Міліцыя запрашае сфатаграфавацца з «Мінскім гарадавым»
05.12.2018 / 16:11
На сайце МУС Беларусі ёсць старонка, прысвечаная музею гэтага ведамства. Там прапануецца цалкам бясплатна наведаць 5 залаў музея, дзе можна даведацца аб ахове правапарадку ў часы Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, пазнаёміцца з дзейнасцю беларускай міліцыі ў 1917 - 1939 гадах, вывучыць працу міліцыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і многае іншае, звяртае ўвагу kp.by.
Таксама тут паведамляецца, што недалёка ад будынка музея МУС на вуліцы Гарадскі Вал ўстаноўлена скульптурная група «Мінскі гарадавы». «Гэта ўдалае месца для памятнага фотаздымка», - паведамляецца на сайце МУС.
Скульптура «Мінскі гарадавы» стала адной з самых вядомых у сталіцы дзякуючы нядаўняму скандалу. На сайце МУС з'явіўся відэаролік, дзе 16-гадовы ліцэіст Арсеній просіць прабачэньня перад скульптурай. Паведамлялася, што хлопец «з хуліганскіх меркаванняў нанёс удар рукой па твары скульптурнай кампазіцыі». Яго затрымалі, склалі адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства. Пазней было прынята рашэнне аб закрыцці адміністрацыйнай справы. Потым ля скульптуры ўзнік своесаблівы флэшмоб з ахвотных сфатаграфавацца.