Як склаўся лёс кіраўнікоў службы бяспекі Лукашэнкі
02.05.2019 / 18:50
Затрыманы пры канцы красавіка Андрэй Уцюрын найдаўжэй з усіх быў кіраўніком Службы бяспекі прэзідэнта (СБП). Ён узначальваў гэтае ведамства ад 2007 да 2014 гады. Агулам за 25 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі гэтую службу ўзначальвала ўжо 11 чалавек. Паглядзім, як склаўся лёс гэтых людзей.
Вячаслаў Каралёў (1994—1995): памёр
Пра гэтага чалавека ўжо мала хто памятае. Ён першым узначаліў структуру СБП. Па дадзеных партала tut.by, у хуткім часе пасля звальнення Каралёў памёр.
Юрый Бародзіч (1995—1998): хакей і гандбол
Юрый Бародзіч. Фота specnaz.ru.
Бародзічу на сёння 62 гады, ён родам з Гомеля. Вучыўся там жа у Інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарта. Напрыканцы СССР скончыў Вышэйшую школу КДБ. А ў 2004 — Акадэмію дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расіі. Ад 1982 — на службе ў савецкім КГБ, пасля — у беларускім КДБ.
У першыя гады незалежнасці Бародзіч узначальваў спецназ КДБ, групу «Альфа». Менавіта адтуль яго запрасілі на службу да Лукашэнкі.
Былы дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Сяргей Навумчык згадвае, што ў асобе Бародзіча ён пазнаў чалавека, які камандваў збіццём дэпутатаў БНФ у Авальнай зале падчас іх галадоўкі пратэсту ў будынку парламента. «Гэта ён прыйшоў і сказаў: «Я даю вам тры хвіліны». Калі мы адмовіліся, то ўварваліся людзі ў чорным і спецназ», — расказвае Навумчык.
Як склаўся ягоны лёс потым? У 1997 годзе ён узначаліў Беларускую федэрацыю хакею. У 1998 стаў прадстаўніком КДБ Беларусі пры ФСБ Расіі. У 2004 годзе вернуты з Масквы, каб узначаліць БФСА «Дынама».
Пасля не дужа ўпэўненых выступаў хакейнага «Дынама» ў Кантынентальнай хакейнай лізе Бародзіч у 2013 быў адпраўлены ў адстаўку. Яго змяніў былы кіраўнік МНС Энвер Барыеў. Бародзіч яшчэ засвяціўся ў якасці намесніка Уладзіміра Канаплёва ў Беларускай федэрацыі гандбола.
Уладзімір Навумаў (1999—2000): МУС і Расія
Цікава, што наступнікам Бародзіча ў СБП стаў кіраўнік ужо групы «Алмаз» (спецназ МУС) Уладзімір Навумаў. Гэты сілавік родам са Смаленска, але гаварыў з беларускім акцэнтам. Амаль усё жыццё адпрацаваў у органах МУС.
З набыццём Беларуссю незалежнасці ўзначальваў атрад спецназа МУС, пасля гэта перайшоў на працу ў «Альфу».
Пасля працы ў СБП Уладзімір Навумаў аж працягу дзевяці гадоў узначальваў Міністэрства ўнутраных справаў. Пры ім адбываўся разгон Плошчы 2006 года. Навумаў — адзін з чатырох сілавікоў супраць якіх па сёння дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза. Рэч у тым, што еўрапейцы падазравалі Навумава ў датычнасці знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
У адстаўку Лукашэнка адправіў Навумава ў 2009 годзе. Новай пасады экс-міністру ў Беларусі не знайшлося. Хаця нейкі час ён яшчэ ўзначальваў Беларускую федэрацыю хакея. Пасля гэтага Навумаў з’ехаў у Маскву. Нейкі час працаваў там у канцэрне «Растэхналогіі», якая займаецца вырабам высокатэхналагічнай зброі. У 2014 атрымаў ордэн Айчыны ІІІ ступені за правядзенне чэмпіянату свету па хакеі. У Мінску, кажуць, амаль не з’яўляецца.
Леанід Ерын (2000): КДБ і Расійская чыгунка
Ураджэнец Оршы Леанід Ерын узначальваў Службу бяспекі ўсяго пару месяцаў. Як і Бародзіч, Ерын вучыўся ў Інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту ў Гомелі. Папрацаваў у лакаматыўным дэпо ў Свярдлоўску. Пасля гэтага прыйшоў на службу ў савецкі КГБ. Браў удзел у баявых дзеяннях у Афганістане. У 1989 пераведзены ў цэнтральны апарат КДБ СССР у Маскве, папрацаваў і ў ФСБ Расіі.
У 1995 годзе Лукашэнка прызначае Ерына першым намеснікам кіраўніка беларускага КДБ. прызначэнне расійскага спецслужбіста кіраўніком беларускага КДБ было знакавым як для сілавых структур, так і для грамадства. Так і быў Ерын на гэтай пасадзе да верасня 2000, калі яго забралі ў СБП. У лістападзе Лукашэнка адставіў тагачаснага старшыню КДБ Уладзіміра Мацкевіча і прызначыў на яго месца Ерына.
Падчас рэфэрэндуму 2004 і наступных пасля яго пратэстаў Ерын запрасіў у свой кабінет арганізатара акцыі Паўла Севярынца. У хуткім часе Лукашэнка адправіў Ерына ў адстаўку.
У выніку Ерын, як і Навумаў, пераехаў у Маскву і заняў месца дарадцы прэзідэнта «Расійскай чыгункі».
Генадзь Нявыглас (2000—2001): Рада бяспекі і футбол
Генадзь Нявыглас. Фота by.tribuna.com.
Лёс Нявыгласа таксама нейкім чынам быў звязаны з чыгункай. Ён нарадзіўся на станцыі Парахонск Пінскага раёна, дзе бацька працаваў брыгадзірам чыгуначных шляхоў, маці — настаўніцай беларускай мовы.
Вучыўся ў Вышэйшай школе КГБ у Маскве. Пасля гэтага займаў розныя пасады ў Пагранічных войсках. Справа ў тым, што ў савецкі час пагранічнікі былі часткай КГБ. У СБП прыйшоў з пасады намесніка старшыні Памежнага камітэта.
Пасля гэтага кар’ера Нявыгласа імкліва пайшла ўгору. У 2001 годзе заняў пасаду дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі — адну з ключавых у краіне. Узначальваў перадвыбарчы штаб Лукашэнкі на выбарах 2006 года. Пасля чаго атрымаў прызначэнне кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта.
Пасля адстаўкі ён доўгі час узначальваў Беларускую федэрацыю футбола. Зборная пры ім, праўда, поспехаў не дасягнула. Пасля адстаўкі, у адрозненне ад Ерына, Навумава, ён застаўся жыць у Мінску. Хаця яго ўнукі і з’ехалі ў Маскву.
Яўген Дзвярніцкі (2001—2003): Парламенцкі сход Беларусі і Расіі
Інтэрв'ю Яўгена Дзвярніцкага газеце «Народная воля».
Адзін з тых кіраўнікоў Службы бяспекі, якія пасля гэтай пасады не пайшлі на павышэнне. Дзвярніцкі родам са Шклова. Магчыма, там яны і пазнёміліся з Лукашэнка. Справа ў тым, што ў савецкі час Дзвярніцкі ўзначальваў шклоўскую раённую міліцыю.
Ад 1996 года — у Мінску. Працаваў намеснікам старшыні Галоўнай дзяржаўнай падатковай інспекцыі, старшынёй Дзяржкамітэта фінансавых расследаванняў. Пасля працы ў СБП год пабыў намеснікам міністра ўнутраных справаў Навумава.
Пасля гэтага Дзвярніцкаму знайшлі ціхую пасаду начальніка апарата прадстаўніцтва парламенцкага сходу Беларусі і Расіі ў Рэспубліцы Беларусь.
Юрый Жадобін (2003—2007): Мінабароны і КДБ
Юрый Жадобін. Фота Сяргея Гудзіліна.
Апошні кіраўнік Службы бяспекі з пакалення самога Лукашэнкі. Самі яны аднагодкі. Жадобін нарадзіўся ва ўкраінскім Днепрапятроўску. У адрозненне ад папярэднікаў, ён выйшаў не са структуры КДБ ці МУС, а войска.
Войску і аддаў большую частку свайго жыцця. Праўда, у СБП ён прыйшоў у ранзе камандуючага ўнутранымі войскамі МУС. У ліпені 2007 года Жадобін узначаліў КДБ, але многія казалі, што на гэтай пасадзе ён адчуваў сябе няўтульна. Запомніўся выказваннем, што ўсе беларускія апазіцыянеры знаходзяцца на ўліку і іх 1767 чалавек.
Ад 2009 да 2014 быў міністрам абароны. Пасля чаго яго змяніў Раўкоў. На пенсіі, жыве ў Мінску.
Андрэй Уцюрын (2007—2014): Рада бяспекі і турма
Андрэй Уцюрын. Фота БелТА.
Ад Уцюрына пачынаецца новая эпоха. Па-першае, гэты кіраўнік значна маладзейшы за сваіх папярэднікаў. Па-другое, яго не запрашалі з нейкай іншай сілавой структуры, а ён з’яўляецца выхадцам з СБП.
Уцюрын нарадзіўся ў Пензе Расія. Ягоны бацька быў кіраўніком уручанскага спецназа. Уцюрын нядоўга папрацаваў у органах міліцыі. А ад 1995 — у Службе бяспекі прэзідэнта, у якой даслужыўся да начальніка.
У 2014 Уцюрына перавялі намеснікам дзяржсакратара Рады бяспекі. Там ён быў адказны за працу з міліцыяй, шчыльна кантактаваў з міністрам Ігарам Шуневічам і камандуючым унутранымі войскамі Юрыем Караевым.
У канцы красавіка 2019 года Уцюрына затрымалі супрацоўнікі КДБ. Пакуль невядома, што яму інкрымінуюць. Арыштаваная ўся маёмасць сілавіка.
Віктар Шынкевіч (2014—2016): знік з радараў
Ураджэнец Докшыцкага раёна. Вучыўся ў школе КДБ, працаваў у органах дзяржбяспекі. Ад 1995 — у СБП. Да прызначэння — быў намеснікам начальніка. Аматар палявання. Пасля адстаўкі пра Шынкевіча не было згадак у публічнай прасторы.
Андрэй Паўлючэнка (2016—2017): ААЦ
Андрэй Паўлючэнка. Фота sb.by.
Біяграфіі Паўлючэнкі няма ў адкрытым доступе. Але тое самае тычыцца і ягонага папярэдніка ў ААЦ Сяргея Шпегуна. Паўлючэнка пабыў кіраўніком СБП менш за год. Пасля гэтага яго адправілі кіраваць Аператыўна-аналітычным цэнтрам — адной з самых закрытых спецслужбаў краіны.
Дзмітрый Шахраеў (ад 2017 — да сёння): цяперашні кіраўнік
Яшчэ адзін кіраўнік, пра якога нічога не вядома. Лідар прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва» Анатоль Шумчанка згадваў, што вучыўся разам з Шахраевым у ПТВ №222 гандлю на прадаўца харчовых тавараў. Шахраеву 43 гады, ён мінчук. У СБП ад 90-х гадоў.