Як Стэфан Баторый перамог Івана Жахлівага. Народны кароль супраць тырана
Папулярнасць Стэфана Баторыя перажыла Рэч Паспалітую. У сучаснай Беларусі вам пакажуць возера Баторына, дзе кароль «патануў», вёскі Батуры і Батуркі, ля якіх ён «спыняўся», прозвішчы Батура і Батурчык. Праект «Баторый» можна вывучаць і на сучасных бізнэс-трэнінгах: як дасягнуць поспеху, узяўшы на працу незалежнага і жорсткага антыкрызіснага менеджара.
31.08.2024 / 18:46
Фота: Wikimedia Commons
Але зробім агаворку: «народным» кароль быў у тым значэнні слова «народ», якое ўжывалася ў Рэчы Паспалітай. А там грамадзянскія правы мела выключна шляхта. «Кароль Сцяпан» быў першым рэальным каралём, абраным шляхтай, насуперак магнатам.
Да таго дзяржавай кіравалі па праве спадчыны Ягелоны. А француз Генрык Валуа, які быў пасля іх, спалохаўся задач, якія стаялі перад Рэччу Паспалітай, і ўцёк у Парыж праз тры месяцы пасля абрання. Res Publica мусіла выбіраць караля наноў.
Што літвін, што венгр
На каралеўскі пасад прэтэндавалі Габсбургі, уладары Святой Рымскай імперыі, Іспаніі, Нідэрландаў. Магнатам імпанавала кандыдатура імператара Максіміліяна II Габсбурга. Ён меў 48 гадоў, пакутаваў ад падагры і, у выпадку абрання, кіраваў бы дыстанцыйна, з Вены. А гэта давала вялікую свабоду дзеянняў. З той самай, відаць, прычыны не былі супраць Габсбурга і прадстаўнікі Вялікага Княства. Кандыдатуру Максіміліяна падтрымліваў з-за ўсходняй мяжы і маскоўскі цар Іван IV: раз ужо мяне самога не выберуць, разважаў ён, дык з Габсбургам можна будзе, прынамсі, падзяліць Рэч Паспалітую.
Рашэнне трансільванскага ваяводы Баторыя выстаўляць сваю кандыдатуру на гэтыя загадзя перадвызначаныя выбары выглядала авантурай. А можа, ён спадзяваўся на традыцыйнае польскае падазрэнне да немцаў? Яно ўжо сыграла ролю ў гісторыі, калі замест нямецкага прынца на польскі трон сеў літвін Ягайла.
Баторый паслаў на элекцыйны сойм свайго эмісара Джорджа Б’яндрату, колішняга доктара каралевы Боны. Б’яндрата не шкадаваў грошай, вярбуючы хаўруснікаў, і расхвальваў кандыдата як мог: «у справах рыцарскіх скоры», «вучоны, мудры». Тое, што Баторый — венгр, таксама разглядалася як плюс: Польшча ў мінулым мела з Венгрыяй, як і з Вялікім Княствам Літоўскім, персанальную унію.
Моўнае пытанне
Мінусам была намінальная васальная залежнасць ад Асманскай імперыі. Але, апаніраваў Б’яндрата, яна дасталася Баторыю ад папярэднікаў. Яшчэ адзін мінус — новы кароль не гаварыў ні па-беларуску, ні па-польску. Ён ведаў чатыры мовы: родную венгерскую, лаціну, нямецкую ды італьянскую. Але Б’яндрата запэўніваў, што такі вучоны чалавек скора загаворыць і на мовах Рэчы Паспалітай.
Але Стэфан застаўся ўнікальным каралём, які кіраваў вялізнай славянскай краінай, выкарыстоўваючы выключна лаціну. Яе тады сяк-так ведалі, пасканчаўшы калегіумы каталіцкіх ордэнаў, магнаты і шляхта.
Рыцарскую ж спраўнасць Баторый даказаў проста ў часе выбараў, разграміўшы войска Кашпара Бекеша. Той узначальваў прагабсбургскую партыю і таксама прэтэндаваў на ўладу ў Трансільваніі. Баторый загадаў забіць яго ваяводаў, палонным салдатам паадразаць насы і языкі, самому ж Бекешу пасля дараваў.
Выбары былі прызначаныя на 7 лістапада. Шляхта патрабавала «Пяста» — гэта значыць паляка. І з падачы падканцлера Яна Замойскага выгукнула каралём… жанчыну — Ганну, сястру Жыгімонта Аўгуста, апошняга з Ягелонаў. З той умовай, што яе мужам стане Стэфан Баторый. Той Замойскі, дарэчы, вучыўся разам з Баторыем у Падуанскім універсітэце.
Магнаты ж абвясцілі каралём Максіміліяна II. Лёс выбараў вырашыла «вуліца». Баторый пад’юджваў шляхту лістамі, было абвешчана паспалітае рушанне. Шляхта ўварвалася ў Кракаў і Львоў. Стэфан, перадаўшы ўладу ў Трансільваніі свайму брату, з некалькімі тысячамі войска ішоў у Рэч Паспалітую. Максіміліян II не здолеў арганізаваць такога актыўнага «адстойвання вынікаў выбараў».
1 мая 1576-га Баторыя каранавалі, на наступны дзень ён выканаў свой шлюбны абавязак у дачыненні да Ганны Ягелонкі.
Але першыя гады становішча Стэфана на троне было нетрывалым. Умацаваць аўтарытэт новы кароль вырашыў паспяховымі войнамі.
«Мая Рэч Паспалітая». Алегарычны малюнак невядомага аўтара. 1578 год. Паказаны хаос, у якім прыняў краіну Стэфан Баторый. Кожны сюжэт, кожны герой увасабляе нейкую грамадскую загану або перашкоду на шляху да стабільнага жыцця: коні, што разбягаюцца ў розныя бакі, — няўзгодненасць (камяні грахоў, прывязаныя да іх павозкі, не даюць ім рухацца). Мядзведзь — гэта адкрытыя ворагі, ліс — фальшывыя сябры, воўк — ненавіснікі, чарапаха — запаволенасць грамадскага развіцця. Баторый не дае краіне скаціцца ў прорву, якую ўвасабляе цмок. Фота: Wikimedia Commons
«У справах рыцарскіх скоры»
Найперш трэба было замірыць Гданьск — найбагацейшы горад на балтыйскім узбярэжжы. Гданьск, завязаны на гандаль з Нідэрландамі, вотчынай Габсбургаў, адмовіўся прызнаваць вынікі выбараў.
Каралеўская конніца лёгка разагнала ў полі 11-тысячнае гданьскае войска, але аблога магутных фартэцый зацягнулася на паўгода, пакуль Гданьск не вытаргаваў умовы здачы. Дасведчанай пяхоты і вялікіх гармат, неабходных для штурму, у Баторыя было мала.
Пад Гданьскам кароль пабачыў мінусы войска Рэчы Паспалітай. Ён зразумеў: каб адваяваць у маскоўскага цара Полацк і Інфлянты, спатрэбіцца моцная пяхота.
«Выбранецкія палкі»
У XVI стагоддзі пяхота панавала ў еўрапейскіх войнах: іспанская, швейцарская, нямецкая. Легендай стала Чорная армія венгерскага караля Матыяша Корвіна. Баторый, скарыстаўшы венгерскі досвед, паспрабаваў стварыць прафесійныя пяхотныя аддзелы і ў Рэчы Паспалітай.
Пяхота караля Стэфана звалася «выбранецкай». Паводле яго задумы, з кожных дваццаці сялянскіх гаспадарак выстаўляўся адзін пехацінец. Адрабляць за яго паншчыну і плаціць падаткі павінны былі астатнія дзевятнаццаць. Салдаты чатыры разы на год мусілі наведваць вучэнні і пад загадам ротмістраў адпрацоўваць зладжанасць дзеянняў.
Такая сістэма мабілізацыі дазволіла б стварыць у Рэчы Паспалітай 20-тысячнае прафесійнае войска. Мо яно ўратавала б краіну ад нашэсцяў XVII стагоддзя? Але сойм дазволіў набіраць пяхоту толькі ў дзяржаўных землях — каля 3 000 чалавек з Кароны і яшчэ тысячу з ВКЛ.
Каб узброіць сваю пяхоту, Баторый арганізаваў закупку аркебузаў. Выбранецкія аддзелы — ці не ўпершыню ў Еўропе — пачалі ўжываць гатовыя набоі. Гэта дазволіла пяхоце караля Стэфана дасягнуць рэкорднай хуткастрэльнасці — 1 раз за 10 хвілін.
Не забыўся Баторый і пра конніцу. У яго часы адбыўся жорсткі падзел на цяжкія і лёгкія конныя харугвы. Былі створаныя аддзелы крылатых гусараў, слава якіх пры наступніках Баторыя прагрымела ад Кірхгольма да Вены.
Казакі з беларускіх земляў
Баторыя надзвычай шанавалі ўкраінскія казакі. Ён узяў іх на службу і пачаў плаціць грошы з бюджэту за абарону паўднёвых межаў ад крымскіх татараў. Магчыма, так кароль спрабаваў улагодзіць турэцкага султана, які радзіў уключыць казакоў у сістэму, каб спыніць іх набегі.
Баторый збіраўся ваяваць з Масковіяй, на поўдні яму трэба быў спакой. Ён стварыў полк з 500 «рэестравых» казакоў, даў ім гетмана. Казакам штогод плацілі 15 злотых (пастух зарабляў 1,2) і давалі ўніформу — новы каптан.
Цікавыя вынікі іх перапісу 1581 года: мяркуючы па прозвішчах, якія даваліся па назвах родных мясцін, каля чвэрці казацкага войска складалі беларусы — з Магілёва, Гомеля, Мсціслава, Быхава, Полацка, Віцебшчыны, прыпяцкага Палесся.
Памылка Івана Жахлівага
Але не падпарадкаванне Гданьска і не вайсковыя рэформы зрабілі Баторыя легендай у наступных пакаленнях. Гэта зрабіў полацкі паход.
Маскоўскі цар Іван IV памыліўся, палічыўшы Баторыя марыянеткай магнатаў, з якой можна не цырымоніцца. Яго першае пасольства ён прыняў седзячы, да рукі не дапусціў і на абед не паклікаў. Цар не лічыў сабе роўняй выбранаму каралём ваяводу — Баторый быў для яго накшталт «Бельскіх, Мсціслаўскіх, Трубяцкіх». Затое перад гетманам Янам Хадкевічам ён рассыпаўся ў кампліментах: магнатаў ён лічыў сапраўднай сілай Рэчы Паспалітай.
Захапіўшы ў 1577 годзе Інфлянты (Лівонію), цар даслаў каралю сухі ліст, параіўшы не спрабаваць забраць яе назад, бо «не пры табе гэтая спрэчка пачыналася». А захоплены ў 1563-м Полацк цар увогуле лічыў сваёй вотчынай.
Баторый тым часам рыхтаваўся. У 1578-м сойм ухваліў падатак на вайну з Масковіяй. Яшчэ 200 тысяч злотых даў герцаг брандэнбургскі за тое, што Баторый прызнаў яго рэгентам Прускага герцагства, бо тагачасны герцаг Прусіі быў псіхічна хворы. Хто мог падумаць тады, што Баторый заклаў падваліны будучай магутнасці Прусіі, якая праз 200 год стане адным з ініцыятараў падзелу Рэчы Паспалітай?
Грошы трэба былі на вярбоўку наёмнікаў: нямецкіх ландскнехтаў, якія пасля ўварваліся ў замак Сокал, і венгерскай пяхоты, што здолела падпаліць сцены Полацка.
Маскоўскія ж дыпламаты, якія бывалі ў Рэчы Паспалітай, супакойвалі цара Івана словамі пра тое, што новая вайна будзе весціся малымі сіламі, што Баторый — кароль слабы і непапулярны, а Польшча і Літва хоча замест яго сабе на трон царскага сына Фёдара Іванавіча.
Нестандартны прапагандысцкі ход
У канцы чэрвеня 1579 года, калі прыгатаванні да вайны былі скончаныя, Баторый, не стрымліваючы сябе, адказаў на ранейшыя лісты цара. Кароль пісаў, што страты, нанесеныя ягонай дзяржаве, ён збіраецца «пазысківаць» непасрэдна з Івана, а не з яго падданых.
Асобным лістом кароль звяртаўся да жыхароў Масковіі. Ён пісаў, што выступае ў паход «не для разліцця крыві», а каб абярнуць супраць цара ўсё тое, што ён чыніў з іншымі народамі і ўласнымі падданымі. Тым, хто пяройдзе на яго бок, Баторый абяцаў «вольнасць і свабоду правоў хрысціянскіх». Ліст быў разасланы ў маскоўскія памежныя крэпасці. Па тых часах гэта быў нечуваны крок.
Збор войска быў прызначаны ў Свіры. Цяпер гэта мястэчка над аднайменным возерам, там захавалася высозная замкавая гара. Адтуль недалёка возера Баторына — мо і сапраўды Баторый у ім асвяжыўся?
Са Свіры кароль праз Паставы і Глыбокае рушыў на Полацк. Авангардам ішла конніца ВКЛ на чале з Радзівіламі і венгерская пяхота, якую вёў Бекеш. Яны мусілі не пусціць да Полацка падмогу. Ліў дождж, дарогі раскіслі. Мясцовасць вакол Полацка за час расійскай акупацыі абязлюдзела і зарасла лесам. Шлях для войска даводзілася прасякаць. Толькі 11 жніўня асноўныя сілы прыйшлі пад сцены горада.
Справа ішла не так скора, як хацелася каралю. Нягледзячы на тое, што перад паходам загадзя падбалі пра правіянт (гэта было ў навіну для Вялікага Княства), доўга трымаць на месцы 41-тысячнае войска было няпроста.
Дажджы зніжалі эфектыўнасць калёных ядраў — інавацыі Баторыя. Металічнае ядро награвалі да чырвані, забівалі ў гармату, аддзяліўшы ад парахавога зараду тоўстым драўляным ці земляным клаком, і стралялі. Трапіўшы ў драўляную сцяну, калёнае ядро амаль гарантавана запальвала яе. Але мокрае дрэва полацкіх сценаў займалася слаба. Урэшце венгерская пяхота здолела запаліць замак, і войска ўварвалася ў горад. Абаронцы замкнуліся ў Сафійскім саборы, але пасля здаліся.
Ініцыятар капітуляцыі, ваявода Пятро Валынскі, дарэчы, быў раней рэпрэсаваны Іванам Жахлівым — так беларусы перакладалі расійскую мянушку Грозны — і сядзеў у турме па несправядлівым даносе.
Расплата за неабмежаваную ўладу
Прафесійная пяхота, аблогі, калёныя ядры — усё гэта стала для цара Івана нечаканасцю. Ён разлічваў, што Баторый будзе ваяваць старым «жыгімонтаўскім» метадам: налёты конных атрадаў, рабаванне тэрыторый без спроб браць замкі. Таму і ваяводам сваім цар наказваў у бой з Баторыем не ўступаць, адседжвацца за сценамі і рабіць дыверсіі.
Але інфлянцкія замкі гарэлі і здаваліся. Вялікія Лукі, сцены якіх абаронцы абклалі зямлёй, пратрымаліся ўсяго тыдзень. Калі Велікалуцкі павет перайшоў да Баторыя, утварыўся «балкон» паміж Псковам і Смаленскам, з якога можна было скіраваць удар на апошні рубеж абароны Масквы.
«Уся зямля» прасіла цара замірыцца з Баторыем: «супраць моцнага гаспадара цяжка ваяваць, калі з-за спусташэння вотчын не маеш, на чым і з чым».
За 20 гадоў цар Іван дакіраваўся да таго, што не мог сабраць вялікае войска. Бясконцая Інфлянцкая (Лівонская) вайна выклікала рост падаткаў, рэпрэсіі і апрычніна — заняпад гаспадаркі. А ў пачатку 1570-х Масковія пацярпела ад маравой пошасці.
І баявы дух маскавітаў упаў: «дзецям баярскім» надакучыла паміраць невядома за што. Даводзілася пагражаць смяротнай карай не толькі ім, але і тым, хто мусіў збіраць іх на вайну.
Даспехі XVI стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons
А нават сабранае войска няможна было выкарыстаць супраць Баторыя. Частку даводзілася трымаць на мяжы з Крымскім ханствам, якому Іван пагражаў, яшчэ частку — у Інфлянтах супраць шведаў, караля якіх Іван назваў у лістах «мужычым сынам».
«Па трагічнай іроніі лёсу кіраўнік, які ўсё жыццё даказваў, што толькі моцная неабмежаваная ўлада можа абараніць краіну ад знешняй небяспекі, цяпер сутыкнуўся з тым, што краіна аказалася няздольнай да барацьбы з праціўнікам пасля яго доўгага самадзяржаўнага кіравання», — адзначае адзін з найлепшых расійскіх даследчыкаў эпохі Барыс Флора.
Цар Іван і курыца
Танальнасць лістоў цара змянілася. Дзе падзелася пыха? Цар папракае караля прыкладам папярэднікаў-Ягелонаў, «братоў нашых», пры якіх «хрысціянская кроў дарэмна не лілася»: «Мы б табе і ўсяе Ліфляндскія зямлі паступіліся, ды …табе кроў праліваць жа», — дакараў Баторыя пабожны хрысталюбівы голуб міру Іван Жахлівы.
Цар нават рабіў рэверансы каталікам, пішучы, што «адна вера грэцкая і лацінская».
У адказ канцлер Ян Замойскі назваў Івана цёмным і дзікім варварам, высмеяў, звінаваціўшы ў баязлівасці, бо Іван не наважыўся выйсці біцца з войскам Рэчы Паспалітай: «І бедная курыца перад ястрабам з арлом птушаня сваё крыламі сваімі ўкрывае, а ты, арол двухгаловы, хаваешся».
«Ужо паміж намі не толькі пра Інфлянты, а пра ўсё пойдзе», — пісаў Замойскі цару, калі войска Баторыя пайшло на Пскоў.
Місія Антоніа Пасевіна
Спрабуючы замірыцца з Баторыем, Іван кінуўся да папы Грыгорыя XIII. Папа ўзяўся быць пасярэднікам і даслаў у Маскву аднаго з найлепшых дыпламатаў — Антоніа Пасевіна.
Папа Грыгорый XIII не толькі ўвёў ва ўжытак каляндар, якім мы карыстаемся дагэтуль. Ён змяніў замежную палітыку Рыма. Зразумеўшы, што змаганне з пратэстантамі толькі вычэрпвае, папа вырашыў хаця б замацаваць за сабой тэрыторыі, куды пратэстантызм яшчэ не трапіў. Найперш — праваслаўны Усход. У Рыме заснавалі калегію Святога Апанаса, каб вучыць будучых місіянераў.
Масковію Грыгорый XIII бачыў будучай апорай каталіцызму. Праўда, пра яе ў Рыме мала ведалі. Наіўны папа быў упэўнены, што пабожныя маскавіты адмовяцца ад сваёй «грэчаскай ерасі». Варта толькі растлумачыць ім памылку, а галоўнае — дамовіцца з царом.
І цар намякаў: усё магчыма. Пры пасярэдніцтве Пасевіна маскоўскім дыпламатам удалося, калі вайсковая кампанія пад Псковам зацягнулася, укласці з Баторыем Ям-Запольскі мір. Масковія адмаўлялася ад Інфлянтаў і атрымлівала назад Вялікія Лукі. Амаль дваццацігадовая вайна не прынесла Расіі вынікаў — толькі страты і разбурэнні.
Дабіўшыся міру, цар спыніў размовы пра саюз з каталікамі, сказаўшы Пасевіна падчас абеду, што «папа воўк, а не пастыр». Паслу аж мову заняло.
Ігнараваў жанчын
Фармальна кароль Стэфан быў жанаты з Ганнай Ягелонкай, якой на момант шлюбу споўнілася 52. Да таго ні яна, ні 42-гадовы Баторый у шлюбе не былі. Муж наведаў яе спачывальню ўсяго два ці тры разы. Яго можна зразумець: па тых часах Ганна была ўжо зусім старою, тады мала хто дажываў да 60-ці.
Калі Ганна сама прыйшла да яго ў спальню, уцёк. Такое ігнараванне давяло Ганну да нервовага зрыву. Давялося пускаць ёй кроў, што ў тагачаснай медыцыне замяняла таблетку супакаяльнага.
Двор Баторыя быў далёкім ад куртуазнасці, выключна мужчынскім. Галоўнай забавай караля было паляванне.
Хадзілі чуткі, што Баторый меў каханак, у тым ліку дачку лесніка з-пад Гродна. Казалі, што яго пазашлюбным сынам быў шляхціц Кнабоўскі, адзначаны ў часе маскоўскіх выправаў Жыгімонта Вазы. Казалі, што сам Ілжэдзмітрый І быў пазашлюбным сынам Баторыя, але гэта хутчэй былі спробы патлумачыць абыякавасць караля да жанчын.
Хадзілі чуткі і пра венерычнае захворванне, якое адвярнула Баторыя ад сэксу. Але доказаў не дало нават ускрыццё.
Віном па нырках
У 1580-я Баторый уваходзіў поўны спадзяванняў. Масковію ён замірыў, папа бачыў у ім асобу, здольную выкінуць асманаў з Еўропы — а Баторый бачыў магчымасць вызваліць ад іх панавання родную Венгрыю… Але папа раптам памёр, дый здароўе караля хісталася ўсё мацней.
На назе пад каленам у яго была трафічная язва «аж да косткі», якая ўвесь час цякла. У караля здараліся прыпадкі, накшталт астматычных ці эпілептычных. Калі язву прыпяклі агнём, каб загаіць, Баторый перажыў такі прыпадак, што тыдзень не мог гаварыць. Тады іншыя лекары пастанавілі не зажыўляць рану, а наадварот пашырыць, «каб дрэнная матэрыя выходзіла». На язву паставілі прыстасаванне, каб увесь час яе вярэдзіць.
Хрустальны келіх з манаграмай Стэфана Баторыя. Фота: Wikimedia Commons
Гэта дрэнна адбівалася на нервах. Баторый, раней спакойны і канструктыўны, на сойме 1585-га кідаўся з шабляй на дэпутатаў і «крычаў высокім голасам», што, каб не прысяга, кінуў бы гэты «чысцец» — Рэч Паспалітую.
Тагачасныя ж эскулапы не маглі нават дыягнаставаць хваробу нырак, якая ўрэшце даканала караля. Яго лячылі ад прыступаў кровапусканнем, націраннямі, гарачымі хусткамі, а сам Баторый дадаткова лячыўся моцным венгерскім віном.
Непасрэднай прычынай смерці магло быць тое, што ён застудзіўся на паляванні пад Гроднам. Зіма 1586-га была вельмі марозная: вяртаючыся з ловаў, кароль замерз так, што ўсё цела анямела.
Атачэнне ж да апошніх дзён лічыла, што стан здароўя Баторыя ў межах нормы. У адказ на прыступы дыхавіцы лекары ставілі яму банькі, прыкладалі п’яўкі і чароўны камень безаар. За пару дзён да смерці доктар нарэшце забараніў каралю піць віно, але на яго патрабаванне мусіў зноў дазволіць.
Ныркі як у вала
Калі кароль сканаў, было вырашана зрабіць ускрыццё, каб адкінуць чуткі пра атруту. Гэта была першая такая медычная аперацыя на тэрыторыі Беларусі і наогул Усходняй Еўропы.
Згодна з пратаколам, кароль меў здаровыя кішкі і пячонку, страўнік і касу. Ацёк левага лёгкага можна было вытлумачыць тым, што напярэдадні падчас прыступу Баторый упаў і моцна пабіўся аб лаву. А вось ныркі былі «выключна вялікія, як у вала», засведчыў доктар. Знайшоўся і камень з мускатны арэх у жоўцевым пухіры.
Так натуралістычна скончылася зямное жыццё аднаго з самых паспяховых каралёў Рэчы Паспалітай. І пачаў паўставаць міф ідэальнага караля Стэфана. Міф нарадзіўся ў XVII стагоддзі, на фоне вайсковых паразаў на ўсходзе і занурэння дзяржавы ў анархію. У XIX стагоддзі, пасля ганебных падзелаў Рэчы Паспалітай, ён расквітнеў — з Баторыем па папулярнасці мог зраўняцца толькі «ратавальнік Еўропы» Ян Сабескі. Тая папулярнасць шчасліва перанеслася і ў мадэрную эпоху. Каля труны Баторыя ў падзямеллях Вавеля ніколі не вянуць кветкі.
***
Стэфан Баторый і Гродна
Гродна на пэўны час з’яўлялася неафіцыйнай сталіцай Рэчы Паспалітай. Тут знаходзілася галоўная рэзідэнцыя Стэфана Баторыя.
Калі кіраўнік упершыню прыбыў сюды ў 1579 годзе для ўдзелу ў пашыранай нарадзе сената, ён адразу палюбіў маляўнічыя мясціны. На выбар Баторыем рэзідэнцыі паўплывалі таксама як унутры, так і замежнапалітычныя прычыны. Манарх жадаў палепшыць адносіны паміж Каронай і Вялікім Княствам, і Гродна сваім геаграфічным размяшчэннем на дарозе з Вільні ў Кракаў найлепш адпавядала гэтым мэтам. Да таго ж гэты горад быў блізка размешчаны да Інфлянтаў, дзе ў той час ішла вайна. Правіцель, які любіў паляванне, добра адчуваў сябе сярод лясоў і пушчаў.
Дзякуючы намаганням Стэфана Баторыя ў Гродне быў збудаваны прыгожы рэнесансны замак на месцы замка князя Вітаўта. Акрамя яго, ля галоўнай плошчы горада, Рынка, паўстаў палац. Тут жа, ля Рынка, на грошы Баторыя па праекце, магчыма, легендарнага архітэктара-езуіта Яна Марыя Бернардоні быў узведзены мураваны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі побач са старым драўляным, які выконваў функцыю парафіяльнага. Храм быў самым вялікім на той час культавым будынкам на тэрыторыі ВКЛ. А яшчэ ён, паводле слоў сучасніка, быў вельмі прыгожы. Манарх будаваў гэтую святыню для таго, каб быць тут пахаваным пасля смерці.
Стары замак у Гродне на этапе адбудовы. Фота Руслана Кулевіча
Стэфан Баторый пайшоў з жыцця 12 снежня 1586 года ў Гродне, у каралеўскім замку, у 53 гады.
Цела Баторыя пасля правядзення анатаміравання перанеслі ў новазбудаваны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе паўтара года парэшткі караля знаходзіліся ў сутарэннях. Потым, насуперак яго волі (бо ён хацеў, каб яго пахавалі ў гэтым касцёле), 29 красавіка 1588 года жалобны картэж рушыў з Гродна праз Варшаву і прыбыў у Кракаў. Там 24 мая 1588-га цела караля было пахавана ў катэдры на Вавельскім замку.
Надгробак Стэфана Баторыя. Фота: Wikimedia Commons
У наш час адна з цэнтральных вуліц Гродна носіць імя былога правіцеля, як і гандлёвы дом, размешчаны на ёй. У Фарным касцёле знаходзіцца бронзавы бюст і мемарыяльная шыльда, прысвечаная каралю.
Срэбная талерка з выявай Баторыя належала каралю і вялікаму князю Яну Казіміру
***
Баторый і Кашпар Бекеш
Кашпар Бекеш у беларускай масавай культуры замацаваўся як выключна станоўчы персанаж. Гэта адбылося з падачы Уладзіміра Караткевіча, які натхняўся эпітафіяй на яго магіле: «…не хачу прызнаваць Бога, не прагну яго нябёсаў, пекла не баюся…». Магчыма, адыграла ролю і лёгкае партрэтнае падабенства Бекеша і Караткевіча. Падчас аблогі Полацка Баторый і Бекеш начавалі ў адным намёце. Калі Бекеш памёр у Гродне, яго, арыяніна, адмовіліся хаваць на сваіх могілках і каталікі, і праваслаўныя, тады Баторый загадаў пакласці свайго ваяводу на гары ў Вільні, якая ад таго завецца Бекешавай. У XIX стагоддзі рака Віленка падмыла і абрынула яго склеп.
Фота: Wikimedia Commons
***
Баторый і езуіты
У рэчышчы новай усходняй палітыкі Рыма Баторый спрыяў езуітам у Рэчы Паспалітай. Ён надаў калегіумам у Вільні і Львове правы ўніверсітэтаў.
Пазіцыі каталіцтва ўзмацняліся там, дзе традыцыйна моцным было праваслаўе. Гэта выклікала супярэчнасці: да пастановы пра заснаванне акадэміі ў Полацку адмаўляўся прыкладаць пячатку канцлер-кальвініст Мікалай Радзівіл Руды. Першым рэктарам Віленскай акадэміі стаў Пятро Скарга, наймацнейшы палеміст і адзін з ідэолагаў Берасцейскай уніі 1596 года.