Навальны аб працягненні ўлады Пуціна: Варыянт з Беларуссю рэальны
27.01.2019 / 11:54
Расійскі апазіцыянер Аляксей Навальны ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» выказаў сваё меркаванне, ці застанецца Пуцін пасля 2024 года кiраўнiком Расіі, і якія механізмы Пуцін можа выкарыстаць, каб застацца ва ўладзе пасля заканчэння свайго чацвёртага прэзідэнцкага тэрміну.
Вядучы: Як вы лічыце… Цяпер абмяркоўваюць яшчэ розныя спосабы, пры дапамозе якіх Пуцін паспрабуе застацца ва ўладзе і пасля 24-га года. Па-першае, ці верыце вы ў тое, што так яно і будзе? І па-другое, якім шляхам, у вашым уяўленні, можа пайсці ўлада для працягнення тэрміну знаходжання Пуціна ва ўладзе?
А. Навальны: Я перакананы, што так будзе. І я не ўяўляю сабе нейкага іншага варыянта, пры якім Пуцін страціць уладу. План Пуціна зводзіцца да таго, каб быць прэзідэнтам ці кіраўніком дзяржавы, кантраляваць уладу да смерці. Я нават не думаю, што ім патрэбныя нейкія варыянты, пры якіх будзе нейкая парламенцкая рэспубліка…
Вядучы: Як з Беларуссю…
А. Навальны: Варыянт з Беларуссю больш рэальны. Гэта значыць ён скажа: «Ну, раней жа я быў прэзідэнтам Расіі, а цяпер яшчэ 12 гадоў я буду прэзідэнтам Расіі і Беларусі». Вось нешта такое цалкам верагодна. Але я думаю, што яны проста адменяць любыя тэрміны. Па просьбах працоўных, Валодзін унясе законапраект аб адмене любых абмежаванняў на працягласць знаходжання на прэзідэнцкай пасадзе, пасля чаго пад радасныя апладысменты ўсіх адзінаросаў гэты закон прымуць. І Пуцін выйдзе і скажа: «Ну, я не хацеў. Але, вы ведаеце, людзі ж просяць».