Суўладальнік «П’янай вішні»: Беларусь падтрымлівае Расію, таму мы не хочам весці тут бізнэс

07.08.2019 / 18:32

Адзін з уласнікаў украінскай сеткі бараў «П’яная вішня» Андрэй Худо расказаў «НН», чаму яго бізнэс адмаўляецца прыходзіць у Беларусь і што ён думае пра адкрыццё ў Мінску ўстановы з ідэнтычнай назвай і канцэпцыяй.

Андрэй Худо. Фота facebook.com.

«У свой час мы прынялі стратэгічнае рашэнне не развіваць свой бізнэс у Беларусі. Чаму? Няма ніякіх гарантыяў для бізнэсу, які прыходзіць з Украіны. Гэта тычыцца не толькі Беларусі, але і Расіі, — кажа Андрэй Худо. — Каштоўнасці цывілізаванага свету аднолькавыя, як у гарантыях для бізнэсу, гэтак і ў палітычным кантэксце, гэтак і ў чалавечым. Менавіта таму еўрапейскія каштоўнасці нам бліжэйшыя. На жаль, цяпер Беларусь разварочваецца ў іншы бок. Тое самае і Расія, яе дзеянні сёння выходзяць за рамкі цывілізацыйных каштоўнасцяў.

Відавочна, што пазіцыя Беларусі адносна дзеянняў Расіі, яе лідараў, была адным з найважнейшых аргументаў пры прыняцці рашэнняў. Тэст «Чый Крым?» хутка здымае ўсе пытанні. І Беларусь тут не дае правільнага адказу.

Мы верым, што наш суседні народ прыме правільнае рашэнне ў выбары свайго цывілізацыйнага курсу і атрымае права на свабодную краіну. Менавіта тады мы будзем аднымі з першых, хто пачне развіваць сумесныя праекты.

Правы на інтэлектуальную ўласнасць — адна з такіх цывілізацыйных каштоўнасцяў. Стварэнне ідэй, канцэпцый, прадуктаў, брэндынг — гэта цяжкая праца, і яе вынікі абаронены ва ўсім цывілізаваным свеце. І калі хтосьці капіюе гэта, гэта відавочны крадзеж.

Вось што мы хочам данесці да ўладальнікаў бара, які з'яўляецца копіяй нашай «П'янай вішні». Гэта крадзеж, і вы злодзеі. І красці не добра, і па беларускім законе таксама амаральна і непрыстойна.

У нашай школе мы вучым дзяцей, што спісваць — гэта дрэнна, і не таму, што вы падманваеце, а таму, што кожны мае свае аўтарскія правы, і гэта будзе крадзеж. Вашым дзецям гэта быў бы таксама добры прыклад, і мы шчыра зычым гэтага.

Рэстаранны бізнэс пабудаваны на эмоцыях і гасціннасці і ніколі не можа быць скрадзены. Таму што людзі гэта адчуюць. Як гэта заўважна ў Крыме. Усе цывілізаваныя людзі ведаюць, што яго скралі.

Яшчэ адно кароткае паведамленне для ўладальнікаў мінскага бара: стварыце новыя сэнсы! Вам не трэба рабіць булачкі з катлетамі і называць гэта «Макдональдс», вам не трэба капіяваць фармат і называць яго цалкам сугучна львоўскай «П'янай вішні». Гэта не крэатыўна… Зразумейце, большасць паведамленняў мы атрымалі ад саміх беларусаў, бо яны былі ў Львове і нас ведаюць. Яны ведаюць брэнд, свет стаў бліжэйшым.

І з юрыдычнага пункту гледжання ў нас ёсць запатэнтаваная міжнародная гандлёвая марка EUIPO (Еўрапейскі саюз інтэлектуальнай уласнасці). Усім міру і канструктыву, а назву бара ў Мінску трэба мяняць. Жыве Беларусь!» — адказаў Андрэй Худо на пытанні «НН».

***

Бар «П'яная вішня» пачаў працаваць на вуліцы Зыбіцкай у Мінску на гэтым тыдні. Адзіны пункт меню — вішнёвая настойка. Многія ўбачылі ў гэтым падабенства з львоўскай «П'янай вішняй». Адзін з заснавальнікаў мінскага бара Сяргей Клянцоў сцвярджае, што ніякага плагіяту тут няма, а вішнёўка падаецца па ўласным рэцэпце. Беларусы звярталіся ва Украіну, каб набыць франшызу, але ім у гэтым адмовілі.

ЗП