Інданезія і Тайланд больш не рады бэгпэкерам
14.07.2019 / 10:57
Begpackers — гэтае слова ўтварылася ад гульні слоў. Beg — па-ангельску прасіць ласку, міласціну. А backpacker, ад backpack, — турыст, які вандруе з адным заплечнікам. Бэгпэкерамі называюць падарожнікаў, якія выпраўляюцца без капейкі і просяць міласціну ў вандроўцы.
Манера ездзіць па свеце, просячы грошы па дарозе, стала модай за апошняе дзесяцігоддзе. Першыя «бэгпэкеры» былі таленавітымі рамантыкамі.
Калі з'ява стала масавай, яна стала стамляць людзей у краінах, якія сталі папулярнымі кірункамі для бэгпэкераў. Гэта перадусім цёплыя краі, дзе можна спаць пад адкрытым небам.
Бэгпэкеры просяць грошы, іграючы на музычных інструментах або проста выстаўляючы шыльды, што ім трэба грошы для працягу падарожжа.
Праблема ў тым, што многія такія «бэгпэкеры» падзарабляюць сэкс-паслугамі. Дый проста жабракі на вуліцах, хай і маладыя, стамляюць мясцовых жыхароў. Для вандроўнікаў гэта рамантыка, а для жыхароў цэнтральных вуліц у гарадах — гэта гемар.
У Тайландзе памежнікі атрымалі права прасіць у турыстаў паказаць грошы пры ўездзе ў краіну, піша французскае выданне Le Monde.
А на Балі ўлады могуць запатрабаваць ад турыстаў паказаць зваротны квіток, піша мясцовы сайт Detik. Турыстаў без капейкі ў кішэні «здаюць» консульскім прадстаўніцтвам адпаведных краін, абавязваючы тыя адправіць іх на радзіму.