што маюць справу з вялікім творцам. 

Алена Аладава, дырэктарка Дзяржаўнай карціннай галерэі, якая з часам стане Дзяржаўным мастацкім музеем, пачала купляць творы мастака з партрэта яго стрыечнага брата — партызана Федзі (1946). 

Партрэт Івана Луцкевіча. 1933 год. З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея.

Другую карціну — «Аўтапартрэт» (1946), а таксама 4 графічныя творы, Дзяржаўны мастацкі музей купіў з персанальнай выставы толькі праз 32 гады, у 1978-м, калі музей узначаліў Юрый Карачун. Пасля смерці Пётры Сергіевіча новы дырэктар напісаў ліст спачування да ўдавы і выказаў жаданне наведаць яе для закупкі твораў, але зноў не склалася: перабудова, адсутнасць сродкаў — і ў выніку найлепшыя творы Сергіевіча знаходзяцца цяпер у трох віленскіх музеях. Усяго ж у зборы Дзяржаўнага мастацкага музея цяпер 28 яго твораў, з якіх жывапісу толькі 8, прычым чатыры — падараваныя (у тым ліку партрэты Максіма Танка, Яна Пятроўскага і яго маці Юстыны), два — прададзеныя калекцыянерамі (партрэт ксяндза Станіслава Глякоўскага і партрэт невядомай), графіка ж (9 аркушаў) паступіла з былога Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. 

Музей Янкі Купалы, дзе ў свой час гаспадарыла Купаліха — Уладзіслава Францаўна, цётка Уладзя, як яе называлі, удава паэта, — знаходзіўся на пачатку свайго існавання ў 1944-м у трох пакоях на трэцім паверсе Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды, а Карцінная галерэя — у васьмі пакоях на другім паверсе. Цётка Уладзя рыхтавала вялікую экспазіцыю «Янка Купала ў выяўленчым мастацтве» і замаўляла мастакам творы. На працягу 10 гадоў Сергіевіч насіў свае карціны паўз галерэю у музей Купалы, дзе паступова сфармавалася Сергіевічава «купаліяна» з 14-ці карцін. 

Нацыянальны рамантызм

Сергіевіч настолькі розны, што часам не верыцца, што карціны належаць пэндзлю аднаго і таго ж мастака. 

Ён і нацыянальны рамантык, і цвёрды рэаліст у гістарычным жанры, і пейзажыст, і выдатны рысавальшчык, і карыкатурыст, але часам выглядае як «самавук», прадстаўнік так званага наіўнага мастацтва. Асабліва адметны ён як нацыянальны рамантык у сімвалічных карцінах. 

Максім Танк. 1960 год. Палатно з трох кавалкаў — надстаўленае ўнізе і злева. Перадаў у Нацыянальны мастацкі музей сам Максім Танк.

У савецкія гады Сергіевіч не афішаваў сваіх творчых дачыненняў з каталіцкай царквой, хоць выконваў, як ён іх называў, «паліхроміі» для храмаў у Вільні, Павільнюсе (віленскі прыгарад), Горадні, Жодзішках, Смаргоні, Міцкунах, Малых Салечніках і Рэшах пад Вільняй, Солах, Поразаве, Шарашове, Карцы на ўкраінскай Ровеншчыне, дый не толькі. Гаварыць пра гэтую старонку яго творчасці ў савецкі час было небяспечна. 

Партрэт ксяндза Станіслава Глякоўскагасамы выразна рамантычны з ягоных партрэтаў. Яго знайшоў на гарышчы свайго дома кампазітар Яўген Паплаўскі. Першыя звесткі пра гэты партрэт змешчаныя ў каталозе штогадовай выставы Віленскага таварыства незалежных мастакоў-пластыкаў, правадзейным сябрам якога з’яўляўся Сергіевіч. 

Амаль равеснікі і аднадумцы, Сергіевіч і Глякоўскі пасябравалі. У гэтым партрэце — падкрэсленая рамантычнасць і ўнутраны драматызм як прадчуванне лёсу. Разварот фігуры ў профіль, як таго і патрабуе эстэтыка рамантычнага партрэта. Нібы чорнае крыло, спружыніць пад ветрам сутана. Глякоўскі падаваўся Сергіевічу незвычайным рамантычным героем, нейкім Праметэем, які самаахвярна нясе святло ведаў людзям. Апантаны ідэяй герой, змагар за праўду і веру. Хуткасць жывапісу выдатна адчуваецца ў гэтым палатне, па якім быццам «гуляе вецер». «Да партрэта трэба падыходзіць з налёту, захоўваць першае ўражанне», — гаварыў Пётра Сергіевіч вучням. Менавіта так, з напорам юнацтва, эмацыйна ды хутка напісаны і гэты партрэт, і многія іншыя творы пачатку 1930-х. 

Мастацтвазнаўцы адзначылі асаблівасць Пётры Сергіевіча: побач з высокімі партрэтамі і элегантнасцю можа быць «саматужная» карцінка, што асабліва заўважна ў яго жанравых кампазіцыях 1940-х.

«Калі яму не трэба спяшацца, калі ён можа весці спакойны, глыбокі і змястоўны дыялог з натурай, тады ён можа дасягаць жывога гучання колеру, асэнсавана гарманізаванай формы», — пісаў пра яго ў 1970 годзе гісторык мастацтва Уладас Дрэма, атлант літоўскага мастацтвазнаўства і былы калега Сергіевіча па музеі Луцкевіча. 

У Кракаве

Пасля трох гадоў вучобы ў Віленскім універсітэце мастак паехаў удасканальвацца ў Кракаўскую акадэмію мастацтваў. Грошы на паездку даў яму прафесар жывапісу Аляксандр Штурман з нечаканай умовай, што калі не атрымаецца хутка аддаць пазыку, то малады мастак будзе даглядаць ягоную магілу. Так і здарылася: Сергіевіч на працягу ўсяго жыцця хадзіў на магілу свайго прафесара-дабрадзея.

У Кракаве ж правёў толькі год. Прафесар Кракаўскай акадэміі Юзаф Пяткевіч дзівіўся з віхурнага тэмпераменту студэнта: «Нашто так шмат траціць энергіі? Натура ж не ўцячэ!» — гаварыў ён свайму нецярпліваму вучню. Кракаўская акадэмічная школа зрабіла значны ўплыў на Сергіевіча, і пасля Кракава яго ўлюбёны жанр — партрэт — становіцца больш стрыманым, класічным. Такі партрэт Яна Пятроўскага — евангелісцкага пастара ў Дзярэчыне, што паміж Гроднам і Слонімам.

Партрэт Яна Пятроўскага. 1940 год. Перададзены ў Нацыянальны мастацкі музей Міністэрствам замежных спраў Беларусі.

Гэты партрэт Сергіевіч напісаў у 1940 годзе — і які кантраст з партрэтам Глякоўскага! Замест віхурнага тэмпу пэндзля — ураўнаважаная класіка, амаль эмблематычнасць. 

Праца ў музеі Луцкевіча

Пётра Сергіевіч працаваў у Беларускім музеі імя Луцкевіча ў Вільні з перапынкамі яшчэ з 1939 года. Калі пасля вайны было вырашана перадаць частку фондаў у Беларусь, ён актыўна садзейнічаў, каб у Мінск трапілі самыя важныя артэфакты. 

Так, у 1962 годзе ён падараваў нашаму гістарычнаму музею старажытную грамату 1568 года на пергаменце з прывязанымі пячаткамі, дазволіў Міхасю Сеўруку забраць з музея яго карціну «Жніво», якая цяпер у Мастацкім музеі. Пасля арышту дырэктара Янкі Шутовіча Сергіевіч быў адным з нямногіх знаўцаў музея Луцкевіча і яго экспанатаў.

Але калі ў 1946 годзе сакратар па ідэалогіі ЦК КПБ Цімафей Гарбуноў запрасіў яго і іншых супрацоўнікаў музея пераехаць у Мінск, каб працаваць у беларускай сталіцы, мастак адмовіўся.

Гэтаксама як адмовіўся пераехаць у Варшаву, куды яго таксама клікалі сябры. 

Беларускі Матэйка

Яшчэ напрыканцы 1930-х гадоў Сергіевіч пачаў працаваць над карцінай «Кастусь Каліноўскі».

Ён быў амбіцыйны: «Гістарычная тэма ў нас, беларусаў, не распрацаваная. Як шмат працы і таленту трэба ўкласці ў тое, каб прадстаўнікоў лепшых людзей нашага мінулага, у наш час забытых усімі, прадставіць у хвіліны славы, павялічыць памяць пра іх у народзе. Яны гэтага вартыя. Нашы браты рускія, украінцы нас абагналі даўно ў гэтым, а мы павінны іх дагнаць, калі не перагнаць. Гэта творчае спаборніцтва. Калі я задумаў пісаць гістарычную карціну, я кіраваўся не толькі патрыятычнымі стымуламі, але і жаданнем стаць піянерам у гэтай галіне. Нашы беларускія мастакі толькі нядаўна зацікавіліся гэтай тэмай…» Два эскізы, зробленыя ў канцы 1930-х, Сергіевіч бязлітасна знішчыў у пасляваенны час. 

У карціне «Каліноўскі і Урублеўскі аглядаюць войскі» (1959 год) Сергіевіч малюе кіраўніка паўстання ў хвіліну велічы і сілы. Захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі.

Цікавасць падагравалася і будучым 100-годдзем паўстання 1863—1864 гадоў, а ў 1958-м адзначалася 120-годдзе з дня нараджэння Каліноўскага. Тады многія мастакі звярнуліся да гэтай тэмы і ў Літве, і ў Беларусі. У БССР афіцыйную замову на яе атрымалі мастакі муж і жонка Адольф Гугель і Раіса Кудрэвіч. На іх палатне 1958 года Каліноўскі — народны трыбун і агітатар. Сергіевіч таксама ўвасабляе Каліноўскага як палымянага прамоўцу. Карціна «Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» (1955, месца захавання — Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей) паказвае яго ў лесе на прывале, сялянская світка падкрэслівае блізкасць да народа. У карціне «Каліноўскі і Урублеўскі аглядаюць войскі» (1959, Літоўскі мастацкі музей) Каліноўскі трактуецца як мужны военачальнік, ваяр «у хвіліну славы і надзеі», калі паўстанне толькі набірала моц. 

Ці прайграў Сергіевіч творчае спаборніцтва свайго часу? І так, і не. Яго карціны не былі шырока паказаныя ў Беларусі, на што ён, безумоўна, разлічваў. Тым не менш Сергіевіч стаў адным з заснавальнікаў беларускага гістарычнага жывапісу савецкага перыяду. Прызнанне прыйшло пазней: першая прысвечаная Сергіевічу кніга-манаграфія аўтарства Арсеня Ліса, які сябраваў з мастаком больш як 10 гадоў, выйшла толькі ў 1970-м, а ў 1978-м нарэшце адбылася доўгачаканая, запланаваная яшчэ на 1975 год вялікая выстава ў Палацы мастацтва, якая ладзілася па ініцыятыве і з дапамогай іншага пакалення — маладых калег, якія самі выбралі і прывезлі у Мінск творы. З той выставы, якая стала святам, шмат раскупіла карцін творчая інтэлігенцыя, а «Аўтапартрэт» набыў Дзяржаўны мастацкі музей. Стары майстар успрымаўся легендай, за ім цугам хадзіла моладзь, да яго ў Вільню ў своеасаблівую пілігрымку ездзіла беларуская нацыянальная інтэлігенцыя: навукоўцы, літаратары, мастакі.

І усё ж дагэтуль няма ні альбомаў, ні сучасных грунтоўных даследаванняў яго творчасці. 

У Сергіевіча з жонкай не было дзяцей. Сергіевіч ласкава называў сваю Станіславу «цукерачкай». Пахаваныя яны на віленскіх могілках на Антокалі. 

Прайшло 40 гадоў пасля смерці майстра, некаторым яго творам хутка будзе сто гадоў. Не ўсе творы вытрымліваюць выпрабаванне часам. Але партрэты Сергіевіча і цяпер нібы выпраменьваюць гуманізм — яны сапраўдны мастацкі скарб. Гэтаксама як яго патрыятычная рамантычная купаліяна, інтымныя, пяшчотныя, надзвычай абаяльныя пейзажы. Сапраўдны беларускі класік.

«Наша гісторыя»