Графская сядзіба пад Мінскам, пра якую вы не ведалі ШМАТ ФОТА
Не ўсім старым маёнткам у ХХ стагоддзі шчасціла. Пустка цяпер у многіх месцах, дзе некалі раскашавала багацце. Станькаву, што ў Дзяржынскім раёне, усяго за 40 км ад Мінска, пашанцавала. Гэты сядзібны комплекс акурат сярод тых, якія захаваліся найлепш. З 1772 года яно належала слаўнаму роду Гутэн-Чапскіх. У Станькава мы і накіраваліся ў першую вандроўку новага цыклу.
17.10.2019 / 13:51
Гэтым матэрыялам мы адкрываем цыкл падарожжаў па гістарычных беларускіх маёнтках, якія нагадваюць нам пра гаспадарлівасць нашых продкаў. Партнёр праекта — «Суседскі маёнтак». Гэта сапраўдныя беларускія прадукты, якія вы знойдзеце на паліцах крамаў «Суседзі». Выява, колеры, беларуская мова на ўпакоўцы — усё гэта адсылкі да нашых традыцый і гісторыі.
Станькава — гэта месца, дзе Мінску была прыдуманая будучыня еўрапейскай сталіцы.
У канцы ХІХ стагоддзя 30-гадовы гаспадар маёнтка граф Караль Чапскі стаў мінскім гарадскім галавой. І кожную раніцу на працягу дзесяці год ён, верхам на кані, ухапіўшы ў кішэні са стала хлеб і сыр на сняданак, імчаў па станькаўскіх паркавых алеях у Мінск.
Гэта пры Чапскім у Мінску з'явіўся грамадскі транспарт (трамвай на конскай цязе), электрастанцыя, тэлефон (і станцыя, адкуль мог патэлефанаваць кожны), сучасная гарадская планіроўка. Чапскі ствараў для гараджан спартовыя аб'екты, засноўваў грамадскія арганізацыі. І нават сам узначаліў, напрыклад, Таварыства аховы жанчын.
Чапскі быў настолькі захоплены стварэнннем сучаснага, зручнага для жыцця горада, і аддаваў гэтаму столькі часу, што маці жартам называла Мінск «другой жонкай» графа.
…У 1921-м савецка-польская мяжа прайшла літаральна за некалькі кіламетраў ад Станькава, і ён апынуўся пад уладай бальшавікоў ужо тады. Гаспадары выехалі ў Польшчу, кінуўшы маёмасць на волю лёсу.
Праўда, зусім без гаспадара сядзіба не засталася. Неўзабаве ў яе будынках размясціўся дзіцячы дом, які ў розных формах праіснаваў амаль сто гадоў — аж да 2012-га. А калі будынкі хоць каму патрэбныя для практычных мэтаў — гэта прынамсі ратуе іх ад поўнага знішчэння.
Зручна для турыстаў
Сёння пры самым уваходзе наведвальнікаў сустракае інфармацыйная карта-схема з пазначанымі на ёй цікавымі аб’ектамі, што захаваліся да сёння. Усяго такіх пунктаў вылучана 11. Пры кожным з іх таксама ёсць таблічка з кароткімі гістарычнымі звесткамі — не заблукае нават выпадковы турыст.
Скарбніца
Скарбніцай, ці «скарбчыкам» называлі неагатычны двухпавярховы квадратны будынак, у якім Гутэн-Чапскія трымалі багатую бібліятэку і іншыя культурныя каштоўнасці. Гэта, несумненна, найбольш цікавы будынак з усіх захаваных.
У другой палове ХІХ стагоддзя яго маляваў славуты мастак Напалеон Орда, гасцюючы тут у графа Эмерыка Чапскага, бацькі Караля.
У савецкі час тут размяшчаўся музей, экспазіцыя якога не мела непасрэднага дачынення да сядзібы. На першым паверсе музея месціліся экспанаты, прысвечаныя гісторыі мясцовага калгаса, а на другім — славутаму мясцоваму ўраджэнцу, вядомаму некалі на ўвесь Савецкі Саюз піянеру-герою Марату Казею. Імя Казея той музей і насіў.
У канцы 1990-х будынак трапіў у спіс аварыйных. На рамонт грошай не было, таму найбольш каштоўныя экспанаты перанеслі ў мясцовую школу. А што не прыдалося там і было кінута ў будынку, падабраў фізрук школы-інтэрната Васіль Іванавіч. Ён дагэтуль жыве на ўскраіне парку і мае цэлую ўласную выставу старых рэчаў, кімсьці пакінутых у гэтых мясцінах.
А будынак скарбніцы з таго часу стаіць без ужытку і паціху буцвее. Хоць гадоў з дзясятак таму здавалася, што ягонае давядзенне да ладу — справа найбліжэйшай будучыні. У тагачаснай прэсе як цалкам вырашаная справа падавалася перспектыва хуткага рамонту са стварэннем у скарбніцы музея імя Эмерыка Чапскага з аднаўленнем у ім не толькі інтэр’еру, але і часткі колішняй калекцыі, хай сабе і ў копіях. Ці каб зрабіць з гэтага ўсяго музей страчаных панскіх сядзібаў.
Нібыта на давядзенне скарбніцы да ладу і грошы цвёрда выдзяляліся з абласнога бюджэту, называліся нават канкрэтныя немалыя сумы. Але нешта не зраслося: ці то паабяцалі і не далі, ці то грошы тыя пайшлі не туды… У кожным разе цяперашні фізічны стан скарбніцы не выглядае лепшым, чым на фотаздымках 20-гадовай даўніны. Пра музеі гаворкі няма.
Свіран і кароўнік
Будынак былога свірна звонку выглядае надта дыхтоўна. Узведзены ў 1897 годзе з часанага бутавага камню, ён не надта пацярпеў ад усіх пертурбацый ХХ стагоддзя, і на яго рэстаўрацыю ў наш час грошы дакладна выдаткоўваліся — відаць няўзброеным вокам. Праўда, пра навуковасць рэстаўрацыі казаць не даводзіцца. Будынак проста накрылі сучаснай чырвонай металадахоўкай, нават не спрабуючы імітаваць даўніну. Але пад такім дахам яму прынамсі не пагражае разбурэнне. Усярэдзіне ж — запусценне.
Падобным чынам «адрэстаўраваны» і будынак былога кароўніка. Ён, дарэчы, адзіны са старых будынкаў комплексу мае сёння і функцыянальнае прызначэнне. У ім месціцца сталярны цэх.
Кухонны флігель і дом для прыслугі
Гэтыя два будынкі канца ХІХ стагоддзя апошнім часам не рэстаўраваліся, але іх фізічны стан пакуль някепскі. Яшчэ не так даўно, як тут быў дом-інтэрнат, яны выкарыстоўваліся: кухонны флігель як медпункт і ізалятар, дом для прыслугі — як цэнтр дзіцячай творчасці і фізічнага аздараўлення. Цяпер стаяць замкнёныя.
Брама
Некалі ў сядзібе былі чатыры ўязныя брамы. Цяпер засталася адна, і тая разбураная. Але не дашчэнту.
Асноўныя страты — пры Хрушчове
Шмат будынкаў захавалася, але ёсць і страчаныя. У іх ліку і галоўны аб’ект комплексу, сядзібны палац, спалены партызанамі ў вайну. Але асноўныя страты прыпалі на пачатак 1960-х. Пры Мікіту Хрушчове «адліга» была толькі для людзей, а для гістарычнай спадчыны гэта былі часы не менш чорныя, чым сталінскія. Імпэт пазбаўлення ад «старога і аджыўшага» тады нават і ўзмацніўся. Асабліва калі з’яўлялася магчымасць скарыстаць «друз» на практычныя мэты.
У 1961 годзе вада прарвала драўляную плаціну і затапіла прылеглую мясцовасць. Для вырабу новай плаціны было вырашана скарыстаць цэглу з сядзібных збудаванняў, дзеля чаго разабралі тое, што заставалася ад палаца, частку мураванага плота, тры брамы, каталіцкую капліцу. Разбурыць усё разбурылі, а праблемы не вырашылі: будынкі рабіліся з сырой цэглы, якую вада хутка размыла. Так усё і змарнавалася дарэмна.
Царкву разбурылі і аднавілі
Тады ж ахвярай стала царква Святога Мікалая 1858 года пабудовы. Да таго часу яна, праўда, ужо была не ў найлепшым стане. Зачыненая ў 1936 годзе і прыстасаваная пад зернясховішча, яна перажыла разбурэнні ў вайну, і вялікі пасляваенны пажар. Заставаліся толькі сцены, якія вайскоўцы з недалёкага гарнізона некалькі разоў падрывалі, а пасля расцягвалі бульдозерамі. Зраўняць з зямлёю будынак усё адно не ўдалося, заставаліся руіны.
У канцы нулявых на іх аснове пачалося аднаўленне будынка, якое ўжо гадоў з пяць як завершана. І ад альтанкі на ўскраіне парка зноў, як і было некалі задумана, адкрываецца прыгожы пейзаж.
Альтанка адноўленая
Альтанка-ратонда і так званы «Востраў Радасці», што яе атачае, вельмі маляўнічыя. Тут зусім нядаўна, у 2015 годзе, правялі маштабную рэстаўрацыю. Давялі да ладу і саму альтанку, і прыстань, і масток праз канал. Адмыслоўцы ацэньваюць работы высока — рэстаўратары насамрэч абапіраліся на гістарычныя крыніцы.
Водная сістэма
Паміж альтанкай і царквой — вялікае штучнае возера, утворанае праз запруджванне ракі Рапусы. Ад яго залежыць лёс усяго парку. Калі парушаецца водны рэжым — то пачынаюць сохнуць і дрэвы. Менавіта адсюль пачыналіся ў пачатку 1980-х першыя работы па аднаўленні парку. Тады была заменена старая драўляная плаціна на бетонную, возера пачысцілі ад глею і торфу, пашырылі і акультурылі берагі.
Мясцовыя наракаюць, што цяпер возера зноў пачынае зарастаць. Трэба чысціць, але ці дойдуць калі ў каго рукі — сказаць цяжка. І экалагічная сітуацыя ягоная не найлепшая — недалёка свінаферма, якая забруджвае мясцовыя рэкі і само возера.
А па каналах некалі ў часы Гутэн-Чапскіх плавалі ў парку на лодках, ды і проста яны радавалі вока.
Падземныя хады
Некаторыя будынкі сядзібы — галоўны палац, скарбніца, кухонны флігель — некалі спалучаліся паміж сабой падземнымі хадамі. Гэта даведзены факт. Але ёсць і легенды — што падземны ход нібыта ішоў ад галоўнай сядзібы пад возерам і аж да царквы. А дзе падземныя хады — там і легенды пра схаваныя скарбы. Кажуць, іх трэба шукаць на дне возера.
Дрэвы
У парку старыя дрэвы, пасаджаныя яшчэ Чапскімі, чаргуюцца з маладзейшымі. Да комплекснага аднаўлення справа пакуль не дайшла, але відаць, нешта тут робіцца. Чыстка не бессістэмная: старыя дрэвы па магчымасці стараюцца захаваць, хоць бы і ў выглядзе толькі ствала са спіленай кронай. Хоць гэта ўдаецца не заўсёды — час робіць сваё.
Галоўная цяпер цікавостка сярод дрэў — амаль паўтысячагадовы дуб, які завецца «багародзічным». У абрысах ягонага дупла многія бачаць вобраз Багародзіцы. Дупло гэтае існуе здавён, яго можна пабачыць нават на здымках стогадовай даўніны. А таксама ў фільме «Дуброўскі» па матывах пушкінскага рамана, знятым у 1936 годзе. Фільмы, дарэчы, прыязджаюць сюды здымаць і цяпер.
Дрэва жыве і радуе вока багатай шапкай лісця і сённяшніх гасцей парку. Для ўстойлівасці яго ніжнюю частку ўмацавалі бетонам — шчэ многія пакаленні змогуць павітацца з гэтым сведкам далёкіх стагоддзяў.
Камень з часоў Трэцяга Статута
Найбольш старажытны скарб комплексу хаваецца за яго агароджай: камень-валун, пастаўлены на скрыжаванні дарог Радзівіламі яшчэ ў 1588 годзе. Раней на ім былі каваны крыж і пазначэнне даты кірылічнымі літарамі. Цяпер ад таго — толькі сляды. Крыж спілавалі ў 1980-я, надпіс счасалі цяжкой вайсковай тэхнікай у 1990-я.
Будзеце побач — падыдзіце да валуна — сведкі далёкіх падзей.
Гэты праект стаў магчымым дзякуючы «Суседскаму маёнтку» — брэнд сапраўдных беларускіх прадуктаў, якія нагадваюць пра слаўныя старонкі нашай гісторыі. Малако, кефір, масла, пельмені, ёгурт — знайсці прадукты вы можаце на паліцах крамаў «Суседзі» па ўсёй краіне. Купляйма сваё!