Хто такая Эн Карсан, або Першы букмекерскі спіс пад сёлетняга «нобеля»

02.10.2019 / 13:33

Імя пераможцы Нобелеўскай прэміі па літаратуры будзе абвешчана ў Стакгольме 10 кастрычніка. Сёлета букмекеры ўсяго за два тыдні да гэтай даты апублікавалі свой рэйтынг.

Радыё «Свабода» прыводзіць раздрукоўку букмекерскай канторы NicerOdds са спісам найбольш імаверных кандыдатаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

На першым месцы — 69-гадовая канадская пісьменніца і паэтка Эн Карсан. Яна вядомы элініст, абараніла дысертацыю па творчасці ўраджэнкі Лесбаса, антычнай паэткі Сапфо, перакладала многіх антычных аўтараў.

Эн Карсан. Скрыншот ютуб-відэа Lectura «Red Doc a dos voces» con Anne Carson y Verónica Zondek

У свае вершы Эн Карсан ўводзіць класічную міфалогію. Паводле кнігі «Расстварэнне» (Decreation: Poetry, Essays, Opera) пра сярэднявечную манашку-бегінку Маргарыту Парэтанскую, якую спалілі на вогнішчы ў Парыжы, і рэлігійнага філосафа XX ст. Сімону Вэйль пастаўлены аднайменны балет.

На другім месцы ў спісе — францужанка Марыз Кандэ. Яна родам з Гвадэлупы — заморскага дэпартамента Францыі.

Марыз Кандэ. sverigesradio.se

81-гадовая пісьменніца — аўтар раманаў, навэл, кніг для дзяцей і некалькіх тэатральных п'ес. У 2018 годзе ёй прысудзілі «альтэрнатыўную нобелеўскую прэмію» «за даследаванне эпохі каланіялізму, каштоўнасцяў традыцый і культурнай спадчыны».

На трэцім радку кітаянка Джан Сюэ. На чацвёртым — японскі аўтар Харукі Муракамі. Замыкае пяцёрку найбольш імаверных уладальнікаў узнагароды расійская пісьменніца Людміла Уліцкая. Творчасць Уліцкай характарызуюць як «сямейны раман».

Сёлета дадуць дзве прэміі, бо летась з прычыны сэксуальнага і фінансавага скандалу, звязанага з мужам паэткі Катарыны Фростэнсан са Шведскай акадэміі літаратуры, прэмія не прысуджалася.

Нобелеўскі камітэт адмовіўся ад уручэння прэміі па літаратуры 2018 года з-за сэкс-скандалу

Фатограф, з-за якога адмянілі Нобеля па літаратуры, атрымаў два гады турмы

Nashaniva.com