Што мы будзем есці ў будучыні
Просім да стала! Лонданскі Музей Вікторыі і Альберта адсочвае альтэрнатыўныя і эстэтычныя трэнды ў вытворчасці прадуктаў харчавання: ад гастранамічных эксперыментаў да новых магчымасцяў сельскай гаспадаркі, піша DW.
28.05.2019 / 19:32
Лозунг: устойлівае развіццё
Выстава ў Музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане прадстаўляе больш за 70 праектаў сучасных мастакоў і дызайнераў, створаных у супрацоўніцтве з кухарамі, фермерамі і навукоўцамі. Некаторыя экспанаты нават растуць прама ў музеі. Напрыклад, інсталяцыя GroCycle «Urban Mushroom Farm» («Гарадская грыбная ферма») з ядомых грыбоў, што растуць на кававых адходах.
Патрэбныя змены!
Аўстрыйскі дуэт мастакоў honey & bunny ўжо больш за дзесяць гадоў надае ўвагу тэме прадуктаў харчавання. У сваіх працах Соня Штумерэр (Sonja Stummerer) і Марцін Габлесрайтар (Martin Hablesreiter) паказваюць, што тое, што мы ямо, вызначаецца не выпадкова, а нашым культурным бэкграўндам.
Кампаставаць адходы можна прыгожа
Частка выставы ў лонданскім музеі прысвечана разнастайным праектам з кампаставаннем адходаў і ператварэнне іх ва ўгнаенні. Праект «Daily Dump» («Штодзённае смецце») — гэта сістэма для кампаставання, якая ўжо паспяхова выкарыстоўваецца ў Індыі. Для гэтага адходы, прыдатныя для біялагічнай перапрацоўкі, складаюцца ў тэракотавыя гаршкі ручной работы.
Каўбаса з будучыні
Нідэрландская дызайнерка і даследчыца Каралін Ніблінг працуе над распрацоўкай альтэрнатыў мяса. Яе мэта: паменшыць спажыванне мяса. Вынікі праекта «The Future Sausage» («Каўбаса з будучыні») задакументавала фатографка Наарцье Кнульст. На фотаздымках, сярод іншага, намаляваныя запечаныя ў форме каўбасы морква, фінікі, арэхі і насякомыя.
Фруктовая сцяна
«Fallen Fruit» («Апалая садавіна») — гэта 12-метровая шпалера, вырабленая спецыяльна для выставы. Яна паказвае гісторыю месца — раней тут быў багаты фруктовы сад.
Чалавечы сыр
У 2013 годзе Крысціна Агапакіс і Сісэль Толаас пачалі праект «Selfmade» («Зроблены сам»), падчас якога яны стваралі сарты сыру з бактэрый, вынятых з цел знакамітасцяў.
Ядомая вада
Пластык — вялікая нагрузка для экасістэмы. Сама меней 150 000 000 тон пластыка трапіла ў сусветны акіян. Каб знізіць яго выкарыстанне і, адпаведна, колькасць смецця, лонданская лабараторыя «Skipping Rocks Lab» вынайшла спосаб захоўваць ваду ў вырабленай з багавіння абалонцы.
Сацыяльная сельская гаспадарка
«Company Drinks» («Сумесныя напоі») — гэта міжкультурны праект на ўсходзе Лондана, які аб'ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў. У рамках гэтага праекта кожны ахвочы можа далучыцца да вытворчасці напояў — ад збору садавіны і агародніны да перапрацоўкі, збыту і рэалізацыі. Наведвальнікі музея маюць магчымасць азнаёміцца з прадуктамі, вырабленымі ў рамках праекта.