Ці магчыма збудаваць «міні-краіну» ў эміграцыі? Польская вёска на беразе Басфора

Адно з самых незвычайных польскіх паселішчаў у гісторыі мае назву Адампаль, або Паланэзкёй. Незвычайнасць — у тым, што яно было заснавана не на этнічных польскіх землях, а ў Турцыі, непадалёк ад Стамбула, на азіяцкім узбярэжжы праліва Басфор. Піша Сяргей Егарэйчанка.

01.03.2020 / 21:01

Усе нацыі схільныя перабольшваць уласную цярпімасць да іншых народаў і рэлігій і недаацэньваць талерантнасць іншых. Пра гэта ўспамінаеш, калі чытаеш пра гісторыю вёскі Паланэзкёй, якая цяпер ператварылася ў прадмесце 20-мільённага Стамбула.

Адкуль палякі ў Турцыі

Самім фактам свайго існавання Адампаль быў абавязаны антырасійскаму паўстанню 1830—1831 гадоў, якое ахапіла і беларускія землі. Пасля яго задушэння тысячы кіраўнікоў і простых удзельнікаў паўстання, цудоўна ўсведамляючы свае перспектывы ў новых рэаліях, былі вымушаныя пакінуць зямлю продкаў і адправіцца ў эміграцыю.

Але нямала былых паўстанцаў засталося і на радзіме, дзе яны патрапілі пад рэпрэсіі. У якасці пакарання ўлады Расійскай імперыі адпраўлялі іх на катаргу ў Сібір ці на Каўказ у «штрафбаты», якія дзейнічалі на пярэднім краі баявых дзеянняў. Многія з гэтых людзей трапілі ў чаркескі палон, стаўшы рабамі, якіх выкарыстоўвалі на катаржных працах. Многіх нявольнікаў чаркесы прадавалі сваім адзінаверцам — туркам, і такім чынам яны траплялі на тэрыторыю Асманскай імперыі.

Фота: shutterstock, by Еupmrt.

Разам з тым нямала палякаў трапляла ў Турцыю і як вольныя людзі. Традыцыйна Турцыя была супернікам Расійскай імперыі, а таму даволі лаяльна ставілася да яе праціўнікаў, даючы ім прытулак на сваёй тэрыторыі. Праўда, матэрыяльнае становішча такіх эмігрантаў звычайна было вельмі складаным: яны не мелі ні зямлі, ні іншых сродкаў для існавання.

Вёска імя Адама Чартарыйскага

Сярод былых паўстанцаў, якія пасля паразы эмігравалі ў Еўропу, быў і князь Адам Чартарыйскі, якога многія ў выпадку поспеху выступлення бачылі польскім каралём. Яму была добра вядомая сітуацыя з палякамі ў Турцыі, і як чалавек з выключным палітычным досведам ён паспрабаваў скарыстаць яе ў сваіх інтарэсах.

У 1841 годзе Чартарыйскі даручыў аднаму са сваіх найбліжэйшых паплечнікаў, Міхалу Чайкоўскаму, далікатную місію: той мусіў стварыць у Турцыі пляцоўку для рэалізацыі польскіх стратэгічных мэтаў без прыцягнення ўвагі Францыі, якая вяла сваю палітычную гульню з Расіяй. Пляцоўка мусіла аб’яднаць палякаў-эмігрантаў, якія заставаліся вернымі сваім нацыянальным ідэалам і ўмелі трымаць у руках зброю.

На грошы Чартарыйскага Чайкоўскі выкупіў у туркаў з рабства палонных палякаў, а таксама заняўся пошукамі тэрыторыі для заснавання аўтаномнай польскай дыяспары на Басфоры.

На гербе Паланэзкёя — польскі арол і турэцкі паўмесяц. Фота: Wikimedia Commons.

Такая пляцоўка была знойдзена ў Бейкозе, за сто кіламетраў ад Стамбула. У той час яна насіла неафіцыйную назву «Цыганскі табар», бо была месцам, дзе часта спыняліся цыганы. Атрымаўшы дазвол турэцкіх уладаў і фінансаванне Чартарыйскага, Чайкоўскі выкупіў гэтую зямлю і заснаваў там вёску, якая атрымала ў гонар Адама Чартарыйскага назву Адампаль. Неўзабаве на новапрыдбанай зямлі з’явіліся першыя дамы. А афіцыйнай датай заснавання вёскі лічыцца 19 сакавіка 1842 года.

Без грошай, кніг і жанчын

Нягледзячы на тое, што турэцкі ўрад выдаў адозву да сваіх грамадзян, заклікаючы іх выпусціць на волю палонных за мінімальны кошт, гэта ў выніку каштавала Чартарыйскаму круглую суму. І хоць ініцыятары стварэння польскай калоніі ў Турцыі неаднаразова заклікалі іншых заможных суайчыннікаў дапамагчы ў яе фінансаванні, тыя зусім не спяшаліся даваць грошы на місію Чайкоўскага. Увесь цяжар фінансавання Адампаля так і давялося несці на сабе Чартарыйскаму, таму грошай катастрафічна не хапала. Першыя пабудовы ў Адампалі нават не мелі падмуркаў.

Сітуацыя была настолькі цяжкай, што з першых дванаццаці пасяленцаў у Адампалі праз некалькі гадоў засталося толькі тры. Але ўжо праз дзесяць гадоў пасля заснавання вёскі справы пачалі крыху лепшаць.

Нягледзячы на камяністую і неўрадлівую глебу, насельнікі Адампаля спрабавалі займацца земляробствам, жывёлагадоўляй і лясным промыслам. Традыцыйна яны спецыялізаваліся на гадоўлі свіней для продажу немусульманам, якія жылі ў гэтым рэгіёне.

Апроч грошай, ім не хапала і шмат чаго іншага. Так, пасяленцы адчувалі востры недахоп кніг на польскай мове, інструментаў і нават… жонак. Вядома, што першымі пасяленцамі былі польскія жаўнеры-мужчыны, у масе сваёй адзінокія. Сітуацыя пачала выпраўляцца толькі ў 1850-х, калі ў Адампаль пачалі прыбываць таксама жанчыны-полькі.

Росквіт калоніі

Другая хваля іміграцыі палякаў у Адампаль адбылася ў 1856 годзе, пасля Крымскай вайны супраць Расіі. У Адампалі асела некалькі дзясяткаў ветэранаў польскай дывізіі генерала Уладзіслава Замойскага, якая ваявала ў складзе турэцкага войска, а таксама жаўнеры, якія змагаліся супраць Расіі ў шэрагах казацкага палка, створанага Чайкоўскім. У 1859 годзе ў Адампаль дадаткова перасяліліся яшчэ каля дваццаці польскіх эмігрантаў, якія першапачаткова планавалі асесці ў куды больш урадлівым і спрыяльным для жыцця рэгіёне Фесалія — але штосьці пайшло не так.

Ганна Дахода і Ян Дахода, пачатак ХХ стагоддзя. Ян Дахода прыехаў у Адампаль пасля Крымскай вайны ў 1856 годзе і стаў заснавальнікам сям’і Даходаў, якая адыграла значную ролю ў развіцці Адампаля. Ягоныя нашчадкі жывуць у Паланэзкёі і сёння. Фота: facebook.com/adampolpolonezkoy

Паступова паселішча разрасталася. У Адампалі пачалі сяліцца не толькі палякі, але і прадстаўнікі іншых славянскіх народаў. Шматлікую групу ўтваралі казакі. Умовай для новых пасяленцаў-мужчын была прыналежнасць да славянскай сям’і, а таксама вызнаванне каталіцызму. Умовы для жанчын былі нашмат менш жорсткімі, таму з цягам часу ў Адампалі пасяліліся і ўтварылі сем’і не толькі полькі, але і армянкі, грачанкі, казачкі і нават турчанкі.

Фота: Wikimedia Commons.

Нягледзячы на стракаты нацыянальны склад, насельнікаў Адампаля аб’ядноўвалі польская мова і шанаванне польскіх традыцый. Праз сорак гадоў пасля заснавання паселішча пераўтварылася ў амаль што тыповую польскую вёску. Штодзённая цяжкая праца прынесла свой плён — з цягам часу матэрыяльнае становішча мясцовых жыхароў адчувальна палепшала.

Даволі хутка Адампаль стаў сімвалам польскай эміграцыі. Доўгі час асноўную частку насельніцтва складалі былыя жаўнеры, якія марылі пра барацьбу за незалежнасць Польшчы і выступалі за ўзброеную барацьбу палякаў супраць Расійскай імперыі.

Аднак з часам ваяўнічасць пасяленцаў пачала згасаць. Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Адампалі жыло каля 150 чалавек, большасць з якіх была людзьмі, якія паспелі пусціць карані на гэтай не надта гасціннай зямлі. Маладыя адампальцы паступова пачалі ўспрымаць Польшчу як прыгожы міф, успрымаючы як сваю малую радзіму менавіта Адампаль.

Праз выпрабаванні

Завяршэнне Першай сусветнай вайны прынесла адраджэнне незалежнасці Польскай Рэспублікі. Некаторыя жыхары Адампаля скарысталіся з гэтай нагоды, вярнуўшыся на зямлю продкаў, аднак большая частка вырашыла застацца ў сваім новым доме. Іх жыццё ў гэтыя бурлівыя гады не было спакойным. Падчас грэка-турэцкай вайны 1920—1922 гадоў фронт некалькі разоў праходзіў праз Адампаль, жыхары былі вымушаныя хавацца ў Стамбуле. Нягледзячы на тое, што вёска не асабліва пацярпела ў выніку баявых дзеянняў, некалькі дамоў усё ж такі былі спаленыя разам з вясковым архівам. Тры жыхары Адампаля загінулі, апынуўшыся ў нядобрую гадзіну на шляху банды дэзерціраў.

Не дадало спакою жыхарам Адампаля і абвяшчэнне Турэцкай Рэспублікі, якое адбылося ў 1923 годзе. «Бацька ўсіх турак» Мустафа Кемаль будаваў дзяржаву на прынцыпах нацыянальнай еднасці. Польская вёска, жыхары якой падкрэслена вызнавалі каталіцызм і размаўлялі па-польску, шмат каму муляла вока. Даходзіла да таго, што гучалі прапановы перайменавання Паланэзкёя (як афіцыйна называлі Адампаль у Турцыі ад пачатку ХХ стагоддзя, даслоўна гэта абазначала «Польская вёска») у Кіразкёй («Чарэшневая вёска»). Перашкодзіла гэтаму толькі ўмяшанне польскага пасла. Але турэцкія ўлады ліквідавалі польскую школу і не давалі дазволу на службу ксяндза ў Адампалі.

Пасля палявання, 1930-я гады. Паляванне на дзіка было адным з галоўных заняткаў мужчын у Адампалі. Фота: facebook.com/adampolpolonezkoy

У канцы 1930-х значная частка жыхароў Адампаля-Паланэзкёя вырашыла, што ў выпадку прыняцця імі турэцкага грамадзянства ўлады пагодзяцца на кампраміс у пытанні культурнай аўтаноміі вёскі. Афіцыйны статус грамадзян Турэцкай Рэспублікі быў нададзены адампальцам у 1938 годзе, аднак урад усё адно не спяшаўся ісці на саступкі ў пытаннях адукацыі і веравызнання. Не змяніла прынцыпова сітуацыі і Другая сусветная вайна. Пасля яе ўлады так і не дазволілі аднавіць польскую школу і душпастарскую дзейнасць ксяндза. Жыхары Паланэзкёя былі вымушаныя задаволіцца душпастарскай місіяй у Стамбуле.

У 60-я гады моладзь паступова пачала з’язджаць з роднай вёскі, прагнучы добрай адукацыі і добрых заробкаў. Найбольш папулярнымі кірункамі сталі ФРГ і Аўстралія.

Турыстычная Мекка

Але пры гэтым і сам Адампаль-Паланэзкёй імкліва змяняўся. У 1960 годзе была пракладзена новая дарога са Стамбула замест старой, разбітай, а ў 1973-м вёска была электрыфікаваная. Змяніўся і сам імідж Адампаля. Яшчэ ў 50-х — пачатку 60-х яго ведалі толькі як даволі паспяховы сельскагаспадарчы цэнтр, але ўжо пры канцы 60-х — пачатку 70-х гадоў вёска стала і значным турыстычным аб’ектам.

Тады і многія адампальцы, у тым ліку моладзь, зразумелі, што цяпер няма вялікага сэнсу з’язджаць, калі сам брэнд Паланэзкёя няблага прадаецца.

Жыхары Адампаля і прадпрымальныя туркі, якія пачалі масава сяліцца тут, адкрывалі гатэлі, кавярні, рэстараны, месцы для сямейнага адпачынку.

Від на Адампаль. Другая палова ХХ стагоддзя. Фота: facebook.com/adampolpolonezkoy

Зрэшты, гэта ўсё цалкам укладалася ў традыцыі Адампаля. Яшчэ ў 1849 годзе Міхал Чайкоўскі пісаў у лісце да Адама Чартарыйскага: «У паселішчы зараз усё ў парадку і ідзе досыць добра, але ў той жа час мы маем вельмі шмат візіцёраў і падарожнікаў, якім не можам адмовіць у гасціннасці, што патрабуе ад нас вялікіх выдаткаў». У розныя часы адампальцы прымалі ў сваёй вёсцы сусветных знакамітасцяў, сярод якіх былі венгерскі кампазітар Феранц Ліст (1847 год) і французскі пісьменнік Гюстаў Флабэр (1850), прэзідэнты Турцыі Мустафа Кемаль Атацюрк (1937) і Кенан Эўрэн (1985), прэзідэнты Польшчы Лех Валенса (1994) і Аляксандр Кваснеўскі (1996, 2000). Марылі адампальцы ўбачыць на сваёй зямлі і яшчэ аднаго знакамітага суайчынніка, папу Яна Паўла ІІ, які наведваў Турцыю ў 1979 годзе, але былі вымушаныя задаволіцца сустрэчай з ім у Стамбуле.

У нашы часы Паланэзкёй — папулярнае месца адпачынку. Цяпер тут жыве каля чатырохсот чалавек, але толькі траціна з іх — палякі.

Польскай мовай валодаюць толькі прадстаўнікі старэйшага пакаленння, якія з жалем зазначаюць, што Polonia знікне ў Адампалі разам з іх смерцю. Падобна, што ў нечым старажылы Паланэзкёя маюць рацыю, і ўжо ў хуткім часе апошнім аплотам польскасці тут стануць могілкі. Але створаны іх продкамі рамантычны вобраз эмігранцкага паселішча, «апошняй незлежнай польскай гміны», як называлі Адампаль яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя, доўгі час будзе прывабліваць сюды тысячы турыстаў са ўсяго свету.

На гербе Паланэзкёя побач знаходзяцца польскі арол і турэцкі паўмесяц, польская мова вельмі папулярная ў аздабленні шыльдаў турыстычных аб’ектаў, а мухтарам (старастам) паселішча традыцыйна абіраецца паляк.

 ***

Вядомыя людзі, звязаныя з Адампалем (Паланэзкёем)

Як гэта часта бывае, памежжа культур высякае ў людзях інтэлектуальныя іскры.

У Паланэзкёі нарадзілася вядомая турэцкая оперная спявачка Лейла Генджэр (1928—2008), якую называлі турэцкай дзівай. Яна мела польска-літоўскія карані па маці, Аляксандры Ангеле Мінакоўскай, якая пры нараджэнні была нават ахрышчаная паводле каталіцкага абраду, але пасля прыняла іслам.

Пэўны час у Адампалі жыў прадзед па мацярынскай лініі вядомага турэцкага паэта-камуніста Назыма Хікмета (1902—1963) Канстанцін Бажэцкі (1826—1876), які перабраўся ў Турцыю пасля еўрапейскай «Вясны народаў» 1848 года. Пазней ён прыняў іслам, паступіў на службу ў турэцкае войска і быў аўтарам французскамоўнай манаграфіі «Старажытныя і сучасныя туркі».

Таксама ў Адампалі жыла, памерла і пахаваная Людвіка Снядэцкая (1802—1866), жонка Міхала Чайкоўскага. Яна была дачкой вядомага польскага біёлага Енджэя Снядэцкага і каханай жанчынай — праўда, без узаемнасці — славутага паэта Юльюша Славацкага. 

Сяргей Егарэйчанка