У Свіслачы аштрафавалі праваабаронцу Віктара Сазонава за тое, што прысутнічаў на акцыі ў гонар паўстанцаў 1863 года

24.11.2018 / 19:16

23 лістапада ў Свіслачы прайшоў разгляд адміністрацыйнай справы гарадзенскага праваабаронца Віктара Сазонава, перадае «Гарадзенская вясна».

Разглядаў справу старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін.

27 кастрычніка Віктар Сазонаў прыехаў у Свіслач і Якушоўку на Дзень памяці паўстанцаў 1863 года выключна як праваабаронца весці маніторынг гэтага фэсту. Ён прысутнічаў у Свіслачы, назіраў за мерапрыемствам і рабіў фотаздымкі. Характэрна, што ні ў адным з рапартаў міліцыі не адлюстравана, што Віктар Сазонаў нешта рабіў на гэтай акцыі. Аднак у міліцыі склалі пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне. 

На судзе супрацоўнік міліцыі маёр Аляксандр Мацкевіч сведчыў пра тое, што Сазонаў ішоў у калоне прыехаўшых з могілак у цэнтр Свіслачы да помніка Кастусю Каліноўскаму. Насамрэч гэтага не было, што і пацвердзіў прагляд відэаматэрыялаў. Пасля гэтага Віктар Сазонаў заявіў хадайніцтва пра прыцягненне сведкі да адміністрацыйнай адказнасці за даванне ілжэсведчанняў. Аднак суддзя Шылін праігнараваў гэтае хадайніцтва.

Сведкам на працэсе паводле хадайніцтва Сазонава выступіў грамадскі актывіст Уладзімір Хільмановіч, які засведчыў, што 27 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі ўсе былі ў цывільным, ніяк не прадстаўляліся, нікога не папярэджвалі пра нейкія правапарушэнні і адміністрацыйную адказнасць. А адзін з міліцыянтаў лейтэнант Павел Кедзік у Якушоўцы паводзіў сябе правакацыйна да прыехаўшых, нахабна лез з відэакамерай у твары прысутным.

Тым не менш, паводле часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП суд аштрафаваў Віктара Сазонава на 15 базавых велічынь, што складае 367 рублёў 50 капеек.