Политбеженец-зубровец вернулся в Беларусь и построил агроусадьбу, чтобы сохранить память о деревне предков

Олег Метелица после Площади-2010 провел более трех лет за пределами Беларуси. А потом вернулся на родину в Белыничи, пишет Svaboda.org.

03.03.2019 / 12:21

Хата Алега Мяцеліцы ў Бялынічах узведзеная па ўсіх правілах беларускага дойлідства. Сваю аграсядзібу ён назваў «Старкі» ў гонар амаль вымерлай вёскі, адкуль паходзіць ягоны род. Мяцеліца збірае старыя рэчы з кінутых хат, складае слоўнік мясцовых гаворак ды ладзіць вясёлыя Купаллі. 

46-гадовы Мяцеліца мае двое дзяцей. У палітыку ён уключыўся ў 2001 годзе, стаў легендай у «Зубры». Калі ў 2010 годзе праходзілі масавыя арышты, ён паспеў выехаць. Стварыў у Вільні «Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве». Пражыў там тры з паловай года. 

Удалечыні ад цывілізацыі

Старкі — за дваццаць кіламетраў ад Алегавага маёнтку на мяжы Круглянскага і Бялыніцкага раёнаў. Ягонае дзяцінства звязанае з гэтай вёскай. Там ён пачаў збіраць звесткі пра свой радавод. Цяпер ведае родзічаў да пятага калена. Як высветліў Алег, большасць з іх жылі ў радыусе 20 кіламетраў вакол Старкоў. Цяпер тыя мясціны апынуліся далёка ад цывілізацыі і магістраляў. Вярнуць жыццё ім ужо не ўдасца, лічыць Мяцеліца, але памяць пра іх захаваць ён хоча.

Рэчы сялянскага побыту, сабраныя сям'ёй Мяцеліцаў.

«Самае цяжкое — калі прыязджаеш на Радаўніцу ў Старкі і бачыш апусцелую вёску. Бабіну хату без прыгляду не раз рабавалі. Урэшце нехта яе спаліў», — кажа Алег.

У Старках больш ніхто стала не жыве. А раней тут было 40 двароў. Прыспешыла смерць вёскі палітыка ўзбуйнення калгасаў. Маладзейшыя вяскоўцы шукалі лепшага жыцця ў аграгарадках. А старэйшае пакаленне дажывала тым часам свой век у самоце.

Сам Мяцеліца пусціў карані ў Бялынічах, якія толькі два гады таму сталі горадам. Сябе гарадскім не лічыць, бо ў горадзе пражыў няпоўныя шэсць гадоў — з 46.

«Я вясковы чалавек. З жахам узгадваю два гады жыцця ў Мінску, дзе быў пазбаўлены вясковай вольніцы», — кажа Мяцеліца.

Эстонскія хутары — прыклад і натхненне для беларуса

З узвядзеннем маёнтку збылася даўняя Алегава мара. Амаль тры дзясяткі гадоў таму, калі жыхарства Старкоў пачало актыўна раз'язджацца, ён задумаў паставіць сабе хату па ўсіх правілах вясковага дойлідства. Тады ж пачаў збіраць рэчы сялянскага побыту. «Адных ручнікоў пад тры дзясяткі», — ганарыцца ён.

У 2013 годзе, вярнуўшыся з эміграцыі, зноў узяўся за справу. Гэтым разам яго натхнілі пабачаныя ў Эстоніі хутары. Там ён наведаў летнік, арганізаваны для сваіх дзяцей тамтэйшымі беларусамі. Яго ўразілі крытыя чаротам стрэхі мясцовых хат. У іх ён адчуў водар беларускіх вёсак.

Чаротам крытыя і ўсе пабудовы ягонага маёнтку. Матэрыял для стрэх Алег рыхтаваў два гады. Яго гаспадарка — на пятнаццаці сотках. Пляцоўка застаўленая рэчамі, звыклымі для сялянскага жыцця і экзатычнымі для гарадскога. Маёнтак зарэгістраваны як аграсядзіба. У ёй пабачылі вясковае жыццё беларусаў больш за сотню гасцей з дзясятка краін, нават кітайцы.

Бацька Алега Мяцеліцы — апошні са старкоўцаў

У сярэдзіне — вялікі драўляны дом. Зруб для хаты нагледзеў Алегу ягоны 81-гадовы бацька Міхаіл Мікалаевіч — адзін з апошніх старажылаў-старкоўцаў. Ён запэўнівае, што ў сынавай гаспадарцы — атмасфера роднай яму вёскі.

Міхаіл Мяцеліца — бацька Алега, камандаваў пабудовай хаты.

Міхаіл Мікалаевіч кіраваў узвядзеннем сынавага маёнтку, камандаваў будаўнікамі. Іх працай стары задаволены. Разам з тым адзначае: будаўнікі не разумелі даўняй беларускай тэрміналогіі.

«Што такое застрэшша, прывязка, кулі, грабёнка, не маглі ўцяміць. Не разумелі, што такое рына (вугал, які глядзіць уніз) ды нарожнік (вугал, які глядзіць уверх). Наш спрадвечны спосаб выкладання вянцоў спецыялісты чамусьці называлі нямецкім. Старкоўцы ж пра яго казалі, што ён просты, ці «ў лапу», — дзівіцца з будаўнікоў Міхаіл Мікалаевіч.

Бацькавы словы папоўнілі падчас будаўніцтва хаты сынаў слоўнік. Яго Алег пачаў складаць пры жывых бабці і дзеду на пачатку 1990-х. Унук даймаў іх пытаннямі, што як завецца. Цяпер у слоўніку блізу 1000 слоў.

Баба Алега Мяцеліцы ў сваёй хаце. Фота з сямейнага альбома Мяцеліцаў.

Бялыніцкае Купалле

Маёнтак Мяцеліцы — асяродак правядзення традыцыйных беларускіх святаў. Ладзіць іх — адно з захапленьняў Алега. Ён настойвае: аграсядзіба і арганізацыя святаў — не бізнэс-праект. Пасля продажу сваёй крамы ў Бялынічах Мяцеліца робіць страхавым агентам. Жонка ж — загадчыца раённай адвакацкай кансультацыі.

«Мы і раней ладзілі Купалле, Грамніцы, Багач, але яны былі для вузкага кола ўдзельнікаў. Цяпер жа з'явілася магчымасць далучыць да беларускай культуры большую колькасць ахвотнікаў», — кажа ён.

Звыклы рыштунак беларускай вясковай гаспадаркі.

У 1999 годзе Алег прачытаў кнігу этнографа Янкі Крука «Следам за сонцам. Беларускі каляндар». Па ёй, праз год, з жонкаю арганізаваў першае бялыніцкае Купалле. На яго запрасіў сваіх знаёмцаў. Неўпрыкмет ушанаванне Купалы на беразе Друці стала традыцыяй. Пазней да яго дадаліся Грамніцы, Каляды, Зажынкі.

«Усё гэта мы рабілі найперш для дзяцей. Для іх стараемся праводзіць такія імпрэзы максімальна рэалістычна, каб яны паверылі, што прысутнічаюць на дужа важнай для сябе падзеі», — кажа суразмоўца, паказваючы гаспадарку.

Па яго словах, бялыніцкае Купалле стала папулярным.

«На нашых святкаваннях няма гледачоў. Мы не паказваем спектакль. Кожны мае ў гэтым удзельнічаць. Сэнс у тым, каб людзі праз свой удзел паглыбіліся ў традыцыю і адчулі атмасферу беларускага свята», — кажа ён.

«Мясцовыя ўлады зацікавіліся пасля кітайцаў»

Ад 2017 года Мяцеліца спрабаваў прыцягваць да арганізацыі свят дзяржаўныя структуры. Водгуку на такія ініцыятывы не было аж да 2019-га.

Мяцеліца кажа, што раённая ўлада да беларушчыны ставіцца не варожа, але насцярожана. Зрэшты, сама яна не мае ні здольнасцяў, ні ўменняў, каб арганізоўваць падобнае.

«Пасля таго як чыноўнікі, відаць, дачуліся, што ў аграсядзібе пабылі кітайцы, а кітайская тэма цяпер для іх дужа актуальная, дык звярнуліся да мяне з просьбай дазволіць ім уключыць нашы святкаванні ў каляндар мерапрыемстваў раёна», — кажа Мяцеліца.

Гарады, госці з якіх бывалі ў Старках.