У Стамбуле адбылася перадача томаса аб аўтакефаліі кіраўніку Праваслаўнай Царквы Украіны ФОТА

06.01.2019 / 13:28

Сусветны патрыярх Варфаламей ў Стамбуле перадаў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы Украіны мітрапаліту Кіеўскаму і ўсёй Украіны Епіфанію.

Цырымонія адбылася падчас літургіі ў патрыяршым храме Святога Георгія ў нядзелю.

Патрыярх Варфаламей перадаў мітрапаліту Епіфанію жазло мітрапаліта і томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы Украіны.

Богаслужэнне правілі сумесна патрыярх Варфаламей і мітрапаліт Епіфаній. У храме прысутнічаў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, экс-прэзідэнт Віктар Юшчанка, старшыня Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій і члены ўкраінскай дэлегацыі.

«Як пасля цемры начной зноў узыходзіць сонца, так і цяпер даўняя несправядлівасць дзякуючы мудрасці вашай усясвятасці і свяшчэннага сінода маці-царквы скасавана, а справядлівасць адноўлена… Пры падтрымцы ўкраінскай дзяржавы і нашага прэзідэнта падзел ліквідаваны, а адзінства адноўлена», — цытуе выступ мітрапаліта Епіфанія на цырымоніі «Украінская праўда».

Мітрапаліт Епіфаній таксама звярнуўся да маці-царквы і ўсіх мясцовых цэркваў з просьбай маліцца за мір ва Украіне.

Трансляцыю вяла ўкраінская служба Радыё «Свабода».