Лістапад 2018. Рэйтынг наведвальнасці беларускіх інфармацыйных сайтаў ЛІЧБЫ
06.12.2018 / 12:35
«Наша Ніва» публікуе рэйтынг папулярнасці беларускіх інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў за лістапад 2018 года.
Гэты спіс базуецца на адкрытых звестках партала Similarweb.com. Ён дазваляе любому ахвотнаму даведацца пра папулярнасць сайта і ўбачыць, колькі карыстальнікаў яго адкрывалі за мінулы месяц і колькі старонак у сярэднім яны чыталі. Калі перамножыць гэтыя лічбы, атрымаецца колькасць прагледжаных старонак. Напрыклад, паводле Similarweb, за лістапад «Наша Ніва» мела 5, 5 мільёна праглядаў.
Дадзеныя іншых лічыльнікаў могуць адрознівацца, напрыклад, Google Analytics налічыў «НН» 7,1 мільёна праглядаў.
Дадзеныя ад Similarweb.com больш дакладныя для буйных парталаў, з меншымі сайтамі імавернасць статыстычнай памылкі павялічваецца. Таксама сістэма не ўлічвае прагляды так званых AMP-старонак.
Уласнікі некаторых сайтаў далучаюць да свайго профіля ў Similarweb акаўнт Google Analytics. У такім разе можна паглядзець дадзеныя аб праглядах ад абедзвюх сістэм. Аднак рэйтынг мы фарміруем толькі па лічбах ад Similarweb.
Папярэднія месяцы мы не складалі падобныя спісы, бо сітуацыя на інтэрнэт-рынку Беларусі істотна змянілася праз уплыў сэрвісу Яндэкс.Дзэн. Расійская карпарацыя прыводзіла на беларускія сайты гіганцкую колькасць карыстальнікаў, часам «папулярнасць» рэсурса за месяц вырастала ў 3-4 разы без прынцыповых зменаў у рэжыме працы рэдакцыі.
Але галоўнае, што Яндэкс перадусім прыводзіў расійскіх чытачоў — з Масквы, Казані ці ўмоўнага Омска.
Анамальныя лічбы наведвальнасці пераварочвалі рэйтынг дагары нагамі, але не змянялі ўплыў СМІ на беларускі інфармацыйны парадак дня.
Цяпер доля трафіку з Яндэкс.Дзэна для большасці сайтаў істотна скарацілася, і сітуацыя нармалізавалася.
Цяпер мы разносім дадзеныя з Similarweb у пяць слупкоў. Што яны азначаюць?
Візіты (сеансы) улічваюць кожны ўваход на сайт кожнага карыстальніка. Калі ў лістападзе вы заходзілі на «НН» кожны дзень, сістэма мусіць падлічыць 30 візітаў.
Наступны слупок — прагляды старонак за візіт. Ён паказвае, колькі навінаў вы адкрываеце адна за адной. У «НН» гэты паказчык самы высокі з усіх медыя, якія трапілі ў рэйтынг.
Прагляды старонак — гэта перамножаны вынік візітаў і прагледжаных старонак за візіт. Па гэтым паказчыку мы і ранжыруем сайты.
Варта звяртаць увагу на долю адмоваў. Часам карыстальнік выпадкова трапляе на ўмоўны «Спутнік» па заманлівай спасылцы — напрыклад, з сацсетак ці з пошукавіка. Адкрывае на некалькі секунд матэрыял і, расчараваны, адразу сыходзіць. Фармальна візіт на сайт быў, але вартасць такога прагляду ніжэйшая, чым ад пастаяннага чытача. У «НН» гэты паказчык з найлепшых — 42%. На адваротным баку «Спутнік» і «СБ. Беларусь сёння» — 75% іх наведнікаў сыходзяць адразу.
Іншы важны паказчык — доля візітаў з Беларусі. Калі СМІ мае менш за палову візітаў з Беларусі, то ці варта лічыць яго беларускім? У наш рэйтынг такія медыя не трапілі. Гэта баранавіцкі «Інтэкс-Прэс», Куку.org, Ej.by, Interfax.by, а таксама сайты тэлеканалаў АНТ і СТБ.
Для навіновага складніку Тут.бая і Анлайнера падрабязная статыстыка не прыводзіцца, бо яе няма ў агульным доступе. Лічба прагледжаных старонак у іх выпадку — сума прагледжаных старонак у кожным з падраздзелаў.
У рэйтынг уключаныя сайты, якія маюць больш за 1 мільён прагледжаных старонак за месяц.
№ | Сродак масавай інфармацыі | прагляды старонак | візіты | прагляды старонак за візіт | доля адмоваў | доля візітаў з Беларусі |
1 | Навінныя падраздзелы Tut.by — навіны, фінансы, аўто, спорт, ледзі, 42, нерухомасць, афіша | 96,56 | ||||
2 | Навінныя падраздзелы Onliner.by — людзі, нерухомасць, аўто, тэхналогіі | 37,78 | ||||
3 | Pressball.by / Прессбол | 6,83 | 1,93 | 3,54 | 47% | 73% |
4 | Kp.by / Комсомольская правда в Беларусі | 6,68 | 2,1 | 3,18 | 65% | 74% |
5 | NN.by / Наша Ніва | 5,50 | 1,51 | 3,64 | 42% | 81% |
6 | Gazetaby.com / Салідарнасць | 4,73 | 1,94 | 2,44 | 73% | 52% |
7 | By.tribuna.com / Трыбуна | 4,36 | 1,33 | 3,28 | 45% | 86% |
8 | Belaruspartisan.by/ Белорусскій партізан | 4,34 | 1,36 | 3,19 | 55% | 79% |
9 | Belta.by / БелТА | 3,86 | 1,82 | 2,12 | 60% | 76% |
10 | S13.ru (Гродна) | 3,47 | 1,19 | 2,92 | 44% | 89% |
11 | Sputnik.by / Спутнік Беларусь | 3,43 | 2,27 | 1,51 | 74% | 54% |
12 | Belnovosti.by / Белорусскіе новості | 2,90 | 1,88 | 1,54 | 77% | 59% |
13 | Naviny.by / Навіны | 2,78 | 1,27 | 2,19 | 73% | 86% |
14 | Citydog.by | 2,73 | 1,18 | 2,31 | 62% | 76% |
15 | Udf.by | 2,65 | 0,74 | 3,58 | 54% | 83% |
16 | Virtualbrest.by / Віртуальный Брест | 2,58 | 0,73 | 3,54 | 39% | 95% |
17 | Gomel.today / Сільные Новості (Гомель) | 2,55 | 0,89 | 2,87 | 57% | 85% |
18 | Sb.by / СБ. Беларусь Сёння | 2,48 | 1,34 | 1,85 | 75% | 81% |
19 | Tvr.by / Белтэлерадыёкампанія | 1,72 | 0,78 | 2,2 | 53% | 87% |
20 | Belsat.eu / Белсат | 1,25 | 0,62 | 2,01 | 65% | 60% |
21 | Svaboda.org / Радыё Свабода | 1,04 | 0,47 | 2,22 | 59% | 75% |