Протаіерэй БПЦ Сергій Гардун: Да школы я рускай мовы наогул не чуў. Толькі беларускую
16.01.2019 / 23:36
Новы Запавет цяпер беларусы могуць чытаць на роднай мове. Гэта стала магчымым дзякуючы скрупулёзнай працы калектываў Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы і секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Каталіцкай царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. За пераклад з арыгінальных моваў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове іх узнагародзілі прэміяй «За духоўнае адраджэнне». Карэспандэнт БелТА сустрэлася з протаіерэем Сергіем Гардуном — кіраўніком рабочай групы, якая займалася перакладам, зробленым праваслаўнай царквой.
Сергій Гардун. Фота: sobor.by.
— Айцец Сергій, ваша творчая група зрабіла вялікую працу. Прычым на пераклад пайшло 25 гадоў…
— Справа ў тым, што мы спачатку выдавалі наш пераклад па частках, таму што Новы Запавет — гэта фактычна зборнік, які складаецца з 27 асобных кніг. Першая кніга — Евангелле ад Матфея — выйшла ў 1991 годзе. Яе асаблівасць у тым, што яна выдадзена на чатырох мовах: старажытнагрэчаскай, царкоўнаславянскай, беларускай і рускай мове XIX стагоддзя (упершыню на рускай мове Біблія выйшла ў 1876 годзе). Евангелле ад Марка пабачыла свет у 1999 годзе. Затым — Евангеллі ад Лукі, Іаана і Дзеі Святых Апосталаў. У 2007 годзе мы выдалі Богаслужбовае Евангелле, у якое ўвайшлі Евангеллі ад Матфея, Марка, Лукі, Яна. Але розніца ў тым, што гэта выданне толькі на беларускай мове. Яно выклікала вялікую цікавасць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У прыватнасці, гэтая кніга была перавыдадзеная ў Польшчы і зараз выкарыстоўваецца ў нядзельных школах. У 2017 годзе выйшла поўнае выданне Новага Запавету тыражом 5 тысяч экзэмпляраў. Яно разышлося па ўсіх епархіях Беларускай праваслаўнай царквы.
— Пры падрыхтоўцы выдання з якімі цяжкасцямі даводзілася сутыкацца?
— Новы Запавет у арыгінале напісаны на старажытнагрэчаскай мове. Калі мы пачыналі пераклад 25 гадоў таму, у Беларусі яна вывучалася толькі ў Мінскай духоўнай семінарыі. Я сам па адукацыі лінгвіст і ў свой час скончыў Беларускі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Мая свецкая прафесія — настаўнік англійскай і французскай моў, падчас вучобы я яшчэ вывучаў латынь. Старажытнагрэчаскую я ўжо вывучаў у духоўнай семінарыі і акадэміі. А вось знаўцаў беларускай мовы ў нас дастаткова. У склад нашай камісіі ўвайшлі такія лінгвісты, як доктар філалагічных навук Іван Чарота, фалькларыст кандыдат філалагічных навук Уладзімір Васілевіч, нашы царкоўныя работнікі — выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ Аляксандр Кароль і протаіерэй Аляксандр Пачопка. Такім чынам, мы сабралі групу людзей, якая змагла займацца перакладам. Цяжкасць была і ў тым, што ў беларускай мове не распрацавана агульнапрынятая багаслоўская тэрміналогія, і нам, робячы гэты пераклад, трэба было яе распрацоўваць. Разам з тым нейкія спробы ў гэтым кірунку раней рабіліся. Таму ўнутры нашай камісіі часта ўзнікалі спрэчкі, якое слова лепш выкарыстоўваць. Да 1994 года я жыў у Слоніме, і мы першапачаткова маглі сустракацца не часцей чым раз на месяц. Потым, калі пераехаў у Мінск, з'явілася магчымасць збірацца кожны тыдзень. Акрамя таго, у нас усіх ёсць асноўная праца. Усё гэта тлумачыць, чаму так доўга ішла праца над выданнем.
— Пераклады Бібліі на беларускую мову існавалі і раней…
— Я мог бы паказаць вам гэтыя пераклады, і вы б самі ўбачылі, у чым розніца. Па-першае, яны рабіліся не зусім спецыялістамі і не з мовы арыгінала, таму часта сустракаюцца памылкі. Дарэчы, першы пераклад Новага Запавету на беларускую мову быў зроблены ў Заходняй Беларусі, а надрукаваны ў 1931 годзе ў Хельсінкі. Часта гэта быў занадта вольны пераклад, не ўлічвалася традыцыя тэрміналогіі. А яна ёсць, і яе трэба было прасачыць на працягу XX стагоддзя, і паводле фальклорных запісаў XIX стагоддзя, і нават з Францыскам Скарынам звяралі, якая царкоўная тэрміналогія ў Беларусі да нас ўжывалася. У папярэдніх перакладах гэта не ўлічвалася.
— Калі браліся за працу над выданнем, была ўпэўненасць, што яна будзе запатрабавана?
— Упэўненасць у гэтым была. І тое, што гэта выданне неабходна, у нас нават не было сумневу. Дарэчы, многія нашы святары ўжываюць беларускую мову і ў пропаведзі, і калі чытаюць Святое Пісанне ў храме. У некаторых храмах цалкам на беларускай мове службы ідуць. А яшчэ больш у нас людзей, якія не карыстаюцца актыўна беларускай мовай, але на самой справе з задавальненнем чытаюць на роднай мове, і гэта ім прыносіць радасць і задавальненне. Таму тое, што пераклад патрэбен, для нас відавочна. Як і тое, што абавязак Царквы ў любой краіне — даць людзям магчымасць на нацыянальнай мове чытаць Святое Пісанне. Гэта проста аксіёма для нас.
— А асабіста вы ў паўсядзённым жыцці размаўляеце на роднай мове?
— У мяне ўся сям'я размаўляе па-беларуску. Для мяне гэта натуральна, бо я нарадзіўся і вырас у вёсцы. Мае бацькі, родныя і блізкія ўсе гаварылі на роднай мове і іншай не ведалі. Да школы я рускай мовы наогул не чуў. Больш за тое, мае бацькі будавалі новую хату, а ў старую не праводзілі электрычнасць, у нас не было ні радыё, ні тэлебачання, і я ў першыя гады ўрокі рабіў пры газавай лямпе. А ў школе, вядома, з першага класа вучыў рускую мову. Наогул мовы мне падабаліся заўсёды: у школе я ў дасканаласці засвоіў рускую, у лінгвістычным універсітэце — англійскую і французскую, затым сам вывучыў польскую і ўкраінскую.