На ўкраінскім ТБ абмяркоўваюць, ці анексуе Расія Беларусь
Рызыка паглынання нашай краіны Расіяй вялікая, як ніколі, мяркуе топавы ўкраінскі вядоўца Дзмітры Гардон.
28.12.2018 / 09:19
Падчас ток-шоу на ўкраінскім тэлеканале «Прямий» абмеркавалі сітуацыю вакол Беларусі. Госць студыі — вядомы ўкраінскі інтэрв’юер Дзмітры Гардон — распавёў пра вузкую сустрэчу ў Кіеве, на якой ён прысутнічаў у верасні. Там сабраліся, па словах Гардона, паўтузіна сучасных і былых амбасадараў ЗША ў Расіі і ва Украіне, а таксама каля трох дзясяткаў запрошаных экспертаў. Прысутнічаў там і былы дарадца Пуціна па эканоміцы Андрэй Іларыёнаў.
«Няўжо вы не разумееце, што наступнай за часткай Украіны Расія анексуе Беларусь?», — нібыта сказаў Іларыёнаў амерыканскім дыпламатам напрыканцы сустрэчы.
Варта адзначыць, што Іларыёнаў працаваў дарадцам Пуціна ў 2000-2005 гг., і з пачатку канфлікту ва Ўкраіне актыўна каментуе падзеі вакол яе. Яго нярэдка абвінавачваюць у нагнятанні гістэрыі і алармісцкіх прагнозах, якія не спраўджваюцца.
«Сёння як ніколі яшчэ ў сваёй гісторыі Беларусь стаіць перад магчымай анексіяй з боку Расіі, — развіў думку Гардон. — Таксама ж гэтая пагроза навісла над паўночным Казахстанам. Пуцін ідзе далей. Пуцін хоча стварыць гэты свой рускі мір — там, дзе гэта пройдзе».
Лукашэнка падышоў да ракавой рысы, мяркуе Гардон.
Вядоўца Мацвей Ганапольскі патэлефанаваў беларускаму журналісту Сяргею Харытонаву, каб спраўдзіць, ці сапраўды ў Беларусі няма аніводнай беларускамоўнай школы. Харытонаў збольшага абмаляваў сітуацыю з мовай у адукацыі, а таксама выказаў думку, што беларусы ўжо прывыклі жыць у сваёй краіне, а таму сваю незалежнасць не здадуць.
«Аптыміст», — адрэагаваў Гардон.
Беларускую тэму абмяркоўваюць з 16:30 у відэа: