Гаспадар закрытага хутара Літоўка: Мясцовыя жыхары вінавацілі мяне ў сатанізме
Адзін з самых містычных і прыгожых хутароў у Беларусі, які вабіў сваёй загадкавасцю і непаўторнасцю, закрываецца.
05.11.2018 / 19:54
Фота: Intex-Press.
Пра гэта «Нашай Ніве» расказаў гаспадар сядзібы Сяргей Коваль.
«Я атрымліваю шматлікія скаргі ад людзей. Людзі розныя — меркаванні розныя. Я іх не асуджаю. Гэта іх погляд. Але і змагацца няма сіл. Мяне абвінавачвалі ў сатанізме, у дрэнным уплыве на моладзь, і на тое, што на возеры з-за гасцей сядзібы пастаянныя п'янкі. Калі ўжо ваяваць, то ЗА. Я супраць не ваюю. Цяпер на вароты павесіў замок. Не ведаю, што буду рабіць далей».
Хутар Літоўка месціцца непадалёк ад Наваградка. Гэта гістарычнае месца, апісанае яшчэ ў паэме Адама Міцкевіча «Гражына».
Фінальная сцэна з «Гражыны» увасобленая ў сюжэце, які майстры па просьбе Сяргея Коваля размясцілі на аўтобусным прыпынку. Былая звычайная мясцовая хата намаганнямі Сяргея ператварылася ў адзіны ў сваім родзе комплекс. Тут шмат кованых рэчаў, сцены ўпрыгожаны ляпнінай, у пакоях шмат пазалоты і старадаўніх рэчаў з дубу. Асобны пакой прысвечаны Уладзіміру Высоцкаму, які тут жыў падчас здымак у фільме «Сыны ідуць у бой».
Уваход у сядзібу заўсёды быў бясплатным. «Усё для людзей», — сцвярджаў Сяргей Коваль.
Сядзіба фактычна пераходзіць у могілкі. Сам дамок запоўнены выявамі пачвар, а пасярэдзіне стаіць ложак. Над ім на столі вісіць велізарны шкілет смерці — жанчыны з сівой галавой.
Цяпер на варотах вісіць замок.