«Калі мужчына не разбіраецца ў кветках, можна павялічыць кошт букета. Адзін заплаціў 600 рублёў»
«Мне ні разу не дарылі кветкі на 8 Сакавіка», — прызнаецца фларыстка Аляксандра Піваварава.
07.03.2019 / 14:43
Напярэдадні свята ў краме кветак аншлаг. Саша з калегай Наталляй не паспяваюць рабіць букеты. Чакае спіс даставак па горадзе, прыходзяць пакупнікі. Пытаюцца, колькі каштуюць цюльпаны, якія кветкі выбраць: у букеце ці канверце, што можна набыць у краме да кветак?
Мёд-суфле будзе салодкім дадаткам да букета.
«Ніколі не было нармальнага свята ў мяне, — расказвае Саша, — за шэсць год у кветкавым бізнэсе хоць бы хто кветачку падарыў. Чамусьці ўсе сябры лічаць, што калі працую з кветкамі, то дарыць неабавязкова. Аднойчы хлопец прынёс самую танную, простую галінку хрызантэм. Гэта было такое шчасце!»
Фларыстка расказвае, што гэта толькі здаецца, што перад 8 Сакавіка горад запаланілі цюльпаны і мімозы. Насамрэч, попыт ёсць і на ружы, і на альстрамерыі, і на маціолы.
«Сёння ў модзе еўрапейская фларыстыка, з кветак — півоні і півонепадобныя», — расказвае Аляксандра Піваварава.
Еўрабукет — гэта калі кветкі ў ім складзеныя шчыльна, адна да адной, няма ўпаковачнай мішуры, мінімум аксесуараў. Для афармлення выкарыстоўваюцца вяроўкі і крафтавая папера. Як правіла, у еўрапейскім букеце адначасова выкарыстоўваецца шмат розных раслін, зеляніны, але не больш за тры колеры. Звычайна еўрапейскі букет досыць кампактны. А яшчэ ён павінен быць максімум натуральны, быццам букет толькі што сабралі на палянцы.
«Модна сёння дарыць невялічкія букеты, вельмі выгодна глядзіцца букет-канверт. А вось кошыкі кветак выходзяць з моды, — працягвае фларыстка, — хаця пакупнік знаходзіцца і на 101 ружу, і на дарагія букеты, і на сінія ружы, і на мядзведзікаў з ружаў».
Сінія, чорныя кветкі, лічыць Аляксандра, дарыць не варта. Бо, на думку спецыяліста, усё тое, што далёка ад прыроднага колеру, глядзіцца танна і фальшыва.
«Вы ведаеце, што традыцыя дарыць мядзведзікаў з ружаў прыйшла з пахавальнага бізнэсу?» — пытаецца Саша Піваварава.
«Першапачаткова такія цацкі-букеты рабіліся на могілкі спецыяльна для дзетак, якія памерлі. Пасля ад такіх букетаў ашуканцы сталі адрываць жалобныя стужкі і прадаваць іх як модныя аксесуары. Таму калі я бачу ў кветкавых крамах такіх мядзведзікаў, мяне аж трасе», — расказвае фларыстка.
Кошт букетаў — таксама цікавая тэма.
«Заўсёды глядзіш на кліента. Калі бачыш, што ён можа заплаціць за дарагі букет, збіраеш у букет рознай зеляніны, моху. І гэта павялічвае кошт букета. Бывае, сама памыляешся. І лічаш кветкі ў букеце па 9 рублёў тыя, што каштуюць шэсць. А бывае і наадварот. У мяне быў выпадак, калі ў магазін прыйшоў мужчына, паказаў пальцам на невялічкі букецік, заплаціў 600 рублёў і пайшоў шчаслівы», — дзеліцца Саша.
Букет, які набыў мужчына, быў з галандскіх ландышаў, адна з кветак якіх каштавала 10 рублёў.
«Гэта міф, што мужчыны абсалютна не разбіраюцца ў кветках. Многія дакладна ведаюць, за якімі кветкамі прыйшлі і што спадабаецца іх жанчыне. — працягвае Аляксандра, — З мужчынамі працаваць прасцей. Ім растлумачыш, параіш, дапаможаш выбраць — і ўсе застаюцца задаволенымі. А жанчына будзе выбіраць, перабярэ 100 варыянтаў і будзе стаяць над букетам і гаварыць: «Ну, не ведаю».
Свята Аляксандра будзе адзначаць на працы, як робіць гэта апошнія шэсць год.
«У мяне 14 лютага дзень народзінаў, і я таксама не магу адзначыць яго. Тое і ж і з 8 Сакавіка. Калі працавала ў сеткавай краме, перад святамі даводзілася начаваць на працы. Спалі ў скрынях ад кветак, не елі і не мыліся па дні два-тры. Затое на святы нікога не пакінулі без букета», — падсумавала Аляксандра Піваварава.