Пагоня, Вітаўт, Шагал, Быкаў. Вы не паверыце, але ўсё гэта было на адкрыцці Еўрапейскіх гульняў ВІДЭА
22.06.2019 / 00:58
На стадыёне «Дынама» ў Мінску прайшло афіцыйнае адкрыццё ІІ Еўрапейскіх гульняў.
Маштабнае шоу было пакліканае адлюстраваць беларускія традыцыі, каштоўнасці і гісторыю.
Таму на сцэну выходзілі танцоры, стылізаваныя пад персанажаў батлейкі. Ажылі касцюмы Бакста і карціны Шагала — усе гэтыя мілыя закаханыя і казлы. Была свая цэльнасць у гэтай эклектыцы: усё пачалося з песні Пахмутавай «Молодость моя, Белоруссія», а пасля былі і беларускія этна-спевы, і Ганна Нятрэбка з Ігарам Крутым.
Жарэс Алфёраў змяняў Вітаўта і рыцараў Вялікага Княства з калюмнамі і Пагонямі.
У тэлевізійнай версіі Пагоня засталася амаль незаўважнай.
Былі Усяслаў Полацкі і праслаўленыя нядаўняй знаходкай шлемы, Леў Сапега са Статутам ВКЛ і інжынер Казімір Семяновіч, Ефрасіння Полацкая і авіяканструктар Сухой.
Усё гэта суправаджалася дэкламацыяй складаных вершаў — у тым ліку «Спадчыны» Купалы, «Усе мы разам ляцім да зор» Багдановіча, а таксама Адама Міцкевіча.
Адным з рэжысёраў цырымоніі адкрыцця стаў беларус Аляксандр Вавілаў. Ён падрыхтаваў аснову, з якой пазней працавалі расіяне з кампаніі кампазітара Ігара Крутога, якая выйграла тэндар. Цырымонія складалася з сямі эпізодаў, кожны з якіх быў прысвечаны сюжэту з гісторыі і культуры Беларусі: Купаллю, Сярэднявеччу, сучаснасці і гэтак далей.
Вітаўт на адкрыцці Еўрапейскіх гульняў.
А тэлевядоўца з гонарам расказаў, што ў часы Вітаўта наша дзяржава прасціралася ад мора да мора і ад Буга да Угры.
Ушанавалі і старажытны род Радзівілаў.
Спявалі беларускія музычныя зоркі — ад «Тройцы» да оперных зорак Сільчукова і Ляўчук.
Варта адзначыць, што ўвогуле адкрыццё атрымалася вельмі беларусацэнтрычным, разлічаным на ўзмацненне гонару за Беларусь.
Нібы фінальнай кропкай стала ўвасобленае на ручніку выказванне Васіля Быкава з «Сотнікава»: «Адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце — яго жыццё».
Цытата Васіля Быкава.
З гэтым гуманістычным матывам перагукаліся словы Аляксандра Лукашэнкі ў ягоным выступе перад тым як запалілі Агонь гульняў. Ён заклікаў, каб дзяржавы вызначылі самую магутную выключна на спартовых арэнах.
Прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч выступіў па-беларуску, чым сарваў авацыю трыбун. А вынеслі алімпійскі сцяг і запалілі агонь — у выглядзе Папараць-кветкі — вялікія беларускія спартоўцы мінулых гадоў.
{POLL#867}