Вынеслі прысуд жыхару Наваполацка, які прызнаўся ў забойстве маці
31.08.2019 / 11:30
Віцебскі абласны суд 30 жніўня вынес прысуд 32-гадоваму жыхару Наваполацка, абвінавачанаму ў забойстве маці. Мужчына правядзе 15 гадоў у калоніі, паведамляе TUT.BY са спасылкай на сайт Вярхоўнага суда.
Абвінавачаны паказвае месца ў лесе, дзе схаваў цела маці. Фота: СК
У студзені гэтага года ў міліцыю звярнуўся 32-гадовы жыхар Наваполацка і паведаміў пра тое, што за тры дні да гэтага, 17 студзеня, яго маці пайшла з дому і не вярнулася.
Неўзабаве стала ясна, што да знікнення жанчыны можа быць датычны яе сын. 23 студзеня супраць яго завялі крымінальную справу. На наступны дзень ён паказаў міліцыі месца ў лесе ва Ушацкім раёне, дзе схаваў цела маці.
Па словах мужчыны, ён пасварыўся з маці (яна жыла з сынам, нявесткай і двума ўнукамі ў адной кватэры) і нанёс ёй не менш за 8 удараў малатком па галаве. Як заключылі эксперты, жанчына атрымала адкрытую пранікальную чэрапна-мазгавую траўму, ад якой памерла на месцы.
На судзе абвінавачаны не адмаўляў сваё дачыненне да смерці маці, але настойваў на тым, што не хацеў яе забіваць.
Суд прызнаў змякчальнымі абставінамі раскаянне мужчыны, яўку з павіннай і наяўнасць у яго на ўтрыманні двух малалетніх дзяцей.
Абвінавачаны прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве і атрымаў 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён павінен выплаціць свайму дзядзьку, брату маці, 40 тысяч рублёў матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.
Прысуд можа быць абскарджаны.