Жыхары Вілейкі сабралі 650 подпісаў за адмену канцэрта Віктара Каліны. Але Палац культуры пакуль не здаецца
15.03.2019 / 12:45
Канцэрт выканаўцы блатных песень Віктара Каліны павінен адбыцца ў Вілейцы 2 красавіка. Аднак гэта абурыла некаторых жыхароў горада. І ў інтэрнэце з’явілася петыцыя за адмену канцэрта. Ужо сабрана 660 подпісаў.
Аднак кіраўніцтва пляцоўкі, дзе павінен выступіць Віктар Каліна, не бачыць падставаў для адмены канцэрта.
«Калі гэтаму артысту выдалі гастрольнае пасведчанне, — а я думаю, што яго праверылі на наяўнасць нейкіх магчымых праблем, — то ніхто Віктару Каліне не адмовіць у выступленні ў нашым горадзе», — тлумачыць дырэктарка Вілейскага палаца культуры Алеся Высоцкая.
На афішы пазначана, што ўзроставае абмежаванне на гэты канцэрт 12+. Ці варта дзецям слухаць песні з радкамі: «Не шмонай мне душу, мент, я тебе совсем не кент, что ты там напел жене, как ты, сука, дорог мне»?
«Канкрэтна гэтай песні ў праграме, якую заявіў артыст, няма. Перад тым, як атрымаць гастрольнае пасведчанне, артыст павінен прадставіць праграму песень, якія плануе выканаць падчас канцэрта. І тады вырашаецца, гледачам якога ўзросту можна наведваць гэты канцэрт», — тлумачыць Алеся Высоцкая.
Між тым, сам спявак таксама выказаўся наконт магчымасці адмены выступу на сваёй старонцы «У кантакце»:
«Ад 2015 года, са студзеня, нічога не мяняецца. Адзін тэкст, адно патрабаванне, адныя і тыя ж памылкі, толькі змяняецца назва горада. Усё ад пачатку да канца хлусня і сфабрыкаваны ўкід! Казаў і паўтаруся, гэтыя недаразвітыя апазіцыйныя звяркі мяне нават не забаўляюць».
На канцэрт у Палацы культуры, які змяшчае 500 чалавек, пакуль прададзена каля 100 білетаў.