Чатыры простыя адрозненні: чым падлік галасоў ва Украіне розніцца ад беларускага
01.04.2019 / 08:31
Ва Украіне кожны кандыдат мае права накіраваць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. У выніку падлічваюць прадстаўнікі ўладаў і апазіцыі разам. У Беларусі членаў выбарчых камісій прызначаюць выканкамы, якіх саміх вертыкальна прызначае Аляксандр Лукашэнка.
Ва Украіне назіральнікі сочаць за падлікам галасоў зблізку і маюць права здымаць падлік. У Беларусі назіральнікаў трымаюць на такой адлегласці, што яны не бачаць, дзе за каго каторы бюлетэнь.
Ва Украіне няма датэрміновага галасавання. Яго адмянілі, пасля таго як з'явіліся падазрэнні, што датэрміновае галасаванне выкарыстоўваецца для фальсіфікацыі (укідвалі бюлетэні ўначы). У Беларусі на датэрміновае галасаванне ў прымусовым парадку заганяюць, у выніку чаго датэрмінова галасуюць часам нават 30% людзей, хоць звычайна ў дзень галасавання падарожнічаюць лічаныя адзінкі.
Ва Украіне экзіт-полы праводзяць сацыялагічныя службы, якія не залежаць ад дзяржавы і не фінансуюцца ёй. Таму іх вынікі вельмі дакладна прадказваюць вынікі галасавання. На ўсіх выбарах вынікі нацыянальнага экзіт-пола з дакладнасцю да 1% прадказвалі вынікі падліку. У Беларусі ж было ўведзенае ліцэнзаванне сацыялагічнай дзейнасці, і сацыёлагаў трэслі спецслужбы, у выніку чаго незалежныя ад дзяржавы саццэнтры вымушаныя спыніць апытанні на палітычныя тэмы.
Усе чатыры гэтыя моманты разам і вызначаюць, чаму ўкраінскія выбары ў Еўропе прызнаюць дэмакратычнымі, а беларускія — не.