Палову аўтарынку Нарвегіі захапілі электракары
У Нарвегіі 48% аўтарынку захапілі электракары. Гэта значыць амаль кожны другі прададзены аўтамабіль — электрычны. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні iXBT.
02.07.2019 / 21:14
Найбольш папулярнай маркай сярод нарвежцаў стала Tesla. Амерыканскай кампаніі належыць 24,5% продажаў аўто за чэрвень, а гэта — 3,7 тысячы. З пачатку года кампанія прадала 12,6 тысячы машын, заняўшы 16,1% рынку.
На другім месцы замацаваліся машыны Volkswagen, якіх за чэрвень было прададзена 1,8 тысячы. Марка адхапіла амаль 12% рынку за першы летні месяц, а з пачатку года яна прадала 10,2 тысячы аўто (13% ад агульных продажаў).
Трэцяе месца захапілі машыны японскай маркі Toyota — 1,7 тысячы аўто за чэрвень (11,4%) і 7,9 тысячы з пачатку года (10.1% рынка).
Больш падрабязна з продажамі аўтамабіляў у Нарвегіі азнаёмцеся ў табліцы.
У паведамленні не называецца, колькі электрычных і гібрыдных аўто прадалі іншыя маркі, якія маюць у сваім арсенале яшчэ і машыны на паліве.
Варта адзначыць, што цяпер паказчык продажаў электракараў у Нарвегіі недасяжны для любой іншай краіны свету і тут не збіраюцца спыняцца на цяперашніх выніках. Так, ужо з 2025 года ў краіне разлічваюць, што ўсе новыя машыны будуць выключна электрычнымі.