У краме на праспекце Незалежнасці з'явіўся незвычайны «супрацоўнік». Любімае месца — каля касы ФОТЫ
24.10.2019 / 11:09
У вядомай менчукам краме «Прырода», што на пр. Незалежнасці, жыве чорны кот Васіль, паведамляюць «Мінск-Навіны».
Хамякоў кот не ловіць, птушак не душыць, рыбак лапай не хапае. Гэта яму не патрэбна. Бо ў яго ёсць дом і ежа. Наведвальнікі ката гладзяць, фатаграфуюць. Васіль на гэта нават вусам ня варушыць — прывык да ўвагі.
— Нам яго падкінулі гадоў 5 таму, — распавёў прадавец-кансультант крамы Уладзімір. — Выглядаў ён не вельмі добра, моцна хварэў. Усім калектывам выходжвалі жывёлу, кропельніцы ставілі. І вылечылі. Праўда, хвароба адбілася на развіцці ката — ягоныя лапы карацейшыя, чым трэба.
— А чаму Васіль, а не Барсік?
— Ды неяк адразу пачалі казаць Васёк ды Васёк. Так наш гадаванец стаў Васілём.
Ён увесь час з намі. Наведвальнікі ўсміхаюцца, калі ўваходзяць у краму. Некаторыя пытаюцца, ці прадаецца кот. Бацькі прыводзяць дзяцей паглядзець на ката. Многія яго ведаюць і любяць. Ёсць нават пакупнікі, якія набываюць корм і вітаміны для яго.
— А як жа ён адзін начуе?
— Васілю адвялі асобнае памяшканне, дзе ёсць вада, корм, спальнае месца і туалет. Ну а днём ён праводзіць час у зале. Любімае месца для адпачынку — каля касы, дзе больш людзей.