Украіна і Расія праводзяць абмен палітвязнямі. Але ёсць пытанні
30.08.2019 / 07:27
«Абмен завяршыўся: маракі, (Алег) Сянцоў, (Мікалай) Карпюк, (Уладзімір) Балух, (Павел) Грыб ляцяць дадому», — напісаў у сваім фэйсбуку новы генпракурор Украіны Руслан Рабашапка.
Паводле інфармацыі, ва Украіну вярнуліся ўкраінскія маракі, якія былі захопленыя расійскімі памежнікамі пасля ўзброенага нападу ў Керчанскім праліве 25 лістапада — усяго 24 чалавекі.
Пазней сваякі маракоў паведамілі, што тыя ўжо дастаўлены ва Украіну. Самалёт нібы прызямліўся ў Кіеве.
Пра вяртанне Сянцова, Балуха, Грыба і Карпюка нічога не паведамляецца. Афіцыйнага пацвярджэння пакуль няма, СБУ раіць пачакаць. Украінскія СМІ скарэктавалі навіны.
Нагадаем, што 24-гадовы Павел Грыб быў выкрадзены пасля таго, як наведаў Беларусь.
Уладзімір Балух быў затрыманы ФСБ, таксама затрыманы 17 сакавіка 2014 года Мікалай Карпюк. Яго абвінавацілі ў злачынствах супраць расійскіх войскаў падчас першай вайны ў Чачні.
Самае гучнае імя ў спісе — жыхар Крыма, рэжысёр Алег Сянцоў. Ён быў арыштаваны вясной 2014 года і прысуджаны ў Расіі да 20 гадоў зняволення за супраціўленне анексіі паўвострава — паводле абвінавачвання, нібыта за арганізацыю дыверсійнай групы «Правага сектара». Ён не прызнаў сябе вінаватым, заявіў пра катаванні.
Летам 2018 года Сянцоў абвесціў галадоўку, патрабуючы вызвалення ўсіх украінскіх палітвязняў, асуджаных у Расіі. Яна працягвалася 145 дзён, аднак прымаў спецыяльную медыцынскую сумесь, каб не кармілі прымусова.