У Валгаградзе мантажнік-вышыннік з Гомеля загінуў праз званок на мабільны

16.11.2018 / 19:03

У Чырвонаармейскім раёне Валгаграда загінуў мантажнік з Гомеля. Рабочы сарваўся з вышыні чацвёртага паверха і разбіўся насмерць, паведамляе «Волгоградская правда».

Загінулы з'яўляўся брыгадзірам на будоўлі. Мужчына да таго часу ўжо скончыў працу і спускаўся ўніз. У гэты момант, па словах сведкаў, яму патэлефанавалі. Мантажнік адцягнуўся на тэлефон і сарваўся ўніз.

Медыкі, што прыехалі, даставілі пацярпелага мужчыну ў бальніцу, аднак ноччу ён памёр.

Загінулы рабочы прыехаў у Валгаград на заробкі з Гомеля. Ён выконваў фасадныя работы па атынкоўцы і афарбоўцы.