Навукоўцы: Курэнне спрыяе развіццю шызафрэніі і дэпрэсіі

06.11.2019 / 08:07

Курэнне амаль удвая павялічвае рызыку развіцця гэтых душэўных расстройстваў. Да такой высновы прыйшлі брытанскія генетыкі. Іх даследаванне апублікавана ў часопісе Psychological Medicine, піша ria.ru.

Навукоўцы прааналізавалі ДНК больш за паўмільёна жыхароў Вялікабрытаніі. Высветлілася, што людзі, якія пакутуюць на шызафрэнію і дэпрэсію, курылі прыкметна часцей, чым іншыя ўдзельнікі навуковага эксперыменту.

Акрамя таго, брытанцы, якія пакутуюць на нікацінавую залежнасць, больш чым удвая часцей станавіліся шызафрэнікамі і амаль удвая часцей набывалі хранічную дэпрэсію, чым паддоследныя, што не кураць.

Генетыкі мяркуюць, што нікацін парушае працу сератаніну і дафаміну — дзвюх найважнейшых сігнальных малекул мозгу. Менавіта яны ўдзельнічаюць у развіцці шызафрэніі і дэпрэсіі.

Nashaniva.com