Трыбуна Лукашэнкі на парадзе будзе з кандыцыянерам

02.07.2019 / 14:57

У Мінску заканчваецца падрыхтоўка да ваеннага парада да Дня Незалежнасці — ён пройдзе вечарам 3 ліпеня. Ужо паставілі трыбуны, велізарныя святлодыёдныя экраны, дадатковае асвятленне. А за VIP-трыбунай, з якой за парадам назірае Аляксандр Лукашэнка і яго набліжаныя асобы, паставілі вялізны прамысловы кандыцыянер, піша kp.by

Апарат вядомай японскай фірмы Daikin важыць 580 кілаграм і мае магутнасць астуджэння — 35,5 кілават. Для параўнання, магутнасць звычайных хатніх спліт-сістэм — 2—3 кілаваты. Вялізныя тэрмаўстойлівыя трубы ад кандыцыянера заведзены пад трыбуну. Верагодна, з іх халоднае паветра будзе астуджаць прэзідэнта і іншых VIP-гасцей.

Такі кандыцыянер звычайна ставяць на дах, ён можа астуджаць паветра ў памяшканні плошчай 100 квадратных метраў. Кошт такога кандыцыянера — каля 20 тысяч еўра.

Раней Аляксандр Лукашэнка казаў, што не любіць спякоту і пляжны адпачынак.

— Наогул трываць не магу, — казаў ён.