«У мяне таксама абвастрылася хвароба». Назіральніка, які зняў на відэа спробу ўкіду бюлетэняў, наведалі назіральнікі АБСЕ
15.11.2019 / 14:09
Фота Уладзя Грыдзіна
«Я расказаў назіральнікам АБСЕ, як ідзе галасаванне. Сказаў, што таксама вельмі перажываю і кепска сплю», — кажа Юры Вашчанчук, які працягвае назіранне на ўчастку, дзе зняў на відэа дзяўчыну, якая нібыта спрабуе ўкінуць стос бюлетэняў у скрыню, піша Радыё Свабода
Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына 14 лістапада назвала дзеянні Юрыя Вашчанчука недапушчальнымі і заявіла, што яго трэба пазбавіць акрэдытацыі.
Таццяна Мосіна, старшыня камісіі і дырэктарка дзіцячага садка, дзе працуе гераіня відэа Анастасія Кулічкова, заяўляе, што дзяўчына не вінаватая — маўляў, «чалавек вінаваты, калі яго злавілі за руку». Яна паведаміла, што дзяўчына моцна перажывала і не выйшла на працу на наступны дзень.
Юрый Вашчанчук кажа, што назіральнікі АБСЕ пыталіся ў яго пра ўмовы працы і як ён пачуваецца. Ён сказаў, што ад перажыванняў у яго абвастрылася хвароба.
«Я перажываю за тое, што адбываецца, кепска пачуваюся, кепска сплю», — кажа Юры.
Аўтар рэзананснага відэа назірае ад кампаніі «Права выбару» на ўчастку № 37 Брэсцкай-Усходняй акругі № 3. Ён ужо мае папярэджанне ад участковай камісіі, якое атрымаў 14 лістапада.
У той жа час пасля ягонай скаргі на разыходжаньне вынікаў назіраньня з пратаколам выбарчай камісіі пратакол за 13 лістапада выправілі. У першай версіі было пазначана 65 чалавек, у выпраўленай — 34 выбарнікі. Гэта адпавядае вынікам назірання Вашчанчука.