Гомельскае ТБМ запрашае запісацца ў беларускамоўную групу ці клас
Грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» займаецца тэмай беларускамоўнай адукацыі ў Гомелі больш за 6 гадоў. У выніку агульных высілкаў разам з установай «Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ» быў уведзены асобны ўлік для жадаючых навучацца па-беларуску.
28.06.2019 / 17:17
Два гады існавання чаргі паказалі, што аднаго толькі ўліку не дастаткова, чарга не рэкламуецца, звесткі чаргі грамадскасці не прадастаўляюцца, таму Гомельскае ТБМ вырашыла арганізаваць свой ўлік і заклікае запоўніць анкету.
Вынікі разнастайных апытанняў праведзенных і араганізацыяй, і ў навучальных установах з падачы ТБМ паказваюць, што існуе попыт на беларускамоўную адукацыю, але не заўсёды права навучацца па-беларуску рэалізуецца.
Бацькам кажуць пра мінімальную колькасць дзяцей, якая павінна быць у такіх групах ці класах, але гэта нельга пацвердзіць дакументамі, таму што ў іх напісана толькі пра максімальную колькасць дзяцей. Для школы гэта 25 чалавек, а для гімназіі 20.
Практыка паказвае, што больш эфектыўнымі з’яўляюцца скаардынаваныя дзеянні групы людзей, чым высілкі адзінак. Мы запрашаем далучыцца да нас хаця бы дэклараваннем таго, што вы ёсць. Запоўніце анкету, па выніках анкетавання мы прааналізуем размеркаванне анкет па раёнах горада, збярэмся разам і распрацуем далейшыя крокі. Проста ўявіце, што французы ў Францыі патрабуюць навучанне па-французку! Неверагодна, але для беларусаў гэта рэальнасць, — кажа старшыня Гомельскага ТБМ Алеся Аўласевіч.
У 2018/2019 навучальным годзе ў Гомелі беларускамоўнае навучанне было арганізавана ў трох дзяржаўных установах: яслі-сад № 160 і № 161 і ў гімназіі № 36 імя Мележа. Агулам колькасць дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску 105 чалавек. Запаўняйце анкету і далучайцеся.
Даведка: +375299089162 (Алеся), gomeltbm@gmail.com