БССР-100. Легенда про святого Петра Мироновича
Если бы Петр Машеров родился на полтысячи лет раньше, его бы точно канонизировали. Многие короли и епископы европейского Средневековья и без машеровской харизмы делались святыми. А поскольку первый секретарь Центрального комитета Коммунистической партии Беларуси в каком-то смысле сочетал власть светскую и духовную, даже в ХХ веке не обходилось без агиографических историй. Вот Машеров, словно святой Мартин Турский, что отдал плащ нищему, уступает лошадь измученному партизану; вот он подбирает учительницу из провинции, заблудившуююся в Минске, и своей машиной её везет; вот отдает последние сапоги разведчикам… Вот он погибает загадочной мученической смертью. Воспоминания о руководителя БССР собрал Андрей Скурко.
01.01.2019 / 15:52
Фота Юрыя Іванова.
З гадамі стварыўся вобраз святога Пятра Міронавіча, які трымае ў руках ключы ад беларускага раю. Ці быў Машэраў самым паспяховым і мудрым кіраўніком Савецкай Беларусі — можна спрачацца. Але што быў самым любімым — бясспрэчна. Яго пахаванне ператварылася ў стыхійную маніфестацыю, якіх Мінск датуль не ведаў: пад халодным кастрычніцкім дажджом людзі стаялі сцяной ад Дома ўрада — і аж да вуліц Чырвонай, Коласа, Каліноўскага, па дарозе картэжу, які везлі аб’язнымі дарогамі, бо праспект быў раскапаны метрабудаўцамі. Пасля так хавалі толькі Васіля Быкава.
Ні «асцярожны беларус» Мазураў, ні ўлюбёнец савецкага прэм'ера Аляксея Касыгіна Кісялёў, ні жалезны дырэктар Слюнькоў не мелі такой народнай любові. Хоць кожны з іх не быў пазбаўлены рысаў, якія беларускі народ так шанаваў у Машэраве.
Напрыклад, Кірыла Мазураў мог без помпы, спакойна прайсціся па мінскіх крамах, пацікавіцца цэнамі, паслухаць, што народ гаворыць. Ціхан Кісялёў, настаўнік беларускай мовы паводле першай спецыяльнасці, мог гадзінамі на памяць цытаваць паэзію Коласа і Купалы. А Мікалай Слюнькоў, на якім ляжыць вечнае кляймо бяздзейнасці пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС, аказваецца, мог бушаваць як тыгр, калі з цэнтра загадалі на новы 1986 год адправіць у маскоўскія магазіны 15 тысяч выпатрашаных малочных парасят. «Ды як я буду людзям у вочы глядзець!.. Рэзаць не будзем, у Маскву адпраўляць не будзем!» — крычаў ён. Гэты выпадак, пераказаны сабкорам «Праўды» ў БССР Аляксандрам Сімуравым, дарэчы, прыпісвалі Машэраву. А ва Украіне тое самае расказвалі пра свайго партыйнага лідара — Уладзіміра Шчарбіцкага.
Парад 9 Мая: нефармальная абстаноўка. Злева ад Машэрава — яго целаахоўнік, а размаўляе ён з Маршалам Савецкага Саюза Іванам Баграмянам. Звярніце ўвагу на мокрыя штаны Машэрава. Фота Юрыя Іванова.
Адрозніваўся Пятро Міронавіч ад папярэднікаў і найбліжэйшых наступнікаў тым, што быў адзінай сярод іх публічнай фігурай. Гэта было ў яго натуры. Яму падабалася падабацца.
Ма шэр
Дэталі машэраўскай легенды адпрацоўвалі найлепшыя майстры. Версію пра французскае паходжанне яго продкаў — ад напалеонаўскага салдата, што застаўся ў вёсцы Шыркі пад Віцебскам пасля 1812-га, — падобна, запусціў Уладзімір Караткевіч.
Пісьменнік і інструктар ЦК Алесь Петрашкевіч успамінаў, як давялося выцягнуць падпітага Караткевіча ў паездку з Машэравым, выбіраць месца пад будучы музей народнай культуры. І класік нечакана выдаў, што прозвішча Машэраў — ад «ма шэр». Машэраў па-маладому засмяяўся ў адказ.
Каб гэта было праўдай, у французы давялося б запісаць і Машэраў, і Машараў, і нават Масарэнкаў.
Сапраўднае прозвішча Пятра Міронавіча было Машэра. Рускае «-ов» на канцы ён сабе дадаў у другой палове 1930-х, калі рэпрэсавалі бацьку.
Мірон Машэра ўваходзіў у рэвізійную камісію калгаса і не захацеў закрываць вочы на растрату. Яго асудзілі па даносе аднавяскоўцаў (цікава, што адзін з даносчыкаў меў прозвішча Ляхоўскі — як дзявочае ў маці Машэрава). У снежні 1937-га бацьку пасадзілі, а праз чатыры месяцы ён памёр — ці замучылі — у лагеры ў Горкаўскай вобласці.
Пасля таго яго сыны Павел і Пятро выправілі сабе новыя дакументы, стаўшы Машэравымі. З гэтым ім мог дапамагчы швагер, супрацоўнік віцебскага НКВД Сямён Урагоў, за якім была замужам іх сястра Матруна. Біёграфы пішуць, што Матруна дапамагала сям’і бацькоў прадуктамі ў часе калгаснай нішчымніцы, у сям’і Ураговых Пятро жыў, калі вучыўся ў Віцебскім педінстытуце. А іх сын Мікалай Урагоў, старшыня калгаса ў Шклоўскім раёне, у 1990-м быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі на выбарах у Вярхоўны Савет БССР.
З галоўным сепаратыстам сацыялістычнага лагера, кіраўніком Югаславіі Ёсіпам Броз Ціта на плошчы Перамогі. 1965 год. Фота Юрыя Іванова.
Паліна Галанава ўспамінала, як упершыню пабачыла будучага мужа на танцах і ўразілася яго інтэлігентнасці. На той час Машэраў быў адзіным чалавекам у Расонах, які насіў капялюш. Інтэлігентнасць пачыналася з сям’і: бацька Мірон, хоць і просты селянін, а быў пісьменны, і свету пабачыў на царскай вайне. Бываючы ў горадзе, на кірмашах, стараўся купляць кнігі. У іх сялянскай хаце, паводле некаторых успамінаў, было нават піяніна. Наколькі добра ім авалодаў Пятро Міронавіч, невядома. Аднапалчане-партызаны і вучні ўспаміналі, што ён дакладна ўмеў іграць на гармоніку — ладзіў ім вячоркі. Таксама перад вайной саматужна вучыўся аратарскаму майстэрству і… прафесійна танцаваць. Дачка Наталля ўспамінала, што танга і факстроты яна вывучыла, дзякуючы бацьку.
Маўчанне Машэрава
Васіль Быкаў успамінаў, як маўчанне Машэрава, які ўстрымаўся, калі бюро ЦК КПБ вырашала лёс Аляксея Карпюка, уратавала гродзенскага пісьменніка-партызана. КГБ спрабаваў павесіць на Карпюка супрацоўніцтва з фашыстамі, раскапаўшы дакументы з часоў яго знаходжання ў нямецкім лагеры. Пасля выявілася, што дакументы падробленыя.
Пятро Машэраў (у цэнтры) — дэлегат БССР на канферэнцыі Сусветнай федэрацыі дэмакратычнай моладзі ў Лондане (1945). З той паездкі ён прывёз тры добрыя касцюмы, пашытыя, праўда, у Маскве. Фота:Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.
Ці не ўспамінаў Машэраў, слухаючы гэтую гісторыю, свой уласны палон?
Пра гэты неапраўдальны, са сталінскага пункту гледжання, факт біяграфіі мала хто ведаў, апроч партыйнага аддзела кадраў. У нямецкі палон Машэраў трапіў у жніўні 1941-га. Паводле першай версіі, ён пайшоў добраахвотнікам у знішчальны батальён і па дарозе на фронт пад Невелем трапіў у акружэнне. Паводле другой — улетку 1941-га Машэраў быў на зборах аж каля прускай мяжы і трапіў у акружэнне, адступаючы адтуль.
Як бы там ні было, Машэраў прабыў у палоне чатыры дні, а пасля ўцёк з эшалона, якім палонных адпраўлялі ў Германію: вылез праз акенца і скокнуў з насыпу. Ніхто з тых, хто ўцякаў з ім, не выжыў.
Яшчэ адзін малавядомы факт: у размовах Машэраў прыгадваў, што ў пачатку вайны месяц прасядзеў у барысаўскай турме. Адтуль яго маглі «выкупіць» сваякі: тады немцы мясцовых жыхароў адпускалі.
Усе гэтыя розначытанні паказваюць, колькі нечаканых паваротаў могуць хаваць, здавалася б, да канца ясныя афіцыйныя біяграфіі.
Дубняк
З палону Машэраў уцёк у Расоны, дзе настаўнічаў да вайны і дзе на той час жыла ўся яго сям’я.
Выкладаў фізіку ў школе, а пасля разам са старэйшымі класамі і жонкай сышоў у партызаны, узяўшы псеўданім Дубняк. Займелі зброю, наладзілі кантакты з падрыўнікамі, пачалі ваяваць і ўзрываць «жалезку»… Шукаючы іх, немцы схапілі чатырох партызанскіх маці і пасля катаванняў расстралялі. Сярод іх была і маці Машэрава.
Усё жыццё яго мучыла думка, што ён мог забраць маці ў атрад, але не зрабіў гэтага.
Пасля вайны парэшткі партызанскіх матуль раскапалі на ўскрайку расонскага парку і перазахавалі ў брацкай магіле. Дар’ю Пятроўну пазналі па сіняй спадніцы ў гарохі. Ні асобнай магілы, ні помніка Машэраў распарадзіўся не рабіць: проста пазначыць яе імя на абеліску, у агульным пераліку. Бываючы на магіле, Машэраў не мог адвярнуцца — так і ішоў, развітваючыся, па алеі спінай уперад, тварам да абеліска.
Пасля вайны Машэраў быў у ліку безлічы «ўсходнікаў», адпраўленых саветызаваць Заходнюю Беларусь. У Маладзечанскай вобласці яму давялося займацца не толькі камсамольскімі справамі, але і дабіваць антысавецкіх партызанаў па лясах.
Праўда, і самога яго час ад часу прамацваў на добранадзейнасць кіраўнік МГБ БССР Лаўрэнцій Цанава. Гэты чорны кардынал БССР настойліва хацеў, каб Машэраў напісаў гісторыю партызанскага руху, падкрэсліўшы яго, Цанавы, ролю. І ўсё выпытваў: якія ж супы Машэраў любіць — мясныя ці малочныя? У выкананні Цанавы такое пытанне магло значыць усё што заўгодна.
Партызанскі міф як нацыянальная ідэя
Гэта ў часы Машэрава Беларусь займела мемарыялы ў Хатыні і Брэсцкай крэпасці, Курган Славы ды імідж «рэспублікі-партызанкі». Партызанскія лясы былі кузняй кадраў для пасляваеннай кіроўнай эліты, як рэдакцыя віленскай «Нашай Нівы» — для «айцоў» БНР і БССР.
Доктар палітычных навук з Каліфорніі Майкл Урбан, даследчык савецкіх эліт, адзначаў, што беларускі «партызанскі міф» у нейкай ступені падмяняў сабой нацыянальную свядомасць, бо адкрыта выяўляць палітычны нацыяналізм у СССР было немагчыма. Гэты ж партызанскі міф як бы даваў партызанскім правадырам права ўзначальваць Беларусь пасля вайны.
Мінск вітае Фідэля Кастра. Разам з ім у аўто — Пятро Машэраў і Ціхан Кісялёў. 1972. Фота: Музей гісторыі Вялікай Айчыннай Вайны.
Падобна Фідэль Кастра, прыйшоўшы да ўлады на Кубе, зрабіў сваю барацьбу часткай кубінскага нацыянальнага міфа. Невыпадкова ў 1966-м, калі адносіны СССР з Востравам свабоды ўскладніліся пасля звяржэння Хрушчова, на перамовы ў Гавану выправілі кіраўніка беларускіх герыльерас Пятра Машэрава. Яны добра паразумеліся, падчас візіту ў СССР у 1972-м Кастра захацеў наведаць Беларусь ды пабачыць «свайго сябра — партызана Мачэрава».
Разам яны наведалі Хатынь і Курган Славы.
Маскоўскі патрон
Але першым лідарам «партызанаў» у беларускай уладзе быў не Машэраў, а яго папярэднік Кірыла Мазураў. Ён як мог супраціўляўся хрушчоўскай «кукурузізацыі», спрабуючы пераканаць Мікіту, што ў Беларусі ад бульбы толку болей.
У пытаннях аграрнай палітыкі Мазураў пагаджаўся з Леанідам Брэжневым. І пасля таго, як у 1964-м брэжнеўская група адхіліла ад улады Хрушчова, Мазурава перавялі ў Маскву на пасаду першага намесніка старшыні Саўміна СССР. На ўстаноўчым пленуме Масква мякка падсоўвала беларусам на вызваленае месца «першага» кандыдатуру Ціхана Кісялёва, але партызаны дружна прагаласавалі за свайго Дубняка.
У працоўным кабінеце. Фота Юрыя Іванова.
А Мазураў на доўгія гады стаў патронам Машэрава ў Маскве.
Саюз беларускіх партызанаў з брэжнеўцамі аказаўся нядоўгі. Вышэй Мазураў не пайшоў і беларускую фракцыю ў Крамлі павялічыць таксама не змог. А пад канец брэжнеўскай эпохі яго выправілі на пенсію — у 64 гады. Для тагачаснай герантакратычнай сістэмы гэта проста юнацкі век. Сабкор «Праўды» ў БССР Аляксандр Сімураў тлумачыў канфлікт утылітарна: Мазураў падчас пасяджэння, прысвечанага ўзнагароджанню «дарагога Леаніда Ільіча» чарговай зоркай, уголас засумняваўся: а ці трэба, ці пойме нас народ? Брэжнеўскі ідэолаг Міхаіл Суслаў «не поняў» такой «палітычнай нізкавокасці» і назаўтра прапанаваў Мазураву скласці заяву «па ўласным жаданні».
«Мы — беларусы…»: Фёдар Сурганаў, Пятро Машэраў, Ціхан Кісялёў і Сяргей Прытыцкі. Фота Юрыя Іванова.
Так Машэраў страціў падтрымку ў Маскве. Мазураў быў на пенсіі, яшчэ адзін беларус, рэдактар «Праўды» Міхаіл Зімянін, больш сімпатызаваў Юрыю Андропаву, што імкнуўся да ўлады. Дома таксама было няпроста: ад 1980-га мінскі КГБ узначаліў андропаўскі чалавек Балуеў, старшынёй Саўміна стаў чалавек Брэжнева Аксёнаў… Можа, гэтым тлумачылася нервознасць Машэрава ў апошні год жыцця? Ён нават, сведчыла сям’я, паліў якіясьці дакументы.
Дык забілі ці не?
Але ці быў канфлікт з Брэжневым? Пра нацягнутасць адносін нібыта сведчыла тое, што генсек СССР аж чатыры гады не мог даехаць да беларускай сталіцы, каб уручыць Мінску «Зорку» горада-героя. Дый падчас візіту выглядаў не дужа задаволеным. Праўда, і першае, і другое можа тлумачыцца зацяжнымі хваробамі Брэжнева.
Урбан адзначае супрацьстаянне між «партызанамі» і «кліентамі Брэжнева» ва ўладных калідорах Мінска і Масквы. Але ці выходзіла яно за межы звычайнага імкнення цэнтра кантраляваць, а перыферыі — самастойнічаць? І БССР мела тут, бадай, найменшыя сярод усіх савецкіх рэспублік праблемы.
Месца трагедыі: пад Смалявічамі «Чайка» з Пятром Машэравым на поўнай хуткасці ўрэзалася ў грузавік з бульбай. Фота: kp.by, Мікалай Чаргінец.
Машэраў не быў заўважаны ў адкрытай апазіцыі генсеку, а ў Мінску падчас урачыстасцяў абрынуў на «дарагога Леаніда Ільіча» такі вадаспад славаслоўя, што прысутным у зале аж няёмка стала. Такі
брыдкі падхалімаж Машэрава адзначаў і былы функцыянер ЦК КПСС Анатоль Чарняеў, які пакінуў вялікія і цікавыя ўспаміны. Чарняеў слухаў Пятра Міронавіча на з’ездзе КПСС: «Машэраў гучным, тэатральна пастаўленым голасам вывяргаў паток пышных слоў — цалкам беззмястоўны прапагандысцкі «трёп»».
Ёсць і процілеглая версія. Дачка Машэрава Наталля згадвала, што Брэжнеў нефармальна называў кіраўніка БССР «Пеця». А адзін з біёграфаў Машэрава, Валянцін Вялічка, сцвярджае нават, што стары генсек летам 1980-га, падчас сумеснага адпачынку ў Крыме, прапанаваў Пятру Міронавічу пасаду старшыні саюзнага Саўміна, замест Касыгіна, які прасіўся на пенсію. Друкуюцца і мілыя падрабязнасці, як сябравалі іх жонкі: Паліна Машэрава і Вікторыя Брэжнева былі вязальшчыцы і пры сустрэчах абменьваліся новымі моднымі ўзорамі.
Можа, такой ужо ідыліі і не было, але наўрад ці смерць Машэрава была спланаванай. Найхутчэй, аварыя на скрыжаванні пад Смалявічамі 4 кастрычніка 1980-га, калі яго «Чайка» ўрэзалася ў грузавік з бульбай, была трагічнай выпадковасцю. Нават адэпты «змовы супраць Машэрава» прызнавалі: і рашэнне пра выезд «у поле» было спантаннае, і маршрут вызначаўся ўжо ў дарозе. І ганяў шафёр Машэрава — па ягоным загадзе — заўсёды на дзікай хуткасці. І машыны савецкія не мелі тых сістэм бяспекі для пасажыраў, якія стаяць цяпер не толькі на «Мерседэсах», але і на «Опелях».
Гэтак жа хадзілі легенды пра «забойства» звышпапулярнага першага касманаўта Юрыя Гагарына, які разбіўся ў 1968-м падчас выпрабавальнага палёту. А ў канцы 1980-х дадалася яшчэ і версія пра выкраданне іншапланецянамі.
Звяржэнне партызанаў
Іншая справа, адзначае Урбан, што смерць Машэрава запусціла ў Беларусі працэс пераходу ўлады ад «партызанаў» да «Мінскай гарадской індустрыйнай групы», ачоленай Мікалаем Слюньковым. Брэжнеўская эпоха ў БССР скончылася раней за Брэжнева.
Новыя кіраўнікі, да якіх адносіўся і першы старшыня Саўміна незалежнай Беларусі Вячаслаў Кебіч, выраслі разам з гігантамі беларускай індустрыі. Гэтыя ўжо не мелі сантыментаў да нацыянальнага, да «хат». Стратэгіяй, якая прывяла іх да поспеху, было якраз далучэнне да рускай культуры.
Як беларусы сталі гарадскімі
Прыход да ўлады такой групоўкі перадвызначыла эканамічная і культурная палітыка акурат машэраўскіх часоў. У БССР разбудоўвалася прамысловасць, рэзка ўзбуйняліся гарады — а некаторыя, як Светлагорск, Салігорск, Наваполацк, Новалукомль, Белаазёрск, будаваліся з нуля вакол прадпрыемстваў.
У Мінску, які пад 1980-ы вырас да мільёна жыхароў, канцэнтравалася 25% прамысловай вытворчасці БССР.
У 1970-м толькі траціна беларусаў жыла ў гарадах, у 1985-м — ужо 62%. Вяскоўцы, што масава хлынулі па лягчэйшае жыццё ў горад, пераймалі рускую культуру як вышэйшую. Ужо ў 1970-я беларусы сярод усіх носьбітаў нацыянальных моваў у СССР найменш карысталіся сваёй як мовай асноўнага ўжытку.
Пісьменнікаў любіў
«Канечне, я гэта бачу. Канечне, ведаю, але калі я, ты ж зразумей, калі я гэтыя пытанні падыму ў Маскве адкрыта або на вялікіх нейкіх форумах тут, то да мяне будуць прад’яўлены з Масквы, з цэнтра, адпаведныя меры, адпаведныя рашэнні могуць нават быць. А ты, калі ласка, рабі гэта ўсё. Ты рабі і не сумнявайся, што я заўсёды цябе падтрымаю», — казаў Машэраў маладому старшыні Дзяржтэлерадыё БССР Генадзю Бураўкіну. На канец яго кіравання прыпала стварэнне асобнай праграмы беларускага тэлебачання — з вяшчаннем на нацыянальнай мове.
Добрым словам згадвалі Машэрава і пісьменнікі, якім ён збудаваў і Дом літаратара, і Дом творчасці ў Іслачы. У Мінску пры ім з’явіліся помнікі Купалу і Коласу — у адзін год, і кожны каштаваў 700 тысяч рублёў з рэспубліканскага бюджэту. Пры Машэраве выдалі 12-тамовую «Беларускую энцыклапедыю», распачалі выданне кніг «Памяць» па раёнах.
Машэраў цёпла ставіўся да Івана Мележа. Драматург Андрэй Макаёнак мог з ім нават паспрачацца, адстойваючы сваю п’есу «Пагарэльцы», прысвечаную тэме сталінскіх рэпрэсій. Мог Макаёнак і папрасіць у «першага» прытуліць у Мінску апальнага Алеся Адамовіча, які быў літаральна выгнаны з Масквы, не падпісаўшы калектыўны ліст з асуджэннем Сіняўскага і Даніэля.
Былі, аднак, і рэчы, якіх нават замілаваныя Пятром Міронавічам літаратары не маглі вытлумачыць. «Знікала ж мова народа — аснова нацыянальнай культуры. Казалі i Машэраву, i ён нібыта згаджаўся. Але русіфікацыя не спынялася… Нават русак Панамарэнка не дазваляў такіх паваротаў, калі газеты заходніх абласцей, раёнаў, «Сельская газета» пераводзіліся на рускую мову. Працэс гэты не быў стыхійны. …Машэраў ніводнага разу — ні на адным пленуме, нарадзе, з'ездзе, сесіі, урачыстым пасяджэнні — не выступіў па-беларуску. I ў прыватнай размове з намі, пісьменнікамі, не ўжываў яе… як дэманстраваў сваю рускасць. I гэта дзейнічала мацней за любыя пастановы — такі прыклад першай асобы ў рэспубліцы. …ніхто не выступаў па-беларуску — ніводзін ідэолаг», — з горыччу і асуджэннем успамінаў сумленны камуніст Іван Шамякін.
«Магу чалавеку ўсе зубы выбіць»
Што Макаёнак наважваўся, але не зрабіў: не сказаў Машэраву праўду ў вочы пра яго выязныя семінары. У трохі відазмененым выглядзе ўлада практыкуе іх дагэтуль, але моду ўвёў Пятро Міронавіч. «Па вёсках насіліся шматкіламетровыя калоны легкавых персанальных аўто, уздымаючы шлейфы пылу і наводзячы жах на ўсё жывое», — згадвае сведка тых падзей.
На месцах, у гаспадарках і на прадпрыемствах, мясцовае кіраўніцтва забяспечвала мінскім гасцям самую бессаромную паказуху. Але Машэраў толькі злаваўся, калі яму спрабавалі на гэта намякнуць.
І ў цэлым ён «мог ускіпець, і нярэдка». Але хутка адыходзіў. «Я ж любому чалавеку магу ўсе зубы выбіць. Але пасля ўстаўлю новыя, больш дзейныя», — казаў ён алегарычна.
Галінкавы корм і шматпавярховыя дачы
Хапала ў машэраўскім гаспадаранні і валюнтарызму. Старэйшыя людзі памятаюць аўральныя нарыхтоўкі галінкавага корму для скаціны. У краіне пераможнага сацыялізму не было чым карміць каровы да зялёнай травы…
У БССР вялізныя грошы ўкладаліся ў прадпрыемствы вайскова-прамысловага комплексу і ў сельскагаспадарчыя гіганты. Пры гэтым узровень жыцця большасці людзей заставаўся нізкі, нарасталі негатыўныя з'явы. На фота: жанчыны чакаюць, калі ў краму прывязуць хлеб. Фота Анатоля Кляшчука.
Або, захапіўшыся ідэяй «аграгарадоў», рэфарматары машэраўскага часу запісалі ў «неперспектыўныя» трыццаць тры тысячы беларускіх вёсак. У выніку і аграгарады не стварылі, і вёсцы перакрылі кісларод — тады, калі там яшчэ былі гаспадары, улюбёныя ў зямлю.
На машэраўскі час прыпала і меліярацыя Палесся, і знішчэнне мінскай Нямігі.
А чаго вартая ідэя Машэрава будаваць у дачных кааператывах шматпавярховікі і кожнаму агародніку даваць пакой — каб працавалі на зямлі ўсе разам і ўвосень пароўну дзялілі ўраджай.
«Калі за кавай у пакоі адпачынку Вярхоўнага Савета ён выказаў гэтую ідэю i калегі падтрымлівалі яго, я адважыўся заўважыць, што не пойдуць людзі ў такі «сад». Узлаваўся», — успамінаў Іван Шамякін, старшыня Вярхоўнага Савета БССР на той час.
Разам з тым, менавіта пры Машэраве ў Драздах былі збудаваныя дзяржаўным коштам асабнякі для першых асоб БССР — па шаснаццаць пакояў, з басейнамі, саўнамі, кіназаламі. Янка Брыль прыгадваў пачутае неяк ад Машэрава: «Нам тоже нужен комфорт».
Таксама Машэраў мог зрабіць шырокі жэст і адправіць маскоўскага журналіста, які рабіў з ім гутарку, дамоў асабістым самалётам — вядома ж, дзяржаўным коштам.
«Дарагі Пятро Міронавіч»
«Калі б быў жывы Машэраў…» — адна з любімых фігур умоўнага ладу ў разважаннях пра лёс Беларусі ў 1990-я.
Але ці не стаў бы «дарагі Пятро Міронавіч» ахвярай гарбачоўскіх кадравых ратацый яшчэ ў сярэдзіне 1980-х? Тады ў саюзным кіраўніцтве адбыліся змены, супастаўныя па маштабах са сталінскімі чысткамі 1930-х — толькі без расстрэлаў і пасадак. Ці не выглядаў бы на ўздыме перабудовы састарэлы Пятро Міронавіч аскепкам брэжнеўскай сістэмы?
Такім яго запомнілі. Фота:Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.