Трамп загарэўся ідэяй купіць Грэнландыю

16.08.2019 / 07:15

flickr.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выношвае ідэю выкупіць у Даніі Грэнландыю і ўжо абмяркоўваў такую ​​магчымасць са сваімі дарадцамі і адвакатамі. Аб гэтым піша газета The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з абмеркаваннямі.

У прыватнасці, як удакладняюць суразмоўцы, амерыканскі лідар пытаўся ў сваіх дарадцаў падчас сустрэч, абедаў і проста ў мімалётных гутарках, ці могуць ЗША купіць Грэнландыю, і з цікавасцю слухаў, як тыя выказваліся пра яе багатыя рэсурсы і геапалітычнае значэнне. Трамп таксама прасіў адваката ў Белым доме вывучыць гэтую ідэю, дадаюць суразмоўцы.

Частка дарадцаў прэзідэнта падтрымалі прэзідэнта ў яго ідэі набыць востраў, іншыя палічылі яе мімалётным захапленнем, якое ніколі не будзе рэалізавана, удакладняюць крыніцы выдання.

Па дадзеных газеты, у пачатку верасня Трамп здзейсніць свой першы візіт у Данію, хоць паездка не звязана з ідэяй магчымай куплі Грэнландыі, запэўніваюць суразмоўцы WSJ.

Белы дом і Дзярждэпартамэнт ЗША не адказалі на запыт аб каментарах. Прадстаўнікі каралеўскага дома Даніі і пасольства краіны ў Вашынгтоне таксама аператыўна не адказалі на запыт выдання. Гэтак жа паступілі і прадстаўнікі прэм'ера Грэнландыі і прадстаўніцтва выспы ў Вашынгтоне.

Грэнландыя — найбуйнейшы ў свеце востраў, размешчаны паміж Паўночным Ледавітым і Атлантычным акіянамі. Фармальна ён уваходзіць у склад Каралеўства Данія, але валодае шырокай аўтаноміяй. У прыватнасці, урад Грэнландыі вырашае ўсе ўнутраныя пытанні, кантралюе ўсе карысныя выкапні; за Даніяй застаецца кантроль над абаронай, замежнай і грашовай палітыкай. Насельніцтва Грэнландыі — каля 56 тыс. чалавек.

Nashaniva.com