Пад Белаазерскам у «Мэрсэдэс» набілася 10 чалавек: пры аварыі загінулі трое дзяцей і двое дарослых
дапоўнена
07.07.2019 / 16:44
Смяротнае ДТЗ адбылося непадалёк ад Белаазерска ў раёне Бярозаўскай ДРЭС, паведамілі ў міліцыі. Папярэдне вядома, што кіроўца аўтамабіля «Мерседэc GL» перакуліўся ў адзін з каналаў, па якіх вада падводзіцца для ахалоджання катлоў электрастанцыі і адводзіцца ад яе.
Загінулі на месцы пяцёра — трое дзяцей і двое дарослых (мужчына і жанчына). Пры гэтым, у аўтамабілі знаходзіліся 10 чалавек! Як стала вядома, гэта пяцёра мужчын, дзве жанчыны і трое малалетніх дзяцей.
Пяцёра дарослых выбраліся самастойна з канала, у тым ліку кіроўца. Першапачаткова паведамлялася, што загінулі двое дзяцей і вядуцца пошукі трэцяга.
Потым з'явілася ўдакладненая інфармацыя: загінулі 4-гадовая дзяўчынка, 9-гадовы хлопчык, пазней было знойдзена цела 9-гадовай дзяўчынкі.
Таксама стала вядома, што 31-гадовы кіроўца быў п'яны. Ён ужо быў пазбаўлены права кіравання транспартным сродкам за «п'яную язду» ў 2009 годзе.
На месцы здарэння працуюць супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі, выратавальнікі, следча-аператыўная група МУС.