Расстралялі аднаго з магілёўскіх «чорных рыэлтараў»
27.11.2018 / 17:53
Выкананы смяротны прысуд Сямёну Беражному, які быў асуджаны да смяротнага пакарання Магілёўскім абласным судом 21 ліпеня 2017 года. Пра гэта паведамілі сваякі Беражнога, піша spring96.org.
Сямён Беражны. Фота: tut.by.
Нагадаем, па прысудзе Магілёўскага абласнога суда 21 ліпеня Ігар Гершанкоў і яго жонка Таццяна Гершанкова абвінавачваліся ў здзяйсненні забойстваў і падрыхтоўцы да здзяйснення забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Таццяну Гершанкову дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недэнамінаваных рублёў.
Удзельнікам злачыннай групоўкі былі вынесеныя наступныя прысуды:
- Ігару Гершанкову — найвышэйшая мера пакарання — расстрэл;
- Сямёну Беражному — найвышэйшая мера пакарання — расстрэл;
- Таццяне Гершанковай — 24 гады турмы з канфіскацыя маёмасці;
- Барысу Калеснікаву — 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.
Што тычыцца Ігара Гершанкова, то яго маці ўжо месяц не атрымлівала ад яго лістоў. Хутка маці чакае з ім спаткання, але сітуацыя да канца невядомая.