Каляды ў Бараўлянах
23.12.2008 / 21:21
У Дзіцячым анкалагічным цэнтры, што ў Бараўлянах, прайшоў дабрачынны калядны канцэрт.
***
Цягам двух папярэдніх тыдняў кожны ахвотны мог выбраць імя дзіцяці са спісу, размешчанага на нашым сайце, ды зрабіць яму навагодні падарунак. А потым перадаць яго ў цэнтр цераз нашых каардынатараў.
Сваіх маленькіх уладальнікаў знайшлі больш за 500 падарункаў, клапатліва запакаваных і падпісаных Вашымі рукамі.
Але якое свята без клоўнаў і фокуснікаў?
Каб канчаткова развеяць бальнічную атмасферу і хаця б крыху аблегчыць шэрыя будні, апроч падарункаў дзетак чакаў самы сапраўдны святочны канцэрт.
У ім узялі ўдзел фокуснік Пётр Стасевіч, клоўны Кася і Рыжая, Ганна Клэр і лялька Гарык ад NETradio, а для бацькоў, якія жывуць са сваімі дзецьмі ў Бараўлянах, падарункам стаў выступ спявачкі Вольгі Плотнікавай, Віталя Артыста («beZbileta») ды Пятра Ялфімава.
Тых жа дзяцей, якія з тых ці іншых прычын не змаглі прыйсці на канцэрт артысты разам з самым сапраўдным Дзедам Марозам павіншавалі проста ў палатах. Многія дзеці старанна рыхтаваліся да прыезду Дзеда Мароза, сустрэлі яго вершыкамі і ўзаемнымі падарункамі.
Некаторыя дзеткі, якія былі згаданыя ў спісах, на шчасце, змогуць сустрэць Новы год дома, сярод родных і блізкіх. Падрыхтаваныя для іх падарункі будуць чакаць сваіх гаспадароў у цэнтры пад наглядам педагогаў і псіхолагаў аддзяленняў і абавязкова патрапяць ў рукі тых, хто каго яны зробленыя.
Дзякуючы вялікаму запасу «неімянных» падарункаў, мы здолелі павіншаваць і тых 70 дзяцей, якія толькі паступілі ў цэнтр.
Таму з поўнай упэўненасцю мы можам сказаць, што без падарункаў не засталося ніводнае дзіця.
Вялікі дзякуй усім тым, што пачуў нашу просьбу і зрабіў свой пасільны ўнёсак! Бо маленькім насельнікам цэнтра, таксама як і іх бацькам, было вельмі прыемна, што пра іх думаюць і клапоцяцца.