Блогерка Лера Яскевіч пра родны Багушэўск, фанатаў і мацюкі — поўная тэкставая версія відэаінтэрв'ю
Госцяй трэцяга выпуску праграмы «Ток/Talk» з Адар’яй Гуштын стала папулярная блогерка Лера Яскевіч. Прыводзім поўную тэкставую версію размовы.
24.11.2018 / 16:34
Лера і папулярнасць (00:38)
— Хачу пачаць з пытання пра папулярнасць. Я глянула перад нашай сустрэчай: у цябе 549 тысяч падпісантаў у ютубе. Памятаеш момант, калі ты сказала: «Ваў! Мяне глядзяць тысячы, а часам мільёны!» Што ты адчула?
— Ведаеш, кожны момант, калі надыходзіць нейкая жаданая лічба (першая лічба — гэта была 50 тысяч падпісчыкаў, самая-самая першая — увогуле толькі 10 тысяч), ты кожны раз гэтага чакаеш, але ў пэўны момант ты гэтага чакаеш, а пасля забываеш абсалютна. А калі гэта надыходзіць, ты адчуваеш радасць, нейкую вялікую ўдзячнасць да людзей, якія цябе глядзяць, але лічыш, што гэта недастатковая мэта: а вось у кагосьці болей. Класна, што ў цябе столькі ж, але гэта ўсё роўна нічога не значыць. Час ідзе, здаецца, ужо 500 тысяч падпісчыкаў. Памятаю, мы сядзелі з Аняй за сталом, я кажу: «Аня, 500 тысяч падпісчыкаў — ты проста ўяві!» — «Ну так, 500». І ўсё. Будзе мільён? Я не ведаю. Гэта нейкая радасць, але лічбы — гэта ж лічбы. Вельмі важная колькасць людзей, якія глядзяць цябе.
Лера Яскевіч.
— Ты адчуваеш папулярнасць у сваім жыцці? Тваё жыццё змянілася? Ты можаш спакойна высці на вуліцу або цябе пераследуюць: «Лера, можна сэлфі?» Як гэта адбываецца?
— Насамрэч, я вельмі часта дома сяджу. Калі мы ўрэшце выбіраемся ў горад, мы выбіраемся з Аняй у машыне, выйдзем куды-небудзь, паядзім, па справах, туды-сюды.
Апошнім часам адзіная сітуацыя, якая мне насамрэч не спадабалася, неяк мяне расстроіла: я ехала ў цягніку з Багушэўска на Мінск, узяла пасцель, паспала, устала, калі мяне разбудзілі. Прыязджаю ў Мінск, гляджу ў свой інстаграм, у дайрэкт-пазнаках, мяне дзяўчынка сфатаграфавала, калі я сонная ў тэлефоне сяджу, пішу: «Аня, сустрэнь мяне». Яна напісала: «Еду з Лерай Яскевіч у цягніку!» Я думаю: што гэта? Чаму ты не можаш сказаць: «Прывет! Ты Лера? Я цябе ведаю, давай сфатаграфуемся», ці нешта такое. Я пасля ёй напісала: гэта непрыгожа. Яна: «Ой, прабач, калі ласка». Проста людзі не разумеюць, што яны ўмешваюцца ў чужую прастору. Але пакуль гэта мяне не моцна турбуе.
Пра родны Багушэўск (03:15)
— Ты ўзгадала пра Багушэўск, я ніколі не была ў Багушэўску. Калі ўявіць, што я хачу туды з’ездзіць, што гэта за горад, што я там убачу?
— Гэта такі пасёлак гарадскога тыпу. Ты прыходзіш такі з вакзала і нічога не бачыш, толькі вуліцы. У нас неяк помнік стаяў — яго прыбралі. Направа пойдзеш — сустрэнеш міліцыю, у нас там такі «міліцэйскі цэнтр», налева пойдзеш — там цэнтр, дзе пастаянна стаіць ялінка, знаходзіцца мая школа, крамы — просты пасёлак, няма ніякіх забаўляльных месцаў: шаурмы ты там не купіш, кавы таксама. Проста такі ўтульны сельскі пасёлак.
— У цябе заўсёды была мэта вырвацца з Багушэўска, з’ехаць кудысьці? Ты разглядала варыянт, што ты будзеш там жыць?
— Мабыць, варыянту, што я застануся тут жыць, у мяне ў галаве не было, бо я разумела, што вось я закончу школу, мне трэба будзе некуды паступіць, працаваць, далей нейкія няясныя планы, але больш-менш нейкія выразныя (парадокс нейкі!). Не ведаю… «Я хачу адсюль выбрацца, бо тут у мяне няма шанцаў!» — такога ў мяне ніколі не было. Але я разумела, што хачу ў Мінск, сталіцу, бо тут болей магчымасцяў, тут больш людзей, нейкіх знаёмстваў. Так яно і аказалася. Ты жывеш у Багушэўску — хвіліна доўжыцца гадзіну, тут усё наадварот.
Першыя ўражанні ад Мінска (04:49)
— Памятаеш, ты прыехала ў Мінск, твае першыя ўражанні якія былі? Проста я памятаю, калі я першы раз прыехала ў Мінск, мяне найбольш уразіла метро, бо я таксама з невялікага горада, і мне было страшна: гэты натоўп проста ідзе на мяне, куды мне дзецца. Якія ў цябе былі ўражанні?
— Я першы раз прыехала нават не на цягніку, а на машыне. Я ўбачыла ўніверсітэт, з верху ў ніз, пабачыла кавярні, паспрабавала каву, Аня пачаставала мяне какавай, я такая: «Госпадзе, какава!» Пахадзіла па вуліцах, мне ўсё спадабалася. Але калі я спусцілася ў метро, я вельмі спужалася, бо не ведала, што, куды гэтыя жэтоны, мне сказалі, што там б’юць па нагах, калі што не так. Я думаю: госпадзі, абы толькі мяне не ўдарыла. Калі я больш-менш навучылася катацца на метро, я зразумела, што ў мяне нейкі панічны страх пачынаецца, калі я крыху забяруся не на тую станцыю. Адну памылкова праеду, бо задумалася. Я неяк выйшла не на сваёй станцыі, на адну болей праехала, і зразумела, што ў мяне нейкая паніка, хаця мне проста трэба ў адваротны цягнік праехаць да сваёй станцыі. Вось.
— Ты адчуваеш ужо зараз у Мінску сябе камфортна, гэта твой горад? Альбо ўсё адно як госць? Ці ты ўжо тут свая?
— Так, мне здаецца, што я ўжо тут свая, у мяне з’явілася тут свая сям’я, якая складаецца з двух людзей, — я і Аня. Я сябе вельмі камфортна тут адчуваю, няма такога, што я хачу адсюль з’ехаць. Ёсць такое, што я хачу пабачыцца з бацькамі. Я люблю Багушэўск гэтаксама як і Мінск цяпер.
— Я глядзела адзін з тваіх ролікаў, дзе ты кажаш: «Я так хачу пакупацца, але я не ведаю нават, ёсць у гэтым горадзе дзе пакупацца?»
— Т-а-а-а-а-к, я люблю купацца! Я не ведаю, у Багушэўску ёсць аж — раз, Рыбненскае, Серакаратнянскае, Лясное ёсць возера — у нас вельмі шмат азёр. Ты крыху праехаў, туды-сюды — і ты купаешся, выбіраеш сабе добры пляж. Я люблю ваду, люблю купацца, адчуваць: я русалка. У Мінску я не ведаю, дзе купацца, ведаю, што ёсць аквапаркі, а дзікі вадаём?
— У Мінску ёсць кавярні, але няма дзе пакупацца — трэба чымсьці ахвяраваць.
— Для гэтага яшчэ і час патрэбен.
Пра булінг у школе (07:11)
— Хачу спытаць у цябе пра Багушэўск, пра тваю школу, бо ў некаторых інтэрв’ю, можа нават на «Х-фактары», ты казала, што ў цябе былі канфлікты з аднакласнікамі. Я гэта слухала і думала: «Блін, што ў яе могуць быць за канфлікты? Яна такая мілая!» Я нават не знайшла ніводнага адмоўнага каментара пад тваімі відэа, бо, мне здаецца, твае гледачы пішуць выключна: «Лера, ты анёл у гэтым цёмным свеце!» За што цябе можна было ненавідзець, за што цябе можна было зневажаць? Што там была за сітуацыя?
— Па-першае, мне здаецца, тое, што адбываецца на відэа, — гэта нейкія максімальна чыстыя эмоцыі, звязаныя ў мяне з нейкай песняй. Мяне ж не бачаць людзі ў крытычных сітуацыях або ў сітуацыях, калі я злуюся. Яны не ведаюць, што мяне выводзіць, таму ў іх выключна прамое бачанне мяне праз нейкае відэа. Цяпер я гэта выпраўляю, паказваю, што вось, дзяўчаты і хлопцы, усё не так ужо і ідэальна.
З аднакласнікамі ў мяне быў складаны момант, ведаеш, усе растуць, у кагосьці нейкія іншыя інтарэсы з’яўляюцца. І проста я не ўпісалася ў карціну. Я проста часам аналізую: я глядзела амерыканскія фільмы, дзе такія крутыя дзяўчынкі ходзяць, і я, мабыць, занадта выпендрывалася, і ўсім вакол мяне гэта не падабалася. І яшчэ я была занадта крыўдлівая, я гэта ведаю. Мне неяк сказалі: «Лера, ты вельмі крыўдлівая», — і я вельмі старалася працаваць над сабой. Такія нейкія моманты адбываліся. Я памятаю, што наша сяброўства з аднакласнікамі адбывалася нейкімі наплывамі: то мы сябруем, то мы не сябруем. І гэта нармальна, бо ў мяне, акрамя маіх аднакласнікаў, былі сябры па-за школай, старэйшыя за мяне, мне было прыемна і камфортна з імі стасавацца.
— У цябе былі сітуацыі, што ўвесь клас супраць цябе? Што ты не хочаш ісці ў школу, табе страшна?
— Каб страшна, такога не было. Мне непрыемна знаходзіцца ў гэтай абстаноўцы, бо я ведаю, што сёння са мной ніхто не будзе камунікаваць, і я проста не бачу ў гэтым сэнсу — і я прагульваю (так, я прагульвала школу, па-майстэрску). Дзякуй богу, мая мама разумела мяне вельмі добра з гэтым. Я магла сказаць: «Мама, мне вельмі дрэнна, я не хачу з імі сёння кантактаваць». Мама ведала пра мае нейкія канфлікты і разумела мяне добра.
— Ты разбіралася сама ці ты ўцягвала бацькоў?
— Не-е-е, якія бацькі, вы што! Гэта ж мае праблемы, мае праблемы з маімі аднакласнікамі. Крый божа ўмешваць бацькоў, гэта было б яшчэ горш, мабыць. Усе б пачалі: «Яна ўмешвае бацькоў!» Што?!
— Можаш узгадаць, як ты з гэтых сітуацый выходзіла? Калі цябе глядзіць хтосьці, хто аказваецца ў такой сітуацыі, а ў такой сітуацыі аказваюцца многія, асяроддзе бывае даволі жорсткае. Як сябе паводзіць у такой сітуацыі?
— Я, насамрэч, рабіла няправільна, вельмі няправільна: я іх падкупляла, я іх карміла. Я проста згладжвала абставіны так: «Ой, Уладзя, хочаш булачку?» — або яшчэ што-небудзь. Неяк так завязвала стасункі. Гэта няправільна.
— А правільна?
— Я не ведаю, як правільна. Мне здаецца, правільна проста не ўмешвацца ў іх нейкія тэмы, калі ёсць нешта агульнае, проста знаходзіць гэта і паказваць, што я свой чалавек, нам ёсць пра што пагаварыць, ёсць што зрабіць разам. Не хочацца варушыць мінулае, бо цяпер у мяне добрыя стасункі з тымі, з кім я хацела стасавацца ў школе.
— Большасць тваіх аднакласнікаў, сяброў з Багушэўска — яны з’ехалі адтуль? Ці яны працягваюць там жыць?
— Большасць? Так, проста нехта вучыцца ў Віцебску — гэта вельмі блізка ад Багушэўска, і няма цяжкасці сесці на цягнік вечарам і паехаць дадому.
— Але я правільна разумею, што моладзі там няма чаго лавіць?
— У Багушэўску? Так, там проста няма чаго рабіць: там няма дзе працаваць, няма дзе бавіць час, ты можаш дома сядзець, тэлевізар глядзець ці сабрацца кампаніяй дома ў каго-небудзь.
Пра небагатае дзяцінства, калі хлеб з соллю здаваўся нерэальна смачным (11:28)
— Зараз вяртаецца мода на 1990-я, гэта можна бачыць у адзенні, нават музыцы дзесьці.
— Кліпы…
— Кліпы. Ты штосьці ведаеш пра 90-я? Ты амаль не заспела гэты час (скажам, што Лера 1999-га года нараджэння), ты ўжо пакаленне 2000-х, але хтосьці ты ведаеш пра той час, што табе расказвалі, якія ў цябе ўражанні?
— Манетачка кажа, што ў 1990-я забівалі людзей. А мама з татам гаварылі, што раней (як гэта называецца?) рэкет быў, то бок мае бацькі пра нешта такое размаўлялі, а я такая: «Што? Няўжо фуры спынялі і кагосьці забівалі?» А ў нас ёсць людзі, якія ў турме толькі адсядзелі і нядаўна выйшлі з такіх рэчаў розных цікавых. Не вельмі я ў гэтым разбіраюся. Мама проста расказвала, што прыязджалі нейкія людзі да нас у Багушэўск, прывозілі рэчы з Амерыкі, нейкія маечкі са стразамі, на іх напісана нейкае слова англійскае, ніхто не ведае, але ўсе думаюць, што гэта крута, а пасля даведваюцца, што там проста капец што напісана. Гэта ўсе мае веды пра 1990-я.
— Такая асацыяцыя ў большасці, што 1990-я — трошкі галодныя часы, а 2000-я — гэта ўжо сытыя часы. Ты памятаеш сваё дзяцінства? Я табе патлумачу. Паміж намі 10 год розніцы. Я памятаю, што ў нас нельга было проста так пайсці і ў любы момант купіць цукеркі, мандарыны былі толькі на Новы год. Такія рэчы сёння могуць здавацца дзіўнымі, у той час гэтага ўсяго не было. У вашым дзяцінстве было «ізобіліе і достаток» альбо не?
— Не, канечне. Я нават памятаю часы, калі мая мама з’язджала на заробкі ў Маскву часта, я жыла то з бабуляй, то з татам, калі ў яго быў час, то са стрыечнай бабуляй (куды толькі мяне жыццё не засылала ў дзяцінстве!). І я памятаю, што я дадому неяк прыходжу са школы, і мне зусім няма чаго есці. І я помню, як я бяру чорны хлеб, пасыпаю яго соллю — і атрымліваю такое задавальненне! Але макарона ў нас заўсёды была. І як толькі я навучылася яе гатаваць — усё пайшло на лад. Вельмі складана, насамрэч, узгадваць, што было ў дзяцінстве. Але я ведаю, што ў бабулі заўсёды было што паесці: грэчка, панцак, усялякія кашы — яна заўсёды з нічога зробіць феерычна! Тое самае мой тата.
Пра адносіны з бацькамі і бабулю, якая чытае твітар (14:08)
— Як бацькі ўспрымаюць тое, чым ты займаешся, твой поспех: усур’ёз ці насцярожана?
— Яны мной ганарацца моцна, кажуць, што я малайчына.
— Бабуля разумее, чым ты займаешся?
— Бабуля? Канечне! Яна сочыць, яна глядзіць маё відэа, лайкае мае фатаграфіі «Укантакце», яна нават чытае мой твітар часам, што мне не вельмі падабаецца. Яны ўсе за мяне — і гэта крута. Ніякіх канфліктаў! Я гэта абажаю. Часта ўсе расказваюць, нейкія людзі вядомыя: вось, у мяне былі праблемы з бацькамі, мне ўсё забаранялі, і я сам, з нізоў, без нікога ўсё зрабіў. А мяне заахвочвалі. Вельмі крута, што бацькі ў дзяцінстве пабачылі гэтую дзікую, вар’яцкую, ненармальную энергію. Я ж крыху, зусім крыху «таго». Я, можа быць, дзесьці спакойная, дзесьці ненармальная. Але творчасць заўсёды была са мной: я пела па начах, у сне, днём, раніцай, іду ў садок — паўсюль. Можа быць, таму мяне і не любілі, бо я паўсюль пела, я такая выскачка, мабыць, па-творчы была. Хаця? Пасля мяне як прымялі (смяецца)!..
Пра два заходы ў музычную школу (15:26)
— У цябе былі два заходы ў музычную школу. Гэта даволі дзіўна, бо людзі звычайна першы раз бягуць, і іх туды ўжо не загоніш. Табе музычная школа штосьці дала, гэта адукацыя або дарма патрачаны час? Як бы ты зараз гэта ацаніла?
— Гэта дакладна не змарнаваны час. Першы раз калі я пайшла ў музыкальную школу, я наглядзелася фільмаў, у нас ішоў Цыплячы Пух, там дзяўчына цудоўна грала на флейце — я вельмі хацела на флейту. Я пайшла ў музыкальную школу, на флейту не змагла, мяне адправілі на фартэпіяна, я была вельмі маленькая, клас трэці, мабыць, я пайшла ў музычную школу — у тут у мяне пачаліся вялікія праблемы са звязкамі, мяне пачалі вазіць па бальніцах, я гэта дрэнна памятаю, насамрэч. І мне тады сказалі, што мне нельга спяваць. Проста нельга. А калі нельга спяваць, то я і не хачу хадзіць у музычную школу, бо я на гэтым фартэпіяна пальцамі ваджу толькі для таго, каб на хор прыйсці. Неяк я перастала хадзіць у музычную школу. Пасля неяк крыху падрасла. Старэйшая школа, пяты клас — і я хачу зноў вярнуцца, і хачу вярнуцца на гітару. Не ведаю чаму. А! Ведаю: я паглядзела серыял «Універ», там Кузя граў на гітары. Я думаю: калі ён прыдумляе песні, граючы на гітары, то я таксама змагу. Мяне гэта думка вельмі зматывавала пайсці граць на гітару. Але на гітару шлях з церняў… (Так, не тыя словы, я проста вельмі люблю казаць не тыя словы.)
— Цярністы.
— … цярністы шлях да гітары мне давялося прайсці праз домру. Мне казалі: спачатку на домры навучыся іграць, а пасля ўжо гітара будзе. У выніку, ведаеш, калі табе даюць адно, а ты хочаш іншае, гэта не ўспрымаецца маладым арганізмам, асабліва такім характарным, які любіць абурацца, думае, што ўсё правільна (кашмар!). Проста я радзей наведвала заняткі, яшчэ ўзнік канфлікт з выкладчыкам па хоры — і я проста закінула.
— Табе не сніцца сальфеджыа ў кашмарах? Гэта мой страшны сон.
— Не, не сніцца. Сальфеджыа, насамрэч, вельмі складанае. Я дайшла да фінальных экзаменаў, калі табе атэстат выдаюць, але ў мяне няма адзнакі па сальфеджыа. Я прыйшла на экзамен, выцягнула білет. Я паглядзела на білет, паглядзела на выкладчыкаў, сказала: я нічога не ведаю. Яны мне: Лера, ну пабудуй нам тое і тое! А я:??? І мне не паставілі адзнаку нават.
Пра адносіны з менеджаркай Ганнай Навіцкай (17:57)
— Давай вернемся ў час, калі ты прыехала ў Мінск. Ты даволі частка і зараз у размове, і ў сваіх відэа расказваеш пра Аню, хачу ў цябе распытаць пра яе больш. Аня тут ёсць, можа быць, мы яе пакажам. Вы сябры? У некаторых відэа ці інтэрв’ю ты казала, што Аня ледзь не замяніла табе маму. Што гэта за адносіны, можаш расказаць?
— У першую чаргу, яна мне сябра. Недзе ўжо, ведаеш, сястра. У нейкіх момантах яна такая «мамачка» — «я цябе зараз так адвыхаваю!». Проста яна ў гэтых рэчах, музыкальных (шоу-бізнэсам гэта нават не назваць), у здымцы, усё гэта. Яна ў гэтым больш разбіраецца, чым я, бо я ж дурнічка, я люблю паводзіць сябе неяк няправільна. Яна мне тлумачыць, што і як рабіць. У такіх рэчах яна мне як маці, менеджар, прадзюсар.
— У вас нейкія дамоўныя адносіны, гэта неяк прапісана ці вы проста сябры?
— У нас ёсць кантракт? Не. Мы разумеем, што мы — творчасць, і ўсё, што мы робім, усё, чым мы сябе акружаем, наша будучыня. Мы ствараем, і мы разумеем, што зробім гэта разам, максімальнай якасці. Не бачым адна без адной. Прынамсі, я.
— Аня, як прадзюсар, можа табе сказаць: «Лера, ты так не будзеш рабіць» — і ты павінна будзеш нешта не рабіць? Альбо тваё меркаванне апошняе?
— Мне здаецца, гэта ўсё кампрамісныя рашэнні, ёсць жа яе бок бачання, а ёсць і мой. Я ж як чалавек не прыглушу ўсе свае якасці. У мяне, напрыклад, ёсць пазіцыя: я ненавіджу выстаўляць сябе тым, кім я не з’яўляюся. Калі ў мяне ёсць настрой быць нейкай загадкавай, дзіўнай, я ёй буду. Часам гэта не да месца. Таму мы размаўляем і вырашаем, што ды як.
Пра каверы, што прынеслі вядомасць, і ўласныя песні (20:06)
— Хачу спытаць у цябе пра каверы, якія прынеслі табе вельмі шмат падпісчыкаў. З аднаго боку — гэта мільённыя прагляды, з другога боку, мне падаецца, выправі, калі я не маю рацыі, — гэта такая пастка, таму што пасля кавера складана ствараць штосьці сваё, бо гэта могуць параўноўваць: «Лера, ты Каржа праспявала лепш, чым зрабіла свае песні». Ты з гэтым сутыкаешся?
— Так, мабыць, крыху. Зразумела, што ўсе чакаюць ад мяне болей нейкага кавера, ім цікава ўбачыць тое, як я цікава пераспяваю якую-небудзь песню. А я такая: дзяўчаты і хлопцы, мне гэта не цікава. Ёсць такое. Я вельмі хачу пісаць сваю музыку, я саспела і ўжо расцвітаю — то бок не проста саспела. І я зараз іду да гэтага. Складана. (Пытаецца ў Ганны.) Я магу расказаць пра сітуацыю ў Адэсе?
На канцэрце адбыўся не вельмі прыемны для мяне інцыдэнт. Ну як, гэта, можа, нельга назваць інцыдэнтам? Мы спяваем першую палову праграмы — гэта каверы, прычым тыя, якія яны самі просяць. Мы пішам пад пастамі ў ютубе, інстаграм: «Людзі, мы едзем да вас у такі і такі горад, напішыце песні, якія менавіта ў сябе вы хочаце пачуць». І яны скідваюць каверы, якія хочуць пачуць. У Адэсе працую я першую частку праграмы, каверы, плаўна пераходзім да аўтарскіх песень, я спяваю тры аўтарскія песні, разбіваю іх двума каверамі і заканчваю сваёй песняй. І вось калі я слухачам кажу, што засталося дзве песні, адзін кавер і мая аўтарская, усе пачынаюць крычаць: «Ой, давай заспявай Макса Каржа гэта, а давай гэта, а можа быць, гэта, а можа, гэта!» Я стаю такая, я вельмі разгубілася. І мне так і крыўдна, і сумна, і злосць бярэ. І ты такі: «Макс Корж, а пасля мая песня… Зразумейце, прабачце і проста паслухайце». Непрыемны асадак застаўся пасля гэтага.
На якія песні Лера не запіша кавер (22:41)
— Як ты вызначаеш, які менавіта кавер ты будзеш рабіць? Гэта табе кажуць твае слухачы альбо гэта тваё рашэнне, тое, што ты слухаеш, мае значэнне?
— Ну канечне, маё рашэнне ўплывае, запішу я кавер ці не. Бо колькі б мне ні пісала праспяваць тое ці іншае, вельмі хайповае, я ж не прасрпяваю Элджэя «Мінімал».
— Бузава.
— Бузава.
— Я не ведаю, можа, ты можаш праспяваць Бузаву?
— Не. Гэта тое, што я магу хадзіць напяваць, калі я мыю кубак для чаю, але не тое, што я хацела б сесці і на гітары пранікнёна выканаць. Бо ў бальшыні сваёй усе песні, якія я спяваю, яны вельмі лірычныя, яны кранаюць мяне. Гэта ж не тыя песні, якія я хачу праспяваць. Я не буду іх спяваць, калі я гэтага не адчуваю. То бок колькі б мяне ні прасілі, праспяваць тую ці іншую песню, абсалютна супрацьлеглую маёй унутранай пазіцыі, я яе не праспяваю. Колькі б праглядаў гэта не прарочыла мне гэтая выдатная знакамітая песня!
Пра свой голас (23:57)
— Ты калісьці казала, што не любіш свой голас, што табе ён не падабаецца. Штосьці змянілася з таго часу?
— Мне здаецца, што ён стаў лепшым. Я і тады, калі ён мне не падабаўся, заўважала, што ёсць моманты, якія я вельмі добра чую ў сваім голасе, і я як бы адчуваю, як сваім целам, звязкамі, іх пачаць выпраўляць або нешта новае паспрабаваць зрабіць. Можа быць, яшчэ ўзрост дае знаць пра сябе, арганізм яшчэ ж фарміруецца, мне толькі 19 год, да якога ўзросту мы, дзяўчыты, фарміруемся, да 21?
— Мне здаецца, я чытала, да 27. Я спадзяюся.
— Так? Я не ведаю, я без паняцця. Мне здаецца, мы доўга расцём. Звязкі, усё гэта фармуецца. Я адчуваю сябе больш упэўненай. Раней у мяне вельмі дрыжаў голас, гэтыя мае метамарфозы, калі я правяраю на сабе нейкую манеру выканання іншага артыста. Калі я слухала The Retuses, я пела крыху неразборлівыя словы, ледзь рот раскрывала. У мяне з’явіўся е-і-і-і-і — гэта проста вельмі не хочацца пераглядаць. А цяпер я разумею, што, як у песнях сваіх, мой стыль выпрацоўваецца. Цяпер мне падабаецца, як я спяваю.
— Ты сама эксперыментуеш ці ў цябе ёсць настаўнікі?
— Сама, усё сама.
— Ты не думала?
— Вядома, думала. Заўсёды пра гэта думаю. Магчыма, у нейкі момант я скажу так. Мы цяпер пішам песню цікавую, вельмі крутую. Мы з Аняй пагаварылі пра тое, што нам, хутчэй за ўсё, спатрэбіцца дапамога педагога, які дапаможа зрабіць проста афігенны момант у песні.
Пра БДУКіМ, аднакурснікаў і выкладчыкаў (26:00)
— Памятаю, глядзела тваё відэа, ты там, па-мойму, яшчэ бландзінка, на кухні, шпалеры з кветкамі. Ты шчыра і вельмі радасна расказваеш: «Я паступіла ва ўніверсітэт, я буду рэжысёрам». Пасля перамотваеш на час, калі ты ўжо вучышся, і такая кажаш: «Божа, як мяне дастала гэта вучоба! Я прапускаю, я, напэўна, хачу сыходзіць». Што адбылося, што не так? Што забіла ў табе жаданне вучыцца? Ты была такая натхнёная!
— Па-першае, я не ведала, што ў мяне з музыкай выйдзе. Гэта быў той момант майго жыцця, каля я бясконца люблю спяваць, але ненавіджу свой голас. Я бачыла творчую спецыяльнасць, якая ў маёй галаве малявала ну такія рэчы! Тым болей я бачыла Аню, якая закончыла гэтую спецыяльнасць — неверагодная дзяўчына, якая ў сваёй галаве можа такія рэчы прыдумаць, што проста дзіву дзівішся. Я прыйшла ва ўніверсітэт, і з музыкай пайшло, бо мы з Аняй ужо сталі працаваць, з юцюбам. Я разумела, што мне не давалі паветра, мяне ніхто не разумеў, у мяне была такая сітуацыя, якая проста мяне забіла, у самым пачатку яшчэ, на першым курсе. У нас былі нейкія рэпетыцыі да паказу, усё добра. Але ў нас быў першы канцэрт у Donati, кватэрнік у кавярні, які мы арганізавалі сваімі сіламі. У нас не было рэпетыцыі ў гэты дзень, я ведала, што будзе канцэрт. Тут нам звоніць мастацкі кіраўнік і ставіць рэпетыцыю. Я яму кажу: «Та-та-ра Та-та-да-віч, (дапусцім), я не магу сёння прыйсці на рэпетыцыю, у мяне канцэрт». Ён кажа: «Мяне не хвалюе твой канцэрт, калі я стаўлю рэпетыцыю, значыць, ты там будзеш!» Я такая: «Не, не буду». Карацей, пагаварылі з ім, здаецца, дамовіліся, але пасля мяне знялі з паловы роляў. Вось такія абставіны. Ты выдаткоўваеш энергію на адно і на другое, хаця пасля я зразумела, што музыка — гэта адзінае, што я хачу рабіць. Чаму б не перастаць сябе траціць на штосьці іншае, што мне замінае аддаць сябе цалкам музыцы.
— Як выкладчыкі і студэнты ўспрымалі тваю папулярнасць?
— Мая група, маі аднагрупнікі — ім пофігу, і гэта крута. Яны мяне могуць сцябаць, накшталт: «Лерка Яскевіч ідзе, паглядзіце!» Нешта такое. Або: «А можна з табой сфатаграфавацца?» — і гэта соты раз за дзень. І ты думаеш: хопіць, калі ласка! Нешта такое. А з выкладчыкамі — не ведаю, усім усё роўна, або не ведалі, або проста пофігу.
Пра заробак $30 і самастойнасць (28:58)
— Ты ў адным са сваіх інтэрв’ю расказвала, што зарабіла 30 даляраў, здаецца, на рэкламе ці на кватэрніку — «усё, я такая самастойная, незалежная, я сказала: мама, можаш мне не перасылаць грошы». Я, калі прачытала, падумала: 30 даляраў — гэта не так і шмат. Для цябе гэта сапраўды былі такія вялікія грошы? У Мінску, скажам шчыра, гэта не вельмі вялікія грошы.
— Так, я цяпер разумею, што гэта зусім нічога. Проста, глядзі, першы курс, я жыву з Аняй, яна плаціць за кватэру, за ежу, мне застаецца аплаціць сабе праезд на трамвай і метро (ой, трамвай? Тралейбус! Ха-ха, да гэтага часу блытаю). Прыходзіць першы заробак, я думаю: 30 баксаў — нармальна! Яшчэ ж стыпендыя ў мяне была, тады мяне яе не пазбавілі яшчэ. Стыпендыя 60 рублёў плюс гэтыя 30 даляраў — я ўвогуле такая была самадастатковая!
— Ты зараз сама сябе забяспечваеш, бацькі не падтрымліваюць цябе?
— З гэтых 30 даляраў я магу прыняць ад іх 100 даляраў на дзень нараджэння, кажу: «Дзякуй!»
— Ты дапамагаеш бацькам?
— Крыху часам атрымліваецца. Калі я зразумею, што я вельмі магу дапамагчы, я гэта, вядома, зраблю.
Пра тое, што ніколі не будзе рэкламаваць, і ганарыстасць блогераў (30:32)
— Я памятаю, што першая твая рэклама, якая з’явілася, было ўражанне, што табе трошкі няёмка: я тут рэкламую, але спадзяюся, што вы мяне не будзеце за гэта моцна асуджаць…
— Так-так.
— Чаму ў цябе было такое стаўленне да рэкламы? Усе блогеры зарабляюць на рэкламе.
— Так, я разумею. Пачала сваю аўдыторыю рыхтаваць да рэкламы яшчэ, мабыць, у Багушэўску, калі я ў 10-м класе была, калі мне кітайскія сайты адзення дасылалі, за бартарную рэкламу, калі мне проста даюць рэчы, а я проста здымаю агляд, у якім магу шчыра сказаць, што ніткі тырчаць, тут гэта не тое, тут тое, мне не было няёмка. Мне было ўжо проста прыкольна, што я магу сябе рэчамі хаця б забяспечыць. Але менавіта з грашыма, калі табе плацяць за тое, што ты кажаш… Не ведаю, у мяне стаяў вялікі бар’ер, што я быццам бы аддаляюся ад сваёй аўдыторыі. Я баялася, што яны мяне няправільна зразумеюць. Разумееш, ёсць блогеры, дапусцім, яны апрыёры дзеткі багатых бацькоў, ім проста няма чаго рабіць, яны займаюцца блогінгам, каб яшчэ медыйнасць нейкую заваяваць. А я разумею, што мае бацькі не могуць мне шмат чаго дазволіць. Але мне і хочацца і колецца. І я да гэтага часу не магу зразумець чаму. Цяпер я стаўлюся да рэкламы абсалютна адэкватна. Гэта праца, якая ў выніку дазволіць зрабіць мне яшчэ лепшым відэа для маіх гледачоў, дапусцім, або запісаць песню, або зняць кліп. Гэта ж афігенна! Гэта магчымасці, якія даюць перспектыву.
— Ёсць рэклама, за якую ты ніколі не возьмешся?
— Канечне ёсць, мабыць.
— Напрыклад?
— Я не магу зараз нічога сказаць, бо ўсю рэкламу кантралюе Аня, мне яна нават не кажа пра такія прапановы, якія б былі для мяне непрымальныя. Але я магу з упэўненасцю сказаць, што датычыцца інстаграма, я ніколі не буду рэкламаваць нейкія асабістыя профілі, мяне гэта вельмі раздражняе. Я гляджу рэкламу розных кавершчыкаў або проста людзей, якія кажуць: «Падпішыся на гэту дзяўчынку, яна прапагандуе ў сваім профілі здаровы лад жыцця! Я вось яе гляджу даўно, мне вельмі падабаецца, свайпіце ўверх, прыходзьце ў профіль, падпісвайцеся, я вам за гэта буду ставіць лайкі», ты проста думаеш: (гераіня ў паветры душыць уяўны вобраз). Мне не падабаецца момант, што людзі на рэкламе набіраюць сабе аўдыторыю. Не, хутчэй за ўсё, у нашым свеце гэта нічога не значыць. Я паступова пачынаю да гэтага спакойна ставіцца. Але, дапусцім, калі я пачынала, для мяне было непрымальна, што я буду камусьці грошы плаціць за тое, каб мяне прарэкламавалі. Яшчэ чаго, блін! Для мяне да гэтага часу непрымальна, калі хтосьці прапануе мне грошы за тое, што я чыйсьці твар прарэкламавала. Калі гэта нейкі брэнд, або нейкая каманда, або студыя, то, вядома ж, гэта прыкольна, калі гэта нейкі праект, гэта цікава. Але рэкламаваць чалавека, які ш інстаграм выстаўляе фатаграфіі свайго азадка, або сонца, або «паглядзіце, якая ежа», або «паглядзіце, я такі здаровы і цікавы чалавек» — no, thank you.
— Ты сказала пра бацькоў, што ёсць мажоры, якія ўсім забяспечаныя, маюць шмат вольнага часу і займаюцца ў тым ліку блогінгам. У цябе не было ніколі крыўдаў, што ў іх больш стартавых магчымасцяў, чым у цябе?
— Не. Мне, наадварот, здавалася, што вы, багаценькія хлопцы і дзяўчаты, у вас усё ёсць, а мне ёсць да чаго імкнуцца. І мне падабаўся гэты момант, што ў мяне будуць перашкоды. Шлях таму ён і шлях, каб яго праходзіць, вучыцца чамусьці, спазнаваць, не губляць сваю чалавечнасць у рэшце рэшт. Бо людзі, у якіх усё ёсць, яны нейкія нахабныя, насычаныя ўсім гэтым жыццём. Я была на фестывалі блогераў. Ходзіш проста — кірмаш пыхлівасці, усе з такімі насамі (паказвае ўверх). А што вы робіце? Вы цікавы чалавек? Вы зрабілі штосьці, што заслугоўвае ўвагі? Можа, выратавалі камусьці жыццё? Або нешта яшчэ? А не разумею гэтую завышаную самаацэнку людзей, якія нічога не зрабілі, проста саскочылі з цягніка, зладзілі дэбош у МакДональдсе — у іх мільён падпісчыкаў. Што гэта? Нейкі маразм сучаснага свету.
Пра мацюкі, страх сцэны і алкаголь (35:19)
— Што ты думаеш пра мат?
— Мат?
— Так, яго стала вельмі шмат.
— Я лаюся вельмі моцна. Я шавец.
— Але мне здаецца, што раней у сваіх відэа ты не лаялася, ты нават у Макса Каржа мацюкі замяняла на цэнзурныя. Што адбылося?
— Праўду кажучы, я ўвесь час мацюкалася, я ў Багушэўску мацюкалася, я шавец — гэта чыстая праўда. Гэта ж непрыгожа. Не хочацца гэта несці ў сталую аснову.
— Я не ведаю. Зараз жа ўся культура, асабліва рэп-культура, пабудавана на …
— Рэп — гэта ж рэп, а я ж я. Проста ўва мне жыве дзве часткі: чорнае і белае, інь і янь, манетка — і яны змагаюцца адна з адной.
— Ты казала таксама пра тое, што табе даволі цяжка даецца выйсці на сцэну, ты доўга перажываеш, хвалюешся. Ты неяк змагла гэта перасіліць або кожны раз у цябе нервы?
— Раней была вельмі высокая ступень боязі сцэны. Калі б гэта было неяк па-навуковаму вывучана, то гэта была б лічба 100, ладна, 10, адкінем адзін нуль, дэнамінуем. Мяне трэсла за суткі ўжо, сны сніліся пра тое, як я выходжу на сцэну, як у мяне нешта не атрымлівацца. Я нядаўна ўзгадала, што ў мяне быў страх забыць словы. І я ўзгадала гэты страх, і цяпер ён мяне крыху падкалупвае: памятаеш, ты любіла забываць словы? Ужо лягчэй. Я магу выйсці. Магчыма, ператрасе крыху, але гэта залежыць ад абставінаў. Калі ўжо зараз я выходжу да сваёй аўдыторыі, у мяне ўжо ёсць нейкае пачуццё ўсвядомленасці таго, што яны прыйшлі паглядзець на мяне і яны ўжо будуць добра да мяне ставіцца. Гэта мяне супакойвае, і я магу такая (дрыжыць) не выходзіць. Але мяне неяк усё роўна (дрыжыць) за тры гадзіны да канцэрта.
— Як ты з гэтым спраўляешся?
— Келіх віна.
— Ух ты!
— Не, сур’ёзна. Гэта дапамагае, гэта расслабляе мозг, бо ў віне ёсць фермент, ён крыху ўсыпляе, канечне, што не вельмі добра, але калі келіх выпіць, то цябе проста адпускае. Я неяк каньяк паспрабавала — у мяне неяк голас прапаў, гэта было ў Варонежы, — больш я каньяк піць не хачу.
— Што ў цябе ўвогуле з алкаголем?
— Нічога, усё нармальна.
— У сэнсе, ты можаш выпіць ці келіх віна раз на месяц?
— Калі ёсць шмат вольнага часу і ты паспеў парабіць усе свае справы, гэта вельмі рэдка, мы можам з Аняй, напрыклад напісалі песню, мы купім сабе бутэлечку віна або шампанскага, будзем слухаць і абмяркоўваць на будучыню — такія эстэты. Але гэта бутэлька віна або шампанскага. Альбо, дапусцім, у нас быў цяжкі тыдзень, мы сабе купім па 0,5 піва, уключым фільм і будзем сядзець і глядзець, а пасля хутка вырубімся спаць.
— Як часта цябе хвалілі ў дзяцінстве, у школе? Ва ўніверсітэце гэта наколькі прынята?
— Не, мяне ўвогуле не часта хваляць.
— Як ты адчуваеш сябе, калі цябе хваляць, табе камфортна?
— Канечне, мне вельмі прыемна, калі мяне хваляць. Мне здаецца, таму я такая сацыяльная, выкладваю розныя відэа, бо мне хочацца: ну пахваліце, пагладзьце па галоўцы, вось яна я.
Пра каментары і прапановы выйсці замуж (38:41)
— Ты чытаеш каментарыі?
— Канечне!
— Гэта вельмі дзіўна ў нашым жорсткім свеце інтэрнэту, што вельмі мала негатыўных каментароў.
— Госпадзі, дзякуй!
— Але адзін я знайшла. Хаця я не ведаю, гэта негатыўны ці пазітыўны. Нейкі хлопец напісаў: «Прабач, калі ласка, але ты падобная да адной порнаактрысы».
— Сур’ёзна, мне так напісала? Хачу паглядзець на гэтую жанчыну. Мне часта кажуць, што я да кагосьці падобная. Я ўжо збілася ў падліках.
— Ты адказваеш на каментарыі, на тое, што табе пішуць у асабістыя?
— Калі нейкі каментар выклікае ў мяне буру эмоцый — адказваю. Проста вельмі складана адказаць усім, але людзі, якія пішуць у дырэкт, адзначаюць мяне ў сваіх гісторыях, я заходжу да іх у профіді, стараюся паказаць: я была тут.
Пра пагрозы (40:07)
— Гэта праўда, што табе пісалі пагрозы?
— Так, быў такі непрыемны інцыдэнт «Укантакце»
— Што гэта было?
— Не ведаю. Дарослы нейкі мужык, таксама іграе на гітары, мабыць. Вельмі дзіўна, бо ён мне адзін раз неяк пісаў (у мяне памяць на імёны жахлівая, на твары — добрая, і на аватаркі «Укантакце»), я яму адказала нешта: «Прывітанне, дзякуй». Чаму б не адказаць? Я адразу чышчу дыялог з людзьмі, з якімі, я разумею, ніякай камунікацыі далей не будзе. Бо ўсё ж такі хочацца ўдзяляць час тым людзям, якіх ты ўжо ведаеш і любіш. Вось. І тут ён зноў піша, і я адказваю, зноў выдаляю дыялог. І тут ён піша: «Ты падобная да маёй сястры». Я пішу: «Так, прыкольна». Ён мне піша нешта кшталту: «Ты дрэнь! Калі ты станеш невядомай, калі ты ўпадзеш перад усімі, я цябе знайду…» Нешта такое, я не памятаю. Я паказвала паведамленне Ані, я думала: «Якая жэсць!» Мне ўпершыю стала страшна за сваё здароўе.
— Што ты зрабіла?
— Нічога, я яго заблакавала проста. Гэта страшна, калі табе нехта пагражае. Што гэта такое? Якое права вы маеце рабіць замах на маё жыццё?
— А прыемнае што-небудзь пішуць маладыя людзі: «Лера, давай куды-небудзь сходзім…», «Лера, я не магу заснуць — ты мне снішся»?
— Такое пішуць, замуж клічуць часам. Вельмі дзіўна. Няўжо яны не бачаць, што я занятая сваёй працай?
Пра тое, ці жыве ў сэрцы каханне (41:42)
— Ты пісала летам або расказвала, што ты нікога даўно не кахаю, кахання даўно ў маім сэрцы няма. Што-небудзь змянілася за гэтыя паўгода?
— Не. У вольны час я гляджу серыялы, улюбляюся ў акцёраў, і мне гэтага дастаткова. Гэта добры выхад з сітуацыі — ніякіх адносінаў.
— Ты не заганяешся на гэту тэму?
— Заганяюся, канечне, часам. Калі застаюся адна на доўгі час і нічым не занятая. Думаю ўсялякае рознае, але пасля разумею, што гэта ўсё часова, пакуль няма чаго рабіць.
Пра тэлевізар і шоу Перліна (42:21)
— Ці глядзіш ты тэлевізар?
— Не, у Багушэўск калі прыязджаю — гляджу.
— Мне здаецца, што пакаленне тваё, трошкі маладзейшае, яны выкарыстоўваюць тэлевізар толькі як функцыю, праз якую можна глядзець ютуб.
— Так.
— Я таксама так раблю. Але я бачыла цябе ў шоу Перліна — не, правільна сказаць шоу «Макаёнка, 9». Напрыклад, Ціма Беларускіх адмовіўся, ён сказаў, што яму гэта не цікава, я не ведаю яго дакладнай матывацыі, але, можа быць, таму, што новае пакаленне жыве ў ютубе і ніякім чынам не хоча сябе асацыяваць з такім «старарэжымным» тэлевізарам. Што ў цябе на гэты конт?
— Новае пакаленне зашмат на сябе бярэ, мне здаецца. Што вам значыць прыйсці выступіць? Вы былі на «Макаёнка, 9»?
— Я толькі праз ютуб гэта глядзела.
— Там жа класна. Для мяне, як для артыста, які толькі гэта ўсё пачынае, вельмі прыкольна пабываць на ўсялякіх шоу, беларускіх, рускіх, пабачыць гэтую кухню знутры, як гэтыя камеры ездзяць, быць гатовым да чаго-небудзь, гэта ж цікава, цябе развівае як творчага чалавека. Why not? Па-мойму, гэта прыкольна. Мне спадабалася выступаць. Тым больш што я выступала з бэндам. У нас была да гэтага рэпетыцыя, за дзень да «Макаёнка». Крута ж!
— Табе было б цікава трапіць у тэлевізар? Не адзінкава, а можа быць, калі б табе там што-небудзь прапанавалі, кароткі блок у праграме «Добрай раніцы, Беларусь».
— Я хадзіла ў «Добрую раніцу». Мяне гэта забаўляе, скажу так. Я не бачу нічога дрэннага і ганебнага. Чувакі, раней толькі тэлевізар і быў, аддайце даніну павагі гэтай скрыні.
Чаму ў інтэрв’ю няма нічога пра палітыку (44:21)
— Перад тым, як мы сустрэліся з табой, дасылалі пытанні. Іх глядзела Аня, іх, напэўна, глядзела ты.
— Не, я не глядзела.
— Нам сказалі, што пра палітыку ў цябе пытаць нельга. І таму я павінна спытаць: чаму ў цябе нельга пытаць пра палітыку?
— Бо я… Такое слова разумнае было ў галаве… і знікла. Вельмі добрае слова, я так хацела яго выкарыстаць у сваім жыцці! Божа, такое слова! Каб я яго хоць раз выкарыстала, я б змагла яго далей ужываць. Аня! Я не?
— Апалітычная?
— Не, не… у гэтым пытанні.
— Кампетэнтная?
— Кампетэнтная! Уху! Я не кампетэнтная ў гэтым пытанні. Я нічога не цямлю ў палітыцы, я разумею, што недзе ідзе вайна, нешта хтосьці ў кагосьці скраў, хтосьці камусьці вінны грошай. Я тут ніякім бокам не кемлю. І мне здаецца, што гэта неяк страшна і складана. У мяне сваіх загонаў — во. І мне здаецца, калі б я яшчэ думала пра палітыку, я б песні не такія пісала, калі б мяне гэта моцна хвалявала.
— Калі ўлады адключаць ютуб, што будзе з табой?
— Я буду далей пісаць сваю музыку. Буду запісваць дыскі, раздаваць іх людзям у метро. Не ведаю. Буду хадзіць з бумбоксам.
— І на «Макаёнка, 9», бо «Макаёнка, 9» не закрыюць.
— Калі ласка, чаму б і не? Знойдзем мы, што рабіць, зноў жа кажу, вакол мяне ёсць выдатныя, прыўкрасныя, цудоўныя людзі, якія думаць над пытаннем, што рабіць, калі адключаць ютуб.
— Дзякуй вялікі, Лера, за размову.
— І табе дзякуй.