У Мінску з'явілася новая скульптура ураджэнца Беларусі Восіпа Цадкіна
29.05.2019 / 21:16
У мінскім скверы па вуліцы Прытыцкага, 60/2, каля галоўнага офіса Белгазпрамбанка ўсталявалі скульптуру ўраджэнца Віцебска Восіпа Цадкіна «Носьбіт дароў» (іншыя назвы: «Пасланец», «Навігатар»). Скульптура пакуль што закрытая ад публікі, яе афіцыйнае адкрыццё адбудзецца 6 чэрвеня ў 17.30.
Фота: christies.com.
«Навігатар» — манументальная скульптура Восіпа Цадкіна. Першапачаткова створана з дрэва ў 1937 годзе. У цэнтры кампазіцыі чалавек, у руках якога карабель — гэта адзін з галоўных сімвалаў твора, адсылка да радзімы аўтара, да фамільнай справы яго сям'і — суднабудавання. У 1993 годзе гэтая ж статуя, але ўжо адлітая ў бронзе, была ўсталявана ў 7-й акрузе Парыжа каля выхаду з Моста інвалідаў. Белгазпрамбанк набыў адзін з асобнікаў «Навігатара» на нью-ёркскіх таргах аўкцыённага дома «Christie's», каб усталяваць яго каля будынка свайго галаўнога офіса.
Восіп Цадкін нарадзіўся 28 студзеня (9 лютага) 1888 года ў Віцебску. У 1905-м родныя адправілі яго да сваякоў на поўнач Англіі. У 1905-1909 гадах жыў у Лондане, пасля пераехаў у Парыж, дзе памёр у 1967 годзе.