У рэстаране «Лебядзіны» заўважылі дэпутатку Васілевіч і бізнэсмена Цяцерына
13.01.2020 / 22:15
Старшыню Беларускай тэніснай фэдэрацыі і бізнэсоўца Сяргея Цяцерына і дэпутатку Марыю Васілевіч карэспандэнты Свабоды заўважылі ўвечары 13 студзеня ў рэстаране «Лебядзіны».
Адным зь першых наведнікаў рэстарацыі, яшчэ да афіцыйнага адкрыцьця 11 студзеня, быў Аляксандар Лукашэнка.
Сяргей Цяцерын (зьлева) у рэстаране «Лебядзіны».
Старшыня Беларускай тэніснай фэдэрацыі Сяргей Цяцерын часта зьяўляецца побач з Аляксандрам Лукашэнкам. Напрыклад, на зборы ўраджаю ў прэзыдэнцкай гаспадарцы. Як і многія людзі з бліжэйшага кола Аляксандра Лукашэнкі, Цяцерын мае буйны бізнэс. Ён заснавальнік і дырэктар холдынгу «БелГлобалСтарт» і іншых кампаній, а таксама саўладальнік ТНТ-International.
22-гадовая Марыя Васілевіч — цяпер дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, а раней — пераможца конкурсу «Міс Беларусь». Марыю Васілевіч некалькі разоў заўважалі побач з Лукашэнкам: яна ўдзельнічала ў працоўных паездках кіраўніка краіны, яны сядзелі побач на хакеі, на «Славянскім базары», танцавалі на балі.
Пару дзён таму рэстаран апынуўся ў цэнтры чарговага скандалу. Ягоная піяршчыца Вікторыя Мароз апублікавала ў Instagram «гісторыю» са здымкам качынай дзюбы, у якой ляжыць тартар з сырога мяса, з подпісам: «Хто там наконт птушак бедаваў, а?». Мароз больш не супрацоўнічае з рэстаранам.