Кавуновы батальён Лукашэнкі: хто гэтыя дзяўчаты? ФОТЫ
30.08.2019 / 16:15
29 жніўня выдаўся насычаным днём для Аляксандра Лукашэнкі. Спачатку ён сустрэўся з Джонам Болтанам, памочнікам Трампа. А пасля заняўся зборам кавуноў у атачэнні прыгожых дзяўчат.
«Наша Ніва» пацікавілася, хто сёлета ўвайшоў у «жаночы кавуновы батальён».
Не абыйшлося без ужо звыклых твараў. У зборы кавуноў прынялі ўдзел даўнія спадарожніцы Лукашэнкі: яго прэс-сакратарка Наталля Эйсмант, супрацоўніца службы пратакола Дар’я Шманай і гімнастка Ксенія Санковіч.
Іх нярэдка можна пабачыць на розных мерапрыемствах побач з кіраўніком дзяржавы. Цяпер вось Наталля Эйсмант у цішотцы, прысвечанай Еўрапейскім гульням, ловіць кавуны, стоячы на борце прычэпа.
Таксама дапамагала збіраць кавуны Марта Голубева — актрыса Купалаўскага тэатра.
На здымку Марта Голубева — справа, у белай цішотцы.
Ёй 29 гадоў. На яе рахунку больш за 10 тэатральных роляў, больш за 20 роляў у кіно.
Але першасную вядомасць Голубева набыла не праз творчасць.
У далёкім 2008 годзе 18-гадовая Марта, яшчэ салістка ансамбля «Верасы», трапіла на вядомае фота з Лукашэнкам.
Так, гэта яна весела танчыць (на здымку справа) побач з беларускім кіраўніком.
Пасля Голубева суправаджала Лукашэнку на цырымоніі адкрыцця Вялікага тэатра. Была яна і на адкрыцці Купалаўскага тэатра пасля рэканструкцыі.
Яшчэ адна прыгажуня — Дар'я Краўчук. На фота яна злева, у чорным.
Дар'я родам з Нясвіжа, вучылася на факультэце журналістыкі БДУ на спецыяльнасці «інфармацыя і камунікацыя».
У 2017 годзе падчас вучобы на другім курсе Краўчук удзельнічала ў конкурсе прыгажосці «Міс Вясна», пераможцы якога пасля нярэдка суправаджаюць Лукашэнку на мерапрыемствах.
«Яшчэ да паступлення на журфак дзяўчына паспрабавала шмат хобі: грала на скрыпцы, ездзіла з ансамблем выступаць за мяжу, танчыла. У дзясятым класе Даша задумалася пра паступленне ва ўніверсітэт. Пачала актыўна вывучаць грамадазнаўства і ў выніку заняла першае месца ў рэспубліканскай алімпіядзе па гэтым прадмеце. Пасля гэтага Даша бачыла для сябе два шляхі: ці ісці на юрфак і здаваць яшчэ два ЦТ, ці пайсці на інфакам без аніякіх экзаменаў», — пісалі пра Дар'ю напярэдадні конкурса.
Наступная зборшчыца кавуноў — Ганна Іванова, ураджэнка Салігорска. Яна яшчэ студэнтка, вучыцца ў БДУ на факультэце міжнародных адносінаў.
На фота Ганна ў цэнтры, яна толькі што кінула кавун.
Дзяўчына прымала ўдзел у адкрыцці Еўрапейскіх гульняў, была не на трыбуне, а на полі з удзельнікамі. Вось, яна — «Бельгія».
На наступным здымку справа Марыя Багамалова.
Дзяўчына таксама ўдзельнічала ў цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў. Але была на трыбуне, разам з супрацоўніцамі службы пратакола.
Увогуле, падобна на тое, што на збор ураджаю запрасілі як проста знаёмых прыгажуняў Лукашэнкі, так і супрацоўніц службы пратакола. Апошніх можна было адрозніць па макіяжы і аднолькавых прычосках (Голубева і Санковіч, напрыклад, прыйшлі са «звычайнымі» прычоскамі).