Мінадукацыі пра забастоўку ў прыватнай ВНУ: Гэта спроба сысці ад праблемы
12.11.2019 / 08:16
У Міністэрстве адукацыі пракаментавалі сітуацыю з Мінскім інавацыйным універсітэтам (МІУ). Каментар змешчаны на сайце ведамства.
У адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі пацвярджэнне дзяржаўнай акрэдытацыі праводзіцца ўсімі ВНУ не радзей разу ў пяць гадоў.
У бягучым годзе планавае пацвярджэнне дзяржаўнай акрэдытацыі праводзілася ў Мінскім інавацыйным універсітэце. Былі выяўлены шматлікія парушэнні заканадаўства, адзначылі ў Мінадукацыі.
У прыватнасці, тэрмін атрымання вышэйшай адукацыі ў завочнай (дыстанцыйнай) форме не адпавядае патрабаванням адукацыйных стандартаў, выяўлены парушэнні ў арганізацыі навучальнага працэсу і бягучай атэстацыі студэнтаў і слухачоў, шэраг структурных падраздзяленняў універсітэта не адпавядае патрабаванням, колькасць выдадзеных пасведчанняў аб павышэнні кваліфікацыі перавышае колькасць слухачоў, якія асвоілі праграмы павышэння кваліфікацыі, па шэрагу прадметаў адсутнічаюць навучальныя праграмы і інш.
Для Мінскага інавацыйнага універсітэта ёсць два шляхі вырашэння сітуацыі: першы — ліквідаваць усе заўвагі камісіі і звярнуцца па паўторную акрэдытацыю; другі — закрыць неакрэдытаваныя спецыяльнасці. Акрамя таго, ва ўніверсітэта ёсць права на апеляцыю, гаворыцца ў каментары.
У сваю чаргу студэнтам будзе дадзена магчымасць працягнуць навучанне ў іншых ВНУ па вучэбных планах і праграмах МІУ, паабяцалі ў Мінадукацыі.
У гэтай сувязі «дзеянне кіраўніцтва ВНУ па падбухторванні студэнтаў да забастовак, маніпуляванню грамадскай думкай» Мінадукацыі разглядае як «спробу сысці ад вырашэння пытання па сутнасці».