«Двое хлопцаў селі ў багажнік — і мы паехалі». Ацалелы ў страшнай аварыі пад Белаазерскам распавёў падрабязнасці
08.07.2019 / 13:09
Жудасная аварыя адбылася пад Белаазерскам 7 ліпеня: «Мерседэc GL» перакуліўся ў адзін з каналаў. Загінулі на месцы пяцёра — трое дзяцей і двое дарослых (мужчына і жанчына).
Пры гэтым у аўтамабілі знаходзіліся 10 чалавек (пяцёра мужчын, дзве жанчыны і трое малалетніх дзяцей).
Як даведалася «Наша Ніва», за стырном ехаў 31-гадовы жыхар Белаазерска Андрэй Букраба. Ён быў п'яны — у яго крыві знайшлі 1,4 праміле.
Андрэй Букраба. Фота з сацсетак.
Высветлілася, што «Мерседэс» належыць бацьку хлопца. Прычым самога Андрэя амаль 10 гадоў таму пазбавілі правоў.
«Сын жыў асобна. Машыну ён браў пастаянна, калі трэба было, бо мне ездзіць асабліва няма куды.
Учора я даведаўся пра ўсё, калі ўжо здарылася бяда. Прыехаў на месца, паўдні там правёў… Сына тады ўжо забралі ў міліцыю», — распавёў «Нашай Ніве» бацька Андрэя.
Вядома, што вялікая кампанія маладых людзей разам з дзецьмі адпачывала на лецішчы ў знаёмых. Паехалі туды 6 ліпеня.
На наступны дзень, калі вярталіся дадому, і здарылася страшнае ДТЗ.
«Наша Ніва» адшукала аднаго з ацалелых у аварыі. Хлопца завуць Віталь Станкевіч, ён распавёў падрабязнасці таго дня.
«Там кампанія адпачывала на лецішчы. Пасля яны вызванілі Андрэя. Ён прыехаў да іх, а пасля пазваніў і мне. Кажа, ці не хочаш пад'ехаць на лецішча, адпачнём?
Я пагадзіўся. Букраба прыехаў за мною разам з Кацярынай. Ён да яе заляцаўся, можна сказаць, але ці сустракаліся яны, я не ведаю.
Мы прыехалі на лецішча. Але прайшло хвілін дзесяць, і гаспадар лецішча раптам пачаў казаць, што ў яго ўзніклі нейкія справы, маўляў, трэба збірацца і з’язджаць, — узгадвае Віталь. — А машына ў Букрабы ж вялікая. Ну і вырашылі, каб два рэйсы не рабіць, загрузіцца ўсім адразу».
Спераду побач з кіроўцам села Ірына. На калені пасадзіла сваю 9-гадовую дачку.
Ззаду сеў сам Віталь, Кацярына і яшчэ адзін госць, Ігар. Разам з Кацярынай былі яе дзеці, хлопец і дзяўчынка.
Яшчэ двое хлопцаў, Аляксандр і Павел, змясціліся ў багажніку.
Паехалі дадому.
«Букраба ехаў з хуткасцю кіламетраў 80—90, гэта дакладна. І на павароце ён ці то пачаў тармазіць, ці што, я не ведаю. Але машыну занесла — і яна не ўвайшла ў паварот», — кажа Віталь.
«Мерседэс» перакуліўся ў канал.
Частка людзей змагла ўратавацца.
«Я не ведаю, астатнія патанулі ці загінулі ад траўмаў. Мне здаецца, проста не змаглі выбрацца з машыны. Усё адбылося вельмі хутка. Амаль усе форткі былі зачыненыя. Я мяркую, што дзверы маглі заблакавацца. Акно побач з кіроўцам было адчыненае, Андрэй выбраўся неяк. Аляксандр, які сядзеў у багажніку, змог адкрыць яго, частка людзей вылезла. Я сам быў у такім шоку, што нават не памятаю, як вылез з той машыны», — расказвае Станкевіч.
Акрамя яго, выжыў кіроўца, Андрэй Букраба, і двое іх знаёмых: Аляксандр і Ігар.
Павел, які сядзеў у багажніку, загінуў.
Кацярына выжыла, але загінулі двое яе дзяцей: 9-гадовы хлопчык і 4-гадовая дзяўчынка.
Ірына, якая сядзела на пасажырскім месцы каля кіроўцы, загінула разам са сваёй 9-гадовай дачкой.
«Калі я вылез на бераг, мяне ванітавала, бо наглытаўся вады. Аляксандр выбраўся і паклікаў нейкага рыбака. Выклікалі МНС.
Аляксандр і рыбак пачалі ныраць, але не было толку: вялікая глыбіня. Рыбак сказаў, што калі данырваеш да машыны, то ўжо не застаецца кіслароду, каб штосьці там пад вадою зрабіць, трэба ўжо падымацца.
Пасля прыехалі МНС. Яны чамусьці прыехалі без аквалангаў — не ведаю чаму, можа, ім не так паведамілі пра здарэнне.
Яны паспрабавалі ныраць — таксама безвынікова.
Пасля змаглі падчапіць машыну за фаркоп — «Мерседэс» быў у вадзе так, што нос унізе, а задняя частка паднятая», — узгадвае Віталь.
Пасля прыехала міліцыя, хуткая. Кацярыне, у якой загінулі двое дзяцей, нешта калолі, бо ў жанчыны здарылася жудасная істэрыка.
Цяпер кіроўца Андрэй Букраба пад вартай.
«Андрэй нідзе не працаваў. Калісьці яны разам з бацькам ездзілі на Маскву, добра там падзарабілі. Таму ён мог сабе дазволіць пакуль не працаваць.
Але я не скажу, каб Букраба быў нейкім п’янтосам. Ну, мог выпіць часам. Але апошнім часам ён не ўжываў, бо былі праблемы са здароўем, — кажа Віталь. — Каб Букраба піў на лецішчы — я не бачыў. Калі ён заязджаў за мной, я не заўважыў, каб ад яго несла алкаголем, ці каб ён выглядаў, як выпіўшы».
Заведзена крымінальная справа. Кіроўцу Андрэю Букрабе пагражае да 10 гадоў.