«Па-першае, я з Пінска», або 25 адрасоў Сталіцы Палесся, якія немагчыма абмінуць ШМАТ ФОТА
ХХ стагоддзе з яго ўніфікацыяй наблізіла да адзінага блочна-бетоннага эталону ўсе беларускія гарады — асабліва невялікія, у якіх лягчэй задушыць архітэктурную спадчыну новабудоўлямі. Але Пінск захаваў свой стыль і логіку.
19.08.2019 / 10:22
Цэнтр горада, напрыклад, ляжыць на яго ўскрайку. Дый сам Пінск туліцца на ўскрайку Беларусі. Гэтая ўскрайкавасць, відаць, дапамагла яму захаваць тое, што ў цэнтральных раёнах даўно знікла.
Зрэшты, Пінск не так далёка, як можа падацца.
Але самая кароткая дарога да яго па кіламетрах — праз Нясвіж і Ганцавічы — самая доўгая па часе. Найлепш ехаць па Брэсцкай шашы ды каля Івацэвіч павярнуць налева. Тры гадзіны дарогі — і вось яна, Сталіца Палесся.
Атара авечак і шагалаўскіх коз у прыгарадзе самапасам пераходзіць праезную частку.
У спальных мікрараёнах — проста пры дварах, пад харчовымі крамамі, на спецыяльна пастаўленых сталах і на зямлі — ідзе гандаль палескімі паўкілаграмовымі памідорамі.
Усё гэта можна пабачыць, пакуль едзеш да цэнтра.
З паркоўкай у Сталіцы Палесся так: машыну можна паставіць, напрыклад, каля сіняга рачнога вакзальчыка, пад гмахам езуіцкага калегіума. І ўзняцца на крутую гару — у самую старую частку Пінска.
Пінск Войшалка
Далёкі ад Полацка, Вільні ды Мінска Пінск пару разоў адыграў у гісторыі Беларусі вырашальную ролю.
Невядома, ці ўтрымалася б, напрыклад, Вялікае Княства Літоўскае ў канцы ХІІІ стагоддзя, каб не пінскія дружыны. Магутная Галіцкая Русь навязвала маладой дзяржаве «саюзныя адносіны», князі-канкурэнты, забіўшы стваральніка ВКЛ Міндоўга, не маглі разабрацца, хто галоўны…
У Пінск уцёк Міндоўгаў сын Войшалк, ратуючыся ад забойцаў бацькі. Каб пасля з падтрымкай пінчукоў вярнуць сабе ўладу.
Самы цэнтр Пінска сямсот год таму ляжаў недзе між хрушчовак, што займаюць заходні край цэнтральнай плошчы Леніна.
Адсюль пачынае сваю экскурсію краязнавец Яўген Салейчук, які пагадзіўся паказаць нам Пінск.
Яўген Салейчук.
Адышоўшы два крокі ад плошчы, апынаешся на цудоўнай вулічцы Чайкоўскага —
тут з-пад асфальту вынырвае базальтавы брук, стаяць камяніцы і хаты з няроўнымі сценамі, сцяжына віецца на гарадскія валы, якія захаваліся на задворках суднарамонтнага завода.
Пінскі Бэтмэн
Як паўсюдна ў раённых гарадах сярод дня, цэнтральная плошча Пінска пуставатая. Ратуюць школьныя канікулы: моладзь з ролікамі і смартфонамі асвойвае гарадскую прастору навокал помніка… Каму гэта помнік?
Наймаладзейшыя кажуць — Бэтмэну: вунь які ў яго плашч.
Італьянскае не прыжылося
Дзеці гуляюць у цені самага старога пінскага будынка — езуіцкага калегіума.
Яго будавалі па ўзоры італьянскіх збудаванняў, з адкрытымі праёмамі ў арках першага паверха — як у Ягелонскім універсітэце Кракава.
Але на пачатку ХХ стагоддзя тыя праёмы замуравалі: ці то беларуская зіма стала халаднейшая, ці то густы змяніліся.
Чым толькі не быў ён за трыста год — і вучэльняй, і турмой, і загсам.
Цяпер тут музей. У ім можна пабачыць гліняны чарапок з урыўкам надпісу «рополчевіно»: магчыма, гэта аматар крафту ХІІІ стагоддзя надрапаў «Яраполкава віно». Ёсць у музеі і ровар, цалкам зроблены з дрэва — на ім у 1930-я прыехаў у горад селянін-паляшук Ільючык ды прадаў яго ў музей за дзесяць злотых.
Дамінанта
Побач з калегіумам, на плошчы стаяў касцёл Святога Станіслава — найбольшы ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Расказвалі, на яго 28-метровую вежу некалі ўзышоў шведскі кароль Карл ХІІ і, агледзіўшы бяскрайнія балоты, што разлягаліся за ракой, надрапаў на сцяне графіці на лаціне: «Non plus ultra» («Далей няма куды»).
Тут стаяў найбольшы будынак ВКЛ.
Балоты з той пары змяніліся мала, а вось касцёл узарвалі. Ён застаўся толькі на гарадскіх графіці.
Дух Вільні
У абрысах Пінска ёсць штосьці віленскае.
Увесь савецкі час тут шчасліва праіснавала вуліца Завальная, што агінала гарадскія валы. Была і свая Вялікая.
Цяперашняя вуліца Леніна, галоўная гістарычная вуліца старога Пінска, змяніла процьму назваў за час існавання. «Увесь час яна мела гэты прыметнік у сваёй назве (Вялікая Спаская, Вялікая Францішканская, Вялікая Кіеўская), — кажа Яўген Салейчук. — Я б спыніўся проста на Вялікай, каб пазбегнуць спрэчак і крыўд».
Яшчэ з савецкіх часоў гэтая вуліца пешаходная.
З сённяшняй беларускай сталіцай Пінск лучыць сучасная планіроўка:
як некалі праз Мінск прасеклі з захаду на ўсход вялізны праспект, так і ў Пінску «распахнулі» ад мінскай дарогі да мосту праз Піну вуліцу Першамайскую.
Соль
«Па-першае, я з Пінска» — такі дэвіз упрыгожвае помнік пінчуку, што сустракае гасцей на пачатку вуліцы.
Так нібыта пінчукі казалі замест прывітання, выбраўшыся з роднага места. Па адзежы гэта селянін: саламяны капялюш, лубяная кайстра, але ёсць у ім штосьці і ад мясцовага яўрэйскага купца мінулых стагоддзяў, якога ўяўлялі з мехам солі.
Пінскія яўрэі кантралявалі гандаль соллю. І, ходзіць такая байка, менавіта яны, баючыся страціць аднамомантную выгоду, былі супраць таго, каб праз Пінск пракладалі чыгунку. У выніку чыгунка пайшла праз вёску Лунінец і зрабіла з яе горад. А Пінск — застаўся Пінскам.
Сучасная пінская сінагога.
Ванна, тэлефон і танцы
На рагу пешаходнай вуліцы, як напамін пра залатыя, шчодра пасыпаныя дарагой соллю часы — будынак былога гатэлю «Англійскі».
У яго нумарах люкс у пачатку ХХ стагоддзя былі тэлефоны і ванны. Праўда, вадаправоду не было і напаўнялі іх уручную. А за гатэлем, бліжэй да ракі, стаяў рэстаран «Парадыз», што славіўся жаночай танцавальнай групай «фурданцэрак» (так у Пінску называлі дзяўчат, што прыехалі сюды шукаць шчасця і зараблялі танцамі).
А непадалёк стаіць будыначак, які таксама славіўся жаночай групай, але не танцавальнай. Той калектыў, кажуць, існаваў пры ўсіх уладах — і пры паляках, і пры бальшавіках, і пры немцах.
Дыямент
Але варта вярнуцца назад, на пешаходную вуліцу. Тым больш, што наперадзе — візітоўка сучаснага Пінска — Катэдра, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Закладзены яшчэ ў канцы XIV стагоддзя, ён быў перабудаваны з каменя ў XVIII ст., ва ўрачыстай, але без надмернай пышнасці беларускай барокавай стылістыцы.
Касцёльны двор.
Тое самае месца 150 год таму, на гравюры Напалеона Орды.
Па гэтым адносна невялікім храме можна хадзіць гадзіну.
Разглядаць амбон, балдахін над якім, магчыма, зроблены з цэльнага кавалка дрэва, самы стары абраз XVI ст., арган, аднаўленне якога фундаваў заснавальнік партала Tut.by Юры Зісер.
Самы стары абраз касцёла — яму чатырыста год.
Цікавая і фрэска пачатку ХХ ст. — на ёй, поруч з героямі біблейскай гісторыі, паказаныя пінчукі ў тагачасных строях: селянін з сялянкай, інтэлігент і хлопчык.
У скляпеннях пінскай Катэдры пахаваны кардынал Казімір Свёнтак, які многа зрабіў для захавання каталіцтва ў савецкія часы і для таго, каб яно ў часы незалежнасці зрабілася беларускім.
Мама Пінская
Але самы славуты абраз у храме — Пінская Мадона Альфрэда Ромера.
Пінская Мадона Альфрэда Ромера — у цэнтры здымка.
Цікава, што мастак маляваў Божую Маці з мясцовай яўрэйскай жанчыны.
Кардынал Казімір Свёнтак успамінаў, што ў савецкі час Эрмітаж прапаноўваў фінансаваць рэстаўрацыю ўсяго касцёла, абы толькі аддалі ім у Ленінград Мадону. Але Свёнтак не аддаў: «Як Пінск будзе без Мамы Пінскай?»
Свёнтак
Вулічка Казіміра Свёнтака — тут жа, спускаецца ад францішканаў да Піны, узбоч будынкаў семінарыі.
Казімір Свёнтак
Першы беларускі кардынал. Нарадзіўся ў Эстоніі ў 1914 у польскай шляхецкай сям’і. У час Першай сусветнай вайны сям’я трапіла ў Беларусь. У Пінску вучыўся ў духоўнай семінарыі ў 1930-я. Адбыў 10 год у ГУЛАГу. Ад 1954-га быў пробашчам у Пінску. У 1991-м стаў арцыбіскупам новаўтворанай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, да якой адносіцца і Пінская дыяцэзія. Памёр у 2011.
Прачыненыя дзверы ў скляпенне, дзе за кратамі, у паўзмроку — мармуровая труна Свёнтака. Непадалёк у двары касцёла батут, на якім скачуць дзеці.
Кава са смакам агурка
Калі гандаль соллю страціў сэнс, галоўным пінскім бізнэсам былі агуркі. Пінск, а дакладней вёска Пінкавічы непадалёк, лічылася агурковай сталіцай Беларусі. Але і гэта ў мінулым: такіх мегапарнікоў, як бліжэй да Турава, у Альшанах ды Рублі, тут не пабачыш.
Пінск замацаваў за сабой імідж агурковай сталіцы іншым спосабам: на пешаходнай вуліцы цяпер можна паспытаць «каву па-пінску» — са смакам агурка.
Пінская шляхта
Мала хто, апроч спецыялістаў, ведае, што арыгінал камедыі «Пінская шляхта», знойдзены ў паперах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, быў напісаны пінскай гаворкай, а не літаратурнай беларускай мовай, якой твор сёння чытаюць у школах. І адзінае месца ў краіне, дзе ўжывую можна пачуць, як насамрэч гаварылі Пратасавіцкія ды Цюхай-Ліпскія — Палескі драматычны тэатр імя Дуніна-Марцінкевіча ў Пінску. Цяпер ён перажывае лёгкі рамонт.
Набярэжная
Цяжка паверыць, што яшчэ пару дзясяткаў год таму, у савецкі час, у цэнтры Пінска не было ні кавярняў, ні іншых атракцый. І ўлюбёным месцам сустрэч моладзі была набярэжная Піны.
Тая набярэжная пад старымі ліпамі дагэтуль папулярная, хоць і ў атракцыях сёння недахопу няма.
Адзіны мост цераз Піну разбурылі і будуць мяняць: настрашыла аварыя тураўскага мосту, дзе некалькі год таму абваліўся пралёт. А для аўто паставілі грымучы пантонны пераезд.
Дом Грэгаровіча
Набярэжная ідзе паралельна пешаходнай вуліцы Леніна. На спуску да яе — дом Грэгаровіча. Грэгаровіч быў славутым пінскім рэстаратарам пачатку ХХ стагоддзя. У яго рэстаране бывалі палітыкі, грамадскія дзеячы, літаратурныя класікі. Стаяў ён далей, пры канцы вуліцы. А асабняк хаваецца ў засені вялізных грэцкіх арэхаў, іх леташняе шалупінне трашчыць пад нагамі.
Капусцінскі
Рэстаран Грэгаровіча, а дакладней цукерня, якая была пры ім, захавалася ў дзіцячых успамінах Рышарда Капусцінскага — польскага пісьменніка і журналіста, якога называлі «каралём рэпартажу».
Дзіцячыя гады Капусцінскага прайшлі ў Пінску — бацькі-педагогі прыехалі сюды з Польшчы, шукаючы працы. А ў 1939-м, ратуючыся ад вывазу ў Сібір, яны вярнуліся на захад.
Як Марк Шагал шукаў родны Віцебск ва ўсіх гарадах, дзе даводзілася жыць, так і Капусцінскі шукаў паўсюль сляды таго, памятнага з дзяцінства Пінска.
У цукерню Грэгаровіча мама брала малога Рышарда «на лёды», калі ён добра сябе паводзіў. А добра сябе паводзіў ён — заўсёды.
Цудам захаваўся дамок, у якім жыла сям'я Капусцінскіх. Ён досыць далёка ад цукерні Грэгаровіча. Цікава, што проста насупраць яго — новая незвычайная крама-кавярня.
Гаворка пра «Кактэйль» на Першамайскай, 55.
Напоі са смакам падарожжаў
Падарожнік Капусцінскі, які аб'ехаў Афрыку, Лацінскую Амерыку, Азію ацаніў бы яе. Тут можна паспытаць каву і гарбату з усяго свету.
Уласнік гэтага месца — «Кактэйля» на Першамайскай, 55 — Ігар Уфімцаў, таксама добра павандраваў: ён родам з расійскага Пракоп'еўска Кемераўскай вобласці, вучыўся ў Ленінградзе на горнага інжынера і быў размеркаваны ў Салігорск, на калійныя шахты.
Ігар Уфімцаў.
Сёння ён уласнік кампаніі «Энергія», у якой працуе 140 чалавек (афіцыйны дыстрыб'ютар гандлёвай маркі «Ahmad Tea»). Гісторыя яго поспеху — гэта гісторыя энергічнага чалавека ў 90-я: упрогся ў бізнэс, займаўся тэхнікай, камп'ютарамі, віном. Урэшце прыкіпеў да кавы і гарбаты — займаецца імі больш за 20 год!
Крамы ў Пінску (і яшчэ дзве ў Салігорску) для яго не проста гандлёвыя кропкі, але і місія: вяртаць культуру піцця кавы і гарбаты і добры густ на іх.
Ігар можа гадзінамі расказваць, які чай дзе расце і чым высакагорны розніцца ад раўніннага, якую каву і як трэба малоць, каб атрымаць ідэальны смак (і паслясмак!)
І такіх самых энцыклапедычных ведаў дабіваецца ад сваіх работнікаў.
Яго крама-кавярня, аздобленая ў эксперыментальным старалонданскім стылі — з зялёнымі панэлямі на сценах, буккросінгам і стылёвымі свяцільнікамі — чакае вяртання з канікулаў студэнцкае моладзі.
Бізнэсы
Увогуле, незвычайныя бізнэсы — пінская фішка. На ўзбярэжжы Піны мы пазнаёміліся са Святаславам, капітанам катамарана з маторам, які катае па рацэ ўсіх ахвотных.
Свой карабель ён спраектаваў сам. Круціць штурвал, абмінаючы лескі паляўнічых на самоў.
Ці не сварацца рыбакі, што палохае рыбу? Не, кажа наадварот — як праплыве катар, сом лепей бярэцца. А бярэцца сом не абы на што — на смажаную курыцу. Нятанная гэта жарсць: пінская рыбалка.
Насустрач нясуцца школьнікі на каноэ — трэніруецца спартыўная школа.
Ракета на падводных крылах — такія раней плавалі аж да Кіева, а ў наваколлі Пінска замянялі мясцовыя рэйсавыя аўтобусы. Рух спыніўся пасля Чарнобыля: зменшылася плынь пасажыраў.
Помнік уюну
Пінск — напэўна, адзінае месца на свеце, дзе дзве ракі, зліўшыся, адразу ж разыходзяцца зноў. У нетаропкую Піну ўпадае Струмень, як тут называюць верхнюю Прыпяць. А праз пару дзясяткаў метраў яна зноў адасабляецца, зрабіўшы рэзкі паварот убок.
Найлепшы ракурс на гэтае зліццё-разліццё — ад помніка ўюну: яшчэ адной пінскай унікальнасці.
Увогуле, рыбам помнікаў ставіць не прынята, але тут выключны выпадак: палескі ўюн карміў пінчукоў замест іх бедных забалочаных палеткаў. Уюноў тут налоўлівалі і насушвалі цэлыя мяхі.
Залатыя Пяскі і Сабачка
На месцы сутоку Піны і Прыпяці святлее гарадскі пляж Залатыя Пяскі. Аматараў пазагараць у красавіцкае надвор’е канца ліпеня знаходзіцца нямнога.
Хоць у сезон, кажа Святаслаў, ён рэгулярна возіць людзей на пляж. Апроч Залатых Пяскоў, за мостам ёсць яшчэ адзін пляж, безназоўны. А мясціна за ім называецца Сабачка. Чаму — невядома. Брутальная версія кажа, што раней там негуманна развітваліся з хатнімі гадаванцамі.
Гэтаму лайдаку, які плавае разам з Святаславам, нічога не пагражае.
Палац Бутрымовіча
«На Палессі што ні грунцік — то Скірмунцік… што ні морда — то Орда». Так вольна сто год назад рыфмавалі топавых пінскіх землеўласнікаў.
Бутрымовічы, Скірмунты, Орды былі тут найбольшымі абшарнікамі, з іх сем’яў выходзілі палітыкі, мастакі, дзяржаўныя дзеячы.
Старыя гарадскія могілкі мала дзе захаваліся. Мармур ды граніт мінскіх помнікаў пайшоў на аздабленне новых тратуараў. У Янаве на месцы фамільнага склепа Напалеона Орды стаіць школа. Пінск з яго вялізным цвінтаром ХІХ стагоддзя — унікальны.
І ўсе яны парадніліся за стагоддзі. Вось, напрыклад, пінскі палац Бутрымовіча, які, згодна з легендай, закладаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, нейкі час належаў Скірмунтам.
А славуты мастак Напалеон Орда быў таму Бутрымовічу родны ўнук, і яго ўнікальныя гравюры, па якіх мы аднаўляем выгляд нашай краіны 150 год таму, тут захоўваліся.
Матабол
Палац Бутрымовіча стаіць пры вуліцы Равецкай — яшчэ адна старая назва, ад слова «роў».
Спуск уніз, да рову, які бараніў старажытны замак, дагэтуль чытаецца ў сучасным пінскім рэльефе.
І вялікімі дажджамі палац залівае: ірыгацыйная сістэма была парушаная, калі ў 1960-я паміж палацам і Пінай збудавалі гатэль «Прыпяць».
А побач — гатэль, пастаўлены ў пачатку 1980-х спецыяльна для ўдзельнікаў Чэмпіяната Еўропы па матаболе.
Гэта той самы футбол, толькі на матацыклах. Пінск у савецкія часы лічыўся сталіцай не толькі Палесся і агуркоў, але і беларускага матаболу.
Хоць не ўсе традыцыі куртуазных часоў Бутрымовіча і Панятоўскага заняпалі: у афіцыне палаца цяпер месціцца адзін з самых модных начных клубаў Пінска.
Каралін
За палацам Бутрымовіча пачынаецца перадмесце Каралін. Тут захаваліся драўляныя аднапавярховыя дамкі і вуліцы, па якіх бегала, прыязджаючы з Кіева на лета да бабулі, будучая прэм’ер-міністр Ізраіля Голда Меір.
Але вялізны каменны замак Вішнявецкіх не захаваўся. Хоць любы карэнны пінчук раскажа вам штосьці пра падземныя хады недзе ў раёне студэнцыкіх інтэрнатаў Палескага ўніверсітэта.
Руіны замка Вішнявецкіх у часы Напалеона Орды.
У Караліне захаваліся драўляныя будынкі часоў міжваеннай Польшчы, збудаваныя ў модным тады стылі функцыяналізму.
Дзе вянчаўся Колас?
Тут жа непадалёк — праваслаўная Свята-Варварынская царква. Шыльда на ёй сведчыць, што ў гэтым храме Якуб Колас вянчаўся з сваёй жонкай, Марыяй Каменскай. Будучы класік літаратуры, адседзеўшы ў турме за грамадскую дзейнасць, у 1912-м знайшоў у Пінску працу настаўніка і жыў тут некалькі год.
Праўда, абазнаныя людзі кажуць, што іх вянчалі зусім не тут, а ў чыгуначнай царкве на вакзале, дзе быў святаром будучы цесць.
Побач з царквой захаваўся кляштарны будынак, у якім на пачатку ХХ стагоддзя была гарадская радзільня. Тут з'явіўся на свет Рышард Капусцінскі. І гэта ўжо неаспрэчна.
А сама царква мае выяўныя каталіцкія абрысы. І гэта не дзіва: будавалася яна ў XVIII стагоддзі як бернардынскі касцёл, а праваслаўным была аддадзеная пасля паразы паўстання 1830—31-га.
Манахі-камуністы
А на суседняй вуліцы — касцёл камуністаў. Быў такі манаскі ордэн, што спавядаў жыццё ў камуне. Яшчэ да Маркса і Леніна.
«Барочная цацка, якой мог бы ганарыцца любы еўрапейскі горад» — так называў гэты будынак Уладзімір Караткевіч, заклікаючы яго зберагчы.
І гэта ўдалося. Касцёл быў занядбаны ў савецкі час, а сёння тут канцэртная зала. Афіша запрашае на канцэрт музыкі Шапэна.
Жылгарадок
Рэшткі старога малапавярховага Пінска, ферментаванага і перасыпанага навейшымі шматкватэрнікамі, мы бачылі цягам усёй вандроўкі па горадзе.
Сучасны ж катэджны пасёлак знаходзіцца там, дзе Пінск зліваецца з вёскай Крайнавічы. Была ў 1990-я спроба афіцыйна назваць Крайнавічамі ўсю гэту частку Пінска. Але не прыжылося: завуць па-ранейшаму Жылгарадок. Яго фешэнебельны раён адкрываецца баптысцкай царквой.
Евангелісцкія традыцыі на Палессі моцныя, баптысты цвярозыя, працавітыя і дружбістыя. Многія з гэтых акуратных дамкоў належаць ім.
Падгародцы і зарачукі
Цікава, што самі пінчукі ніколі не называлі сябе палешукамі. «Не, гэта не мы, — казалі яны прыезджым этнографам. — Палешукі там, далей». І махалі рукой кудысьці за далягляд.
А як называліся? Тых, хто жыў у ледзь акультуранай пінска-прыпяцкай сельве, за ракой Пінай, называлі зарачукамі. Ставіліся да іх падазрона. Падгародцамі ж зваліся жыхары паўночнага, высокага і сухога берага Піны. Тыя, хто мог даехаць да Пінска і абыдзень дамоў вярнуцца. Так што і тут Піна вызначала, хто ты.
Галоўны сакрэт Піны
Але пра галоўны сакрэт дзівоснай пінскай ракі мы ледзь не забыліся. Па Піне ж можна выплысці ў любы акіян. Паплывеш уверх — праз Буг і Віслу трапіш у Балтыку. Паплывеш уніз — праз Прыпяць і Дняпро трапіш у Чорнае мора. Так што Пінск, фактычна, ляжыць у сярэдзіне свету.