Лушч, Агафонаў, Мірсалімава — «рускі свет» паспрабуе пралезці ў парламент

05.09.2019 / 16:45

Старшыня руху «Грамадзянская згода» Арцём Агафонаў абвясціў аб сваім рашэнні балатавацца ў Палату прадстаўнікоў. Агафонаў пойдзе па Асіповіцкай выбарчай акрузе.

Хто такі Агафонаў? Актывіст нарадзіўся ў 1976 годзе ў горадзе Зайсан на казахстанска-кітайскай мяжы. У Беларусь перабраўся ў 1996 годзе. Жыў у Слаўгарадзе, пасля ў Асіповічах. Быў актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, нават узначальваў Мінскую абласную арганізацыю, уваходзіў у каманду Яраслава Раманчука. Пералом у свядомасці Агафонава адбыўся пасля падзей у Крыме і ўсходзе Украіны, калі ён падтрымаў расійскую агрэсію.

З таго часу ён адзін з актыўных прыхільнікаў «рускага свету» ў Беларусі.

«Мой рускі свет — ува мне. Ён прыйшоў туды з калыханкі, якую мама спявала на рускай мове, з любоўю да роднай прыроды, з разуменнем сябе спадчыннікам рускай культуры і рускай цывілізацыі, якія я і маё пакаленне павінны развіць і перадаць нашчадкам», — так пісаў Агафонаў.

У пачатку 2017 года Агафонаў разам з ахоўнікам Яўгенам Канстанцінавым (вядомы па мутнай гісторыі з наваполацкім слесарам Андрэем Гайдуковым, якога абвінавачвалі ў шпіянажы) заснавалі рух «Грамадзянская згода». Мабыць, лічылі, што праз структураваную арганізацыю будзе прасцей атрымаць падтрымку з боку Масквы.

На сёння Канстанцінаў больш не з’яўляецца сустаршынёй арганізацыі. Па інфармацыі «НН», яны не сышліся з Агафонавым праз стаўленне да савецкай спадчыны. Агафонаў разглядае час СССР як перыяд, які не павінен быць водараздзельным між людзьмі падобных поглядаў, у Канстанцінава ж іншая пазіцыя, ён лічыць СССР несвабоднай дзяржавай і крытыкуе той час.

Чаму Агафонаў ідзе ў дэпутаты? «Я дастаткова даўно ў палітыцы. Удзел у выбарах — адна з галоўных падзеяў у календары любога палітыка. Гэта дазваляе трымаць руку на пульсе падзей, мець больш шчыльны кантакт з людзьмі. Плюс да ўсяго — гэта магчымасць даносіць пазіцыю нашай структуры», — сказаў «НН» Агафонаў.

Арцём Агафонаў — не адзіны вылучэнец ад «Грамадзянскай згоды». У Віцебску пра свой намер балатавацца заявіла Эльвіра Мірсалімава. Погляды Мірсалімавай яшчэ больш адыёзныя, чым у таго ж Агафонава.

Напрыклад, яна лічыць, што «нацыяналісты цкуюць родную для беларускіх грамадзян рускую мову». Дадае, што «нацыяналізм — гэта крок да страты суверэнітэта». А яшчэ Мірсалімава адкрытая прыхільніца Сталіна.

Бацька Мірсалімавай Эльдар родам з Расіі, але пераехаў працаваць у Беларусь.

Мірсалімава з’яўляецца арганізатаркай «Бессмяротнага палка» ў Віцебску. Гэта такая акцыя, якую стала выкарыстоўваць расійскага прапаганда ў мэтах дэманстрацыі перавагаў «рускага свету». Таксама Эльвіра бярэ ўдзел у цмяных арганізацыях накшталт руху «Саюз», які заснаваў расійскі палітык-аўтсайдар Сяргей Бабурын.

Мірсалімава і Сяргей Лушч (справа) на адной канферэнцыі.

«НН» звярталася да спадарыні Мірсалімавай з просьбай пра інтэрв’ю наконт яе ўдзелу ў выбарах, але атрымала адмову.

Па некаторых звестках, Агафонаў і Мірсалімава планавалі вылучацца ад кішэннай Партыі працы і справядлівасці (ППС), якую ўзначальвае Васіль Задняпраны.

Задняпранага нават дэпутат-«казак» Мікалай Улаховіч абвінавачваў, што той з’яўляецца часткай «рускага свету» ў Беларусі.

Дарэчы, асобу Задняпранага на мінулых парламенцкіх выбарах актыўна падтрымліваў «бацюшка са свастыкай» Канстанцін Бурыкін. Улёткі Задняпранага нават былі развешаны ў царкве ў Гатаве.

Агафонаў пацвердзіў «НН», што падаваў заяву на ўступленне ў ППС, але не ведае, ці яе задаволілі. Ён абвяргае інфармацыю, што будзе балатавацца ад гэтай палітычнай сілы. «Я пайду як незалежны кандыдат», — сказаў ён «НН». Ці будзе ён сябе пазіцыянаваць як прарасійскі палітык? «Як прыхільнік дружбы з Расіяй», — расказаў Агафонаў.

Па інфармацыі «НН», сапраўды планавалася, што Агафонаў і Мірсалімава будуць вылучаныя ад ППС, але партыя ці то сама перадумала, ці то «перадумалі» за яе.

Тое, што арганізацыі Задняпранага блізкія погляды Агафонава і Мірсалімавай, можна меркаваць хаця б са старонкі партыі Укантакце. Там актыўна перапошчваюць суполку «Адэкватны Віцебск», створаны прыхільнікамі «рускага свету».

Таксама ёсць вялікая імавернасць, што на выбарах будзе балатавацца кіраўнік арганізацыі «Румол» (Русь маладая) Сяргей Лушч. У мінулым ён прытрымліваўся неапаганскіх і неанацысцкіх поглядаў, з’яўляўся волхвам антысеміцкай секты «Еж схрон славен». Праз нейкі час Лушч перафарбаваўся і стаў прасоўваць інтарэсы Расіі ў нашай краіны, раздаваць на 9 Мая георгіеўскі стужкі, ісці ў першых шэрагах у шэсці «Бессмяротнага палка».

Лушч пакуль публічна не абвяшчаў пра свой намер балатавацца. Будзе цікава паназіраць, ці пройдзе этап рэгістрацыі хоць хтосьці з нешматлікіх прыхільнікаў «рускага свету».

Парламенцкія выбары маюць адбыцца 17 лістапада.

Зміцер Панкавец