Шнобелеўская прэмія — 2019: брудныя грошы, намагнічаныя прусакі і тэмпературная асіметрыя машонкі

13.09.2019 / 07:04

Аказваецца, калі намагніціць мёртвых прусакоў, то яны значна даўжэй захоўваюць магнітныя ўласцівасці, чым жывыя насякомыя. Да такой дзіўнай высновы прыйшла цэлая міжнародная каманда навукоўцаў з шасці краін — Сінгапура, Кітая, Аўстраліі, Польшчы, ЗША і Балгарыі, піша Бі-бі-сі.

Нядзіўна, што напісаная па выніках гэтага займальнага даследавання навуковая праца «Біямагнетнычныя характарыстыкі жывых амерыканскіх прусакоў», была ўдастоена Шнобелеўскай прэміі 2019 года ў намінацыі «Біялогія».

Чарговая, 29-я па ліку, цырымонія ўручэння жартоўнай ўзнагароды прайшла вечарам у чацвер у Гарвардскім універсітэце, у тэатры Сандэрса.

Адпаведным чынам выглядаў і сам трафей, які ўручаецца лаўрэатам: у немудрагелістай мастацкай інсталяцыі можна разгледзець стаканчык для кавы, упакоўку жуйкі, цыгарэту, зубную шчотку і яшчэ некалькі прадметаў, якія сімвалізуюць тыя ці іншыя звычкі.

Да яго прыкладаліся дыплом і грашовы прыз — 10 трыльёнаў даляраў. Праўда, даляры былі зімбабвійскія і выдаваліся адной паперкай (на момант выпуску банкноты яе рынкавы кошт складаў прыкладна 40 цэнтаў ЗША).

У намінацыі «Фізіка» прэмію атрымала даследаванне аб тым, чаму (а галоўнае - як!) вомбаты ходзяць у прыбіральню і там робяць свае справы (вы зразумелі пра што) … кубікамі.

У намінацыя «Эканоміка» перамогу атрымалі навукоўцы з Нідэрландаў, якія вывучалі валюту розных краін у пошуках адказу на пытанне — банкноты якой дзяржавы лепш за ўсё пераносяць хваробатворныя бактэрыі.

Высветлілася, што самыя брудныя — у прамым сэнсе слова — папяровыя грошы ходзяць у Румыніі.

Прэмію ў галіне медыцынскай адукацыі атрымала даследаванне, якое распавядае, як навучаць студэнтаў-медыкаў пры дапамозе гукавых сігналаў, якімі звычайна трэніруюць сабак — накшталт цокання языком. Артыкул так і называецца: «Трэніроўка ўмоўнага рэфлексу пры правядзенні артапедычных аперацый».

Асаблівы смех у зале выклікала абвяшчэнне лаўрэата па анатоміі.

Французскія даследчыкі вывучылі «тэмпературную асіметрыю машонкі ў аголеных і апранутых людзей». Высветлілася, што левае яечка звычайна цяплейшае, чым правае, але толькі калі на мужчыне ёсць адзенне.

Прэмія ў галіне інжынернай справы дасталася іранскаму навукоўцу Іману Фарабахшу, што запатэнтаваў апарат для змены падгузнікаў.

У намінацыі «Хімія» Шнобелеўская прэмія дасталася японскаму прафесару, які падлічыў аб'ём сліны, які штодня выдзяляе пяцігадовае дзіця.

Як распавёў сам вучоны, эксперымент ён ставіў на сваіх дзецях, узважваў бананы, даваў іх старанна разжаваць тром сынам — і важыў перажаваную масу нанова. Высветлілася, што за суткі пяцігадовае дзіця выдзяляе прыкладна паўлітра сліны.

І, нарэшце, прэмія міру дасталася камандзе навукоўцаў з Брытаніі і Сінгапура за спробу вымераць колькасць задавальнення, якое атрымлівае чалавек, калі яму ўдаецца пачасаць месца, якое зудзіць.

Вядучы Марк Абрахамс скончыў цырымонію традыцыйным пажаданнем: «Калі сёлета вы не выйгралі Шнобелеўскую прэмію, і асабліва калі выйгралі, — спадзяюся, у наступным годзе вам пашанцуе больш».