Міністр абароны Ізраіля сышоў у адстаўку. Ён абвінаваціў урад у капітуляцыі перад тэрарыстамі
14.11.2018 / 15:01
Ізраільскі міністр абароны Авігдор Ліберман заявіў аб тым, што ён сыходзіць з кансерватыўнага кааліцыйнага ўрада прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху. Сваю адстаўку ён патлумачыў «пратэстам супраць перамір'я ў Газе», перадае Reuters. Рашэнне Ліберман агучыў на спецыяльнай прэс-канферэнцыі.
«Я тут, каб абвясціць пра сваю адстаўку ў якасці міністра абароны Ізраіля», — сказаў кіраўнік ведамства.
Напярэдадні ён выступіў супраць дамовы ўрада Ізраіля з палесцінскім ісламісцкім рухам ХАМАС аб спыненні баявых дзеянняў у сектары Газа. Падобныя дзеянні ён назваў «капітуляцыяй перад тэрорам». «Іншых слоў для гэтага няма. Мы купляем кароткатэрміновы спакой для доўгатэрміновай шкоды бяспецы», — падкрэсліў міністр.
Пасля абвяшчэння аб сваім сыходзе Ліберман, як перадае Times of Israel, заклікаў мясцовыя ўлады распусціць урад і правесці ў краіне новыя выбары.