Бяляцкі: Я рады, што сын з’ехаў з Беларусі
У праграме «Ток» праваабаронца Алесь Бяляцкі распавёў, чаму яго сын Адам з'ехаў з Беларусі і ці плануе вяртацца на радзіму.
27.01.2019 / 23:45
Алесь Бяляцкі, фота Волі Афіцэравай.
— Ваш сын з’ехаў з Беларусі, таму што гэта было пытанне бяспекі?
— Гэта было пытанне бяспекі. Ён з’ехаў з Беларусі, і я рады, што яго тут няма.
— Ён не плануе вяртацца?
— У яго сваё жыццё. Я лічу, што раней ці пазней ён будзе вяртацца, але колькі часу ён будзе жыць у Польшчы, у Францыі ці яшчэ дзе — гэта яго справа. Я проста гляджу, што іншае пакаленне — іншыя прыярытэты. Атрымалі нейкія іншыя магчымасці. Калі я згадваю сваю маладосць, то першы раз я выехаў за мяжу, калі мне было 29 гадоў. Я ўвогуле не бачыў Польшчу, я выехаў у Беласток у 29 гадоў. Гэта было маё замежжа першае. Да гэтага часу мы жылі толькі там, за гэтай сцяною. У лепшым выпадку ты мог з’ездзіць у які-небудзь Крым ці яшчэ куды. Усё. Гэта ўсё было абмежавана.
Цяпер у моладзі іншыя магчымасці і іншыя прыярытэты. Яны вучаць мовы, яны ездзяць вучыцца за мяжу, багата хто. Яны рэалізуюцца ў іншай сітуацыі. І гэта нармальна.
Алесь Бяляцкі з жонкай Наталляй і сынам Адамам. Архіўны здымак.
Іншая справа, што калі мы не хочам страціць нармальную разумную моладзь… А ў савецкія часы мы таксама яе страчвалі, таму што ўсе разумныя, усе, хто хацелі пабудаваць нейкую кар’еру, хто меў нейкія амбіцыі навуковыя, яны ехалі ў Ленінград, Маскву. Таксама не лепшая сітуацыя ў Беларусі была. І Мінск не быў той кропкай, якая магла задаволіць чалавека з пэўнымі амбіцыямі. Мае аднакласнікі вучыліся ў Маскве, у Ленінградзе — гэта было крута. Я вучыўся ў Гомелі — гэта быў «адстой». Але для мяне гэта было крута, таму што ў мяне былі іншыя прыярытэты жыццёвыя.
Іншая справа, што калі мы хочам не страціць пакаленне, то мы павінны забяспечыць нармальны ўзровень жыцця. І нікуды не дзенешся ад гэтага.